Як паведамляе партал Naked Science, насенне знайшлі яшчэ ў 1980-я гады, і ўвесь гэты час навукоўцы не гублялі надзею вырасціць з яго расліну.
Радыевугляродны аналіз насення, знойдзенага ў пячоры ў паўночнай частцы Іўдзейскай пустыні, паказаў, што яно датуецца 993—1202 гадамі нашай эры. Знаходку перадалі ў Цэнтр устойлівай сельскай гаспадаркі (Ізраіль), дзе даследчыкі, урэшце, здолелі яго прарасціць.
Спачатку насенне падрыхтавалі да пасадкі, апрацаваўшы спецыяльнымі растворамі для стымуляцыі росту, пасля чаго пасадзілі ў стэрыльную глебу. Праз пяць тыдняў з'явіўся першы парастак, што само па сабе стала значнай падзеяй.
Навукоўцы лічаць, што гаворка ідзе пра расліна роду Каміфора (Commiphora), якая згадваецца ў біблейскіх тэкстах.
Прыналежнасць расліны да роду Каміфора — сямейства Бурзэравых, вядомых сваімі смалістымі выдзяленнямі, — вызначылі з дапамогай секвенавання ДНК і філагенетычнага аналізу. Хоць расліна не супадае ні з адным з вядомых навуцы відам, яе найбліжэйшымі сваякамі аказаліся тры віды таго ж роду з далёкай Паўднёвай Афрыкі.
Гэтая сувязь здзіўляе, паколькі Каміфора звычайна асацыюецца з рэгіёнамі Афрыкі, Мадагаскара і Аравійскага паўвострава.
Аўтары навуковай працы выказалі здагадку, што расліна звязана з «цоры» — смалой, згаданай у Бібліі і вядомай сваімі гаючымі ўласцівасцямі. У адрозненне ад іншых відаў роду Каміфора, якія цэняцца за іх араматычныя смолы, новая расліна мае мала араматычных злучэнняў.
Аднак наяўнасць у ёй раней невядомай серыі глікаліпідаў, якія могуць валодаць фармакалагічнай актыўнасцю, дазваляе меркаваць, што расліну выкарыстоўвалі ў лячэбных мэтах.
Дрэва, якое каманда назвала Шыба, дасягае трох метраў у вышыню і дае навукоўцам унікальную магчымасць вывучыць вымерлую расліну.
Даследчыкі высунулі некалькі гіпотэз пра тое, як насенне апынулася ў пячоры. Яго маглі прынесці птушкі або жывёлы, але не выключаны і ўдзел людзей, якія захоўвалі насенне для наступнага выкарыстання. Каманда плануе працягнуць даследаванні, каб дакладна вызначыць від расліны і вывучыць яго ўласцівасці.