03.11.2025 / 13:11

На «Беларуськаліі» 31 кастрычніка адбылася аварыя, у выніку якой разлілася саляная кіслата і пацярпелі людзі. «Белсат» паразмаўляў пра магчымыя прычыны гэтага здарэння з Аляксеем, які займаецца перавозам небяспечных грузаў па Еўропе.

Месца здарэння на «Беларуськаліі». Фота: МНС
Месца здарэння на «Беларуськаліі». Фота: МНС

З афіцыйных звестак, на чацвёртым рудаўпраўленні, дзе адбыўся выбух, працуе 3791 чалавек. З іх 2311 – на рудніку, 949 – на абагачальнай фабрыцы, 235 – на цеплавой электрастанцыі, 110 – у цэху мембраннага электролізу, 186 – у дапаможных цэхах і кіраванні.

Са словаў Аляксея, цэх, дзе адбылося здарэнне, займаецца дастаткова новай для «Беларуськалію» вытворчасцю і вырабляе сумесі калійных угнаенняў на экспарт.

«Прычына любой аварыі – парушэнне тэхнікі бяспекі або недасканаласць тэхналагічных працэсаў. Тое, што пацярпелі чатыры чалавекі – гэта ўжо парушэнне, бо людзі мусяць быць на максімальна далёкай адлегласці ад небяспечных рэчываў і працэсаў. [Трэба] максімальна аўтаматызаваць усё. Акрамя таго, за час з пачатку запуску вытворчасці абсталяванне магло запатрабаваць рамонту, да якога маглі дапусціць не працаўнікоў, а субпадраднікаў: іх маглі няправільна праінструктаваць, правесці няправільную арганізацыю працы. Таксама дапускаю, што калі пацярпелых чацвёра, то ішла не руцінная праца, а нейкі рамонтны працэс. Пры гэтым на новым пакуль прадпрыемстве не наладжаны ўсе працэсы, у спецыялістаў не стае кампетэнтнасці – і гэта выклікала няшчасны выпадак.

Чацвёртае рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій». Фота: belaruskali.by
Чацвёртае рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій». Фота: belaruskali.by
Неўзабаве мы, магчыма, даведаемся афіцыйную версію і на падставе яе будзем рабіць нейкія высновы», – кажа суразмоўца.

Саляная кіслата вельмі небяспечная: пры траплянні на скуру выклікае моцныя хімічныя апёкі, а ўступаючы ў рэакцыі з металамі, вылучае вадародны газ, які змешваецца з кіслародам і становіцца выбуханебяспечным. У рэакцыі з моцнымі акісляльнікамі ён таксама ўтварае таксічны газападобны хлор.

«За тры гады я вазіў саляную кіслату шэсць ці сем разоў. Усё адбывалася без здарэнняў, бо працэс вывераны, а на матэрыялах і пільнаванні тэхналагічнага працэсу ў Еўропе не ашчаджаюць», – кажа суразмоўца.

Аднак з улікам таго, што цыстэрна з кіслатой была пустою, пагрозы для насельніцтва Салігорску суразмоўца не бачыць і мяркуе, што працу прадпрыемства могуць неўзабаве аднавіць.

«Калі падчас здарэння не пашкодзілі нейкага каштоўнага замежнага абсталявання, то праца можа аднавіцца цягам месяца», – мяркуе ён.

Нагадаем, на прамысловай пляцоўцы 4-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты. З папярэдняй інфармацыі, пацярпелі 4 асобы, а таксама адбылося пашкоджанне суседняй ёмістасці з салянай кіслатой. Пацярпелыя з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі застаюцца ў Салігорскім цэнтральным раённым шпіталі.

Адміністрацыя «Беларуськалію» заявіла, што Салігорск не трапляе ў зону хімічнага заражэння пры выкідзе салянай кіслаты ў ААТ «Беларуськалій».

«Усе цэхі рудаўпраўлення працуюць у штатным рэжыме»,адзначылі на прадпрыемстве.

Альянс расследавальнікаў Беларусі ў 2023 годзе выявіў, што на аб’ектах ААТ «Беларуськалій» рэгулярна адбываюцца надзвычайныя здарэнні з траўмамі і нават гібеллю рабочых. Гэта дае падставы меркаваць, што адміністрацыя «Беларуськалію» не робіць належных захадаў дзеля ліквідацыі прычынаў і ўмоваў, замоўчвае ці нават хавае праблему. Такая сітуацыя існуе на многіх прадпрыемствах Беларусі.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость