02.06.2025 / 12:06

Адныя з іх ужо ніколі не будуць паказаны, але іншыя пастаноўкі можна ўбачыць хоць сёння.

Антычны тэатр у Эпідаўры, фота – TimeTravelRome, Вікіпедыя
Антычны тэатр у Эпідаўры, фота – TimeTravelRome, Вікіпедыя

 

Як прырода зрабілася сцэнай у Старажытнай Грэцыі

Прадстаўленні пад адкрытым небам – гэта культурная традыцыя, якая з’явілася ў антычнасці. Не больш за тры акторы і хор разыгрывалі трагедыі і камедыі перад тысячамі гледачоў у старажытнагрэцкім тэатры. Ён ўяўляў сабой велічнае збудаванне ў выглядзе каменнай чары, плыўна «сцякаючай» па схіле ўзгорка да круглай архестры.

Героі трагедый былі апрануты ў даўгія хітоны і хадзілі на высокіх катурнах (сцэнічны абутак на тоўстай падэшве, вышынёй да 10 сантыметраўрэд. ЗП). На фоне маштабных прыродных «дэкарацый» (узгоркаў, дрэваў, неба, аблокаў, пралятаючых птушак) яны выглядалі малымі, але ад гэтага не менш значнымі.

Наадварот – менавіта ў кантраснасці чалавека (мікракосмасу) і Свету, падуладнага вышэйшым сілам (макракосмасу) раскрываўся ўвесь драматызм тагачаснага жыцця. Нягледзячы на наканаванасць Лёсу, актыўныя героі, якія мелі волю, кідалі выклік багам.

Досвед людзей мінулых эпох у справе сцэнічных прадстаўленняў на фоне прыродных ландшафтаў і гарадскіх прастораў аказваецца карысным і ў наш час.

 

«Сон у летнюю ноч» у Батанічным садзе ці парку

Шэкспір нібы спецыяльна стварыў п’есу «Сон у летнюю ноч» для пастаноўкі на адкрытым паветры. Значная частка дзеяння разгортваецца ў лесе, дзе з-за магічных зелляў і чараў цара фей і эльфаў Аберона і гарэзлівага эльфа Пэка адбываюцца прыгоды некалькіх закаханых пар і актораў-аматараў, якія рэпетуюць фарс. Таму нядзіўна, калі адна з папулярных шэкспіраўскіх камедый ставіцца на прыродзе.

Ролю лясной чароўнай краіны ўжо «выконвалі» Батанічны сад Мары Селбі і заліў Сарасота (штат Фларыда, ЗША), Батанічны сад Вулангонга ля падножжа гары Кейра (Новы Паўднёвы Уэльс, Аўстралія), ваколіцы Рыджэнтс-парка (Лондан, Вялікабрытанія), лясныя пейзажы парку Мейнардвіл (Кейптаўн, Паўднёвая Афрыка) і многія іншыя.

У гледачоў можа стварыцца ўражанне, быццам натуральныя дэкарацыі пад адкрытым небам былі створаны спецыяльна для пастаноўкі. Асабліва цікава бывае, калі нечакана пачынаецца дождж. Публіка з парасонамі застаецца глядзець, а акторы працягваюць спектакль, нібы непагадзь была задумана пастаноўшчыкамі.

 Сцэна са спектакля «Сон у летнюю ноч» у батанічным садзе Мары Селбі' Фота - John Revisky, heraldtribune.com
 Сцэна са спектакля «Сон у летнюю ноч» у батанічным садзе Мары Селбі' Фота - John Revisky, heraldtribune.com

Часам здараюцца цяжкасці з-за экалагічных абмежаванняў у ахоўных зонах – напрыклад, так адбылося пры пастаноўцы «Сну ў летнюю ноч» на тэрыторыі Батанічнага саду Мары Селбі ля заліва Сарасота (рэжысёр Джонатан Эпштэйн).

Выканаўцы-студэнты кансерваторыі FSU/Asolo не маглі вісець на галінках дуба, які расце пад дзіўным вуглом і заходзіць у невялікую сажалку перад залівам. Але сама незвычайная прырода паслужыла ідэальным фонам для казачнай гісторыі.

 

Імерсіўны спектакль «Усё, што са мной побач»

Cпектакль, які аб’ездзіў Еўропу, Амерыку і Азію, кожны раз разгортваўся ў розных прасторах: у культурных цэнтрах, пасярод вуліцы, на каналах, у гарах, у лесе.

Спектакль «Усё, што побач са мной», Нідэрланды, 2013. Фота - Karel Zwaneveld; courtesy of Fernando Rubio, cambridge.org
Спектакль «Усё, што побач са мной», Нідэрланды, 2013. Фота - Karel Zwaneveld; courtesy of Fernando Rubio, cambridge.org

Гэта спектакль-даследаванне аргентынскага рэжысёра Фернанда Рубіа. Абектам увагі гледачоў робяцца яны самі, іх цялесныя адчуванні, пачуцці і думкі. Падчас 15-хвіліннага дзеяння на двухспальным ложку ляжаць акторка, якая прамаўляе тэкст пра дзіцячыя перажыванні, і маўклівы глядач ці глядачка, якія эксперыментуюць з паняццямі асабістых і публічных межаў, прыстойнасці, псіхалагічна камфортнай адлегласці.

