01.05.2026 / 13:05

Беларуская мастачка Ксіша Ангелава — пра Чарнобыль, памяць і мастацтва

Выстава «Пакажы мне сваю рану» — гэта даніна памяці ліквідатарам і сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх.
Выстава «Пакажы мне сваю рану» — гэта даніна памяці ліквідатарам і сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх.

3 траўня ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільнюсе адкрыецца персанальная выстава беларускай мастачкі Ксішы Ангелавай «Пакажы мне сваю рану». 40 мастацкіх прац аўтарка прысвяціла 40-годдзю Чарнобыльскай катастрофы — падзеі, якая змяніла не толькі ландшафты, але і само ўяўленне пра бяспеку.

Гэта выстава не пра мінулае як нешта завершанае. Яна пра страх без формы, пра маўчанне, якое накрыла людзей у першыя дні пасля выбуху, і пра неабходнасць ратавацца ад таго, што немагчыма ўбачыць.

Праект вырас з асабістай і сямейнай гісторыі мастачкі, а таксама з архіўных матэрыялаў. У яго аснове — сведчанні людзей, якія памятаюць не толькі сам выбух, але і цішыню, што наступіла пасля яго.

 

«Дзяржава можа падвесці»

Як кажа сама Ксіша Ангелава, Чарнобыль стаў для яе першым сур’ёзным досведам недаверу да дзяржаўных інстытутаў:

«Чарнобыль пераканаў мяне, яшчэ падлетка: дзяржава можа падвесці. Дзяржава можа схлусіць. Можа забіць. Гэта як з бацькамі — калі яны не выконваюць сваіх абавязкаў, а ты не хочаш нават дапусціць такой думкі».

Сёння, адзначае яна, тэма ядзернай пагрозы зноў гучыць у палітычным кантэксце. Але пытанні, якія ўзніклі ў 1986 годзе, застаюцца без адказаў:

«Што змянілася з таго часу? Ці будзе сёння абарона людзей больш эфектыўнай? Ці будзе інфармацыя празрыстай? Ці будзе эвакуацыя своечасовай?»

Адказаў у мастачкі няма. Але, паводле яе, сам факт, што гэтыя пытанні гучаць адкрыта, — ужо крок да адказнасці.

 

Мастацтва як спосаб парушыць маўчанне

Выстава «Пакажы мне сваю рану» — гэта даніна памяці ліквідатарам і сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх:

«Мае 40 прац — гэта мой спосаб парушыць маўчанне. Яны не павучаюць і не запалохваюць. Яны для таго, каб мы маглі сустрэцца і пагаварыць пра гэта».

Ксіша Ангелава працуе на скрыжаванні мастацтва, экалогіі і сацыяльнай памяці. У сваіх праектах яна выкарыстоўвае дакументальныя сведчанні і прыродныя матэрыялы, ператвараючы складаны гістарычны досвед у візуальныя вобразы.

Яе працы — гэта не ілюстрацыі трагедыі, а спосаб зрабіць бачным тое, што звычайна застаецца па-за ўвагай.

 

Праграма выставы

Выстава ў Вільнюсе — гэта не толькі мастацкая падзея, але і серыя сустрэч і дыскусій.

У дзень адкрыцця адбудзецца варштат «Wood, Fire and Writing» — майстар-клас паэта, эколага і арт-крытыка Джайлса Сазэрлэнда. Удзельнікі будуць ствараць натуральныя чарнілы, у тым ліку з дубовых галаў, і пісаць «лісты да дрэва».

6 траўня ў межах выставы выступіць Алан Флаверс — фізік-ядзершчык, які ў 1990-я гады працаваў у Чарнобыльскай зоне і правёў там амаль восем гадоў.

7 траўня адбудзецца паэтычны вечар Джайлса Сазэрлэнда, а 8 траўня — выступ беларускага паэта Дзмітрыя Строцава.

Арганізатары таксама анансуюць музычную праграму, але пакуль не раскрываюць дэталяў.

 

Ад Вільні да Страсбурга

Напярэдадні адкрыцця Ксіша Ангелава прадставіла праект на міжнароднай канферэнцыі «Chernobyl: 40 years later» у Страсбургу.

Паводле яе слоў, у абмеркаваннях удзельнічалі навукоўцы, мастакі, антраполагі і даследчыкі з розных краін. Асноўная тэма — як чалавецтва асэнсоўвае «нябачнае» — радыяцыю, якую немагчыма ўспрыняць непасрэдна.

Асаблівым адкрыццём для мастачкі стала тое, што Чарнобыль — гэта не толькі беларуская ці ўкраінская гісторыя:

«Я зразумела, што за мной уся краіна. І таму я распавядала не толькі пра свае працы, але і пра тое, што ведаю — пра Чарнобыль, пра наступствы, пра людзей».

Яе працы выклікалі моцны водгук: студэнты нават напісалі паэму, натхнёную адным з малюнкаў.

Як адзначае мастачка, у Беларусі гэтая тэма паступова знікае з публічнай прасторы, хоць небяспека нікуды не знікла. Радыеактыўныя працэсы працягваюцца тысячагоддзямі, а забруджаныя тэрыторыі і сёння застаюцца крыніцай рызыкі.

Пры гэтым у калектыўнай памяці адбываецца зрушэнне: для многіх Чарнобыль становіцца візуальным сімвалам — з серыялаў або турыстычных маршрутаў. Але за гэтым вобразам лёгка губляецца досвед людзей, якія перажылі катастрофу.

Выстава ў Вільнюсе — гэта спроба вярнуць гэты досвед у сучасную размову.

Адкрыццё: 3 траўня, 14:00

Варштат «Wood, Fire and Writing»: 15:00

Месца: Цэнтр беларускай культуры (Vilniaus g. 20, Вільнюс)

Даты: 3–19 траўня

Уваход: вольны (вітаецца данат ад 10 €), патрэбна рэгістрацыя

Падзея праходзіць у межах кампаніі да 40-годдзя аварыі на ЧАЭС, ініцыяванай «Зялёная сетка», «Экадомам» і Альянсам «Зялёная Беларусь».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость