Гісторыя Сімы, якая збегла па лёдзе ў Польшчу
У лютым гэтага года ў гарадскую варту польскага горада Бяла-Падляска паступіў выклік: на ледзяной зямлі ляжыць сабака. Супрацоўнікі выехалі на месца, забралі жывёлу і адвезлі ў прытулак. Пазней высветлілася: сабачцы 14 гадоў, адгукаецца на мянушку Сіма, і прыбегла яна… з Беларусі.
Раней яна жыла ў Бярозаўцы Брэсцкага раёна – на вуліцы, без гаспадара. Мясцовыя жыхары яе любілі, пабудавалі будку, падкормлівалі. Аднойчы на яе напалі іншыя сабакі. Параненую Сіму выратавалі валанцёры. Яны дамагліся таго, каб яе прааперавалі, і зашылі раны. Сабаку нават адвезлі ў вёску, дзе, здавалася, знайшлі гаспадыню. Але Сіма ці то збегла, ці то заблудзілася, і праз замерзлую раку прыбегла ў Польшчу.
З польскага прытулку для хатніх жывёл яе забрала беларуская сям'я, якая цяпер жыве ў Нямеччыне.
Гісторыя гэтага сабакі выглядае як сапраўдны цуд, кранальная казка са шчаслівым фіналам. Але звычайны, афіцыйны шлях жывёл да нового жыцця за мяжой немагчымы без сур’ёзных намаганняў неабыякавых людзей.
Чаму іх вывозяць: у Беларусі бяздомных чакае смерць
Праблема бяздомных жывёл у Беларусі застаецца вострай ужо шмат гадоў. Сабакі і каты часта апынаюцца на вуліцы не па сваёй віне – у большасці выпадкаў іх проста выкідваюць гаспадары.
Галоўная бяда – катастрафічны недахоп прытулкаў. Дзяржаўных устаноў амаль няма, а прыватныя ініцыятывы перапоўненыя і існуюць толькі дзякуючы ахвяраванням і сілам валанцёраў. Асобную занепакоенасць выклікае дзяржаўная сістэма адлову: калі за лічаныя дні ўтрымання чатырохногім не знаходзяць гаспадароў, іх проста ўсыпляюць. Менавіта таму адзіным ратаваннем становіцца вываз за мяжу.
Тры месяцы каранціну і сотні еўра: як выглядае шлях у ЕС
Да 2020 года вывезці бяздомную жывёлу з Беларусі ў Еўропу было значна прасцей. Гэта з’ява была масавай, і свой шанец на шчаслівае жыццё атрымалі сотні сабак і катоў.
«Раней, напрыклад, мінская арганізацыя „Эгіда“ перавозіла сабак у Францыю, Швецыю, Германію, а таксама нават у ЗША і Канаду. І ўсе жывёлы апынуліся ў любячых сем’ях, – кажа адна з валанцёрак. – Я сама бачыла дзясяткі шчаслівых людзей з новымі гадаванцамі з Беларусі ў іх сем’ях».
Цяпер працэс ускладніўся лагістычна і юрыдычна. Наша суразмоўца апісвае існуючыя працэдуры: да вывазу за мяжу трэба пашпарт жывёліны, чыпаванне і вакцынацыя, а пасля здачы крыві – каранцін на 3 месяцы. Непасрэдна перад выездам трэба атрымаць сертыфікат на вываз жывёлы, які выдаецца выключна дзяржаўнай ветклінікай.
Працэдура падрыхтоўкі дакументаў для катоў і сабак амаль аднолькавая, адрозніваюцца толькі неабходныя вакцыны.
«Канкрэтнага тэрміну на падрыхтоўку жывёлы для вывазу за мяжу няма, – кажа наша суразмоўца. – Звычайна ўсё пачынаецца з прышчэпак, чыпавання і стэрылізацыі. Калі чатырохногі цалкам здаровы, падрыхтоўка займае каля месяца. Але разам з аналізам на тытры антыцелаў і абавязковым каранцінам выходзіць не менш за 100 дзён. Калі жывёла мае захворванне, пакуль яе не вылечыш, пачынаць збор дакументаў немагчыма».
Кошт пытання таксама немалы. Толькі пакет дакументаў без уліку медыцынскіх маніпуляцый каштуе каля €150. Дадайце сюды кошт стэрылізацыі, які залежыць ад вагі, і выдаткі на дарогу.
Валанцёрка прызнае: сума набягае вялікая, і не кожнаму беларусу зразумела, навошта столькі выдаткоўвать на звычайную бяздомную беспародную жывёлу.
Тым не менш, беларускія чатырохногія эмігранты ўжо паспяхова даязджаюць да Аўстрыі, Чэхіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Італіі і Фінляндыі.
Сама суразмоўца зараз не можа вярнуцца на радзіму і таму наладжвае кантакты з польскімі прытулкамі, каб выратаваць ад смерці хаця б некалькі сабак.
«Раз на год езджу дадому – назад вязу ката»
Некаторыя вывозяць вулічных катоў і сабак з Беларусі самастойна. Макс (імя зменена) ужо некалькі гадоў жыве ў Польшчы, але раз на год наведвае родных у Беларусі. І кожны раз вяртаецца не адзін.
«У Польшчы на вуліцы хутчэй сустрэнеш дзіка, чым бяздомнага ката. У Беларусі ж усё наадварот, іх вельмі шмат. На вуліцы іх з вялікай верагоднасцю чакае смерць, таму мы з сябрамі ратуем хаця б па адным, – кажа Макс. – Сябры ў Беларусі загадзя рыхтуюць дакументы, а я прыязджаю і везу ката ў Польшчу, дзе знаходжу яму дом. Некалькіх ужо прыладкаваў. Не афішую гэта, не хачу лішняй увагі, але ведаю, што я дакладна такі не адзін».
Валанцёры ўпэўненыя, што кожная такая гісторыя – гэта перамога над жорсткай сістэмай. Як адзначыла адна з нашых суразмоўніц: «Усіх жывёл не выратаваць. Але нават адна выратаваная жывёла – гэта цэлае жыццё».