Актрысы выкарыстоўваюць займеннік «ты», таму ў гледачоў ствараецца адчуванне, як быццам гэта перажыта асабіста. Часта сцэнічныя ложкі знаходзяцца ў адкрытых прасторах, таму спектакль з’яўляецца адначасова публічным відовішчам і інтымным прадстаўленнем сам-насам.

Гледачы атрымліваюць інтэлектуальны і фізічны вопыт, і пераўтвараюцца не проста ў са-ўдзельнікаў спектакля, а ў яго су-стваральнікаў. Звычайна актрысы не навязваюць эмоцыі, а капіруюць глядацкія.

Вельмі важныя эмацыйныя рэакцыі, сувязі, якія ўзнікаюць паміж гледачамі і акторкамі. Вы несяце адказнасць за тое, што адбываецца. Для выпадковых мінакоў такі спектакль можа ўспрымацца як арт-інсталяцыя або перформанс.

Перформанс «Усё, што побач са мной», Італія, 2013. Фота – Ridi Simone
Перформанс «Усё, што побач са мной», Італія, 2013. Фота – Ridi Simone

У кожным горадзе іграюць мясцовыя актрысы, што дазваляе зменшыць вугляродны след ад перамяшчэння каманды і развіваць патэнцыял мясцовых творцаў.

 

Спектакль «Трэцяя змена» Тэатра Жніўня

Калі спектакль «Трэцяя змена», які паказваўся на Малой сцэне Вільнюскага Старога тэатра (літоўскі рэжысёр Андрус Дарала), паехаў на Міжнародны тэатральны фестываль «Sankryža» ў Друскінінкай – і там гледачы яго ўбачылі на прыродзе.

Свабодная, без абмежаванняў прастора, жнівеньская зеляніна і сонца толькі ўзмацнілі жудасныя адчуванні ад прадстаўленых жорсткасці, цынізму і прымусовым выхаванні, што адбываліся ў летнім лагеры з персанажамі ў выкананні актораў-рэлакантаў з Гродна.

Чорна-белы візуальны вобраз пастаноўкі, дзе нават піянерскія гальштукі чорныя, а не чырвоныя, на фоне квітнеючай прыроды яшчэ больш выглядаў выгарэлым.

Выбудаваная з матэрыялу для цяпліц прастора ў спектаклі падкрэслівала ненатуральнасць сістэмы, да жудасных «правілаў» якой прызвычаіліся — па камандзе ўставаць, ісці есці, гуляць.

Востра адгукаліся тэмы вымушанасці прыкідвацца, падпарадкоўвацца больш моцным/тым, хто надзелены ўладай, і быць як усе, немагчымасці выйсці з гэтага дзіцячага лагера, толькі знішчыць яго або збегчы.

Знакава, што для раскрыцця такой праблематыкі была выбрана «Трэцяя змена» – п’еса пра жнівень, канец лета і, у нейкім сэнсе, пра канец эпохі.

Сцэна са спектакля «Трэцяя змена» ў  Друскінінкае, 2021. Фота – Andriej Moskwin
Сцэна са спектакля «Трэцяя змена» ў  Друскінінкае, 2021. Фота – Andriej Moskwin

 

Дакументальны аўдыёспектакль Brest Stories Guide

Вы свабодна гуляеце па цэнтры Брэста і падчас імерсіўнага спектакля Brest Stories Guide становіцеся гледачом, які сам канструюе паслядоўнасць сцэнічных падзей. Дзякуючы фармату праекта беларускага тэатра «Крылы халопа» вы самі выбіраеце, як перамяшчацца па прапанаваным маршруце.

У пэўных кропках з пяці слухаеце запісаныя акторамі і акторкамі ў дадатку для смартфонаў гісторыі, звязаныя з гэтым месцам у горадзе (тэрыторыя гета ў 1941-1942 гадах, былая сінагога і інш.)

Скрыншот з сайта Brest Stories Guide
Скрыншот з сайта Brest Stories Guide

Сам горад з’яўляецца не толькі сцэнаграфічнай прасторай спектакля, але і паўнавартасным героем. Вы праходзіце па канкрэтных адрасах, даведваецеся, у якіх дамах і на якіх вуліцах жылі людзі перад і падчас вайны.

Слухаеце рэальныя гісторыі выжыўшых яўрэяў і сведкаў-брэстаўчан, паказанні нямецкіх афіцэраў, глядзіце фатаграфіі пра брэсцкую яўрэйскую абшчыну і жыва ўяўляеце трагедыю, якая здарылася ў гэтых месцах, калі была знішчана амаль палова насельніцтва горада, каля 24 тысяч яўрэяў.

Скрыншот з сайта Brest Stories Guide
Скрыншот з сайта Brest Stories Guide

Калі ў вас няма магчымасці наведаць Брэст, каб паўдзельнічаць у спектаклі, не хвалюйцеся. Гледачом можна стаць з любой кропкі свету: калі спампуеце дадатак на мабільны тэлефон  або зойдзеце на сайт праекта, дзе размешчаны ўсе матэрыялы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость