"Забрала ўладу ў мужа" у 36 гадоў
"Піша і размаўляе з выключнай эрудыцыяй", – так характарызаваў Бону Сфорца яе настаўнік. Яна нарадзілася ў 1494 годзе ў сям'і міланскага герцага, а яе дзедам па маці быў кароль Неапаля. Пасля смерці бацькі Бона разам з маці і сёстрамі апынулася ў міланскіх замках.
Як ні сумна гучыць яе юнацкая біяграфія, але варта дадаць, што той час на яе родных землях перажываў эпоху Адраджэння. У духу эпохі, Бона Сфорца шмат вучылася: ведала лацінскую літаратуру і гісторыю, займалася музыкай, танцамі, добра ездзіла верхам і палявала. Таксама яна назірала за тым, як маці кіравала Бары, – і гэтыя веды спатрэбіліся ёй у Вялікім Княстве Літоўскім.
У той жа час недзе ў зусім іншых землях аўдавеў Жыгімонт I Ягелон, кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі, і сям'я выдала Бону Сфорца за яго замуж у 24 гады.
Яна вучыла мову (дакладней, мовы – польскую і старабеларускую) і паступова ўключылася ў кіраванне дзяржавай. І ўжо ў 1532 годзе італьянскі дыпламатычны агент пісаў: "Каралева... стала ўсемагутнай і забрала ўсю ўладу ў свайго мужа і іншых князёў". Ёй тады было 36 гадоў.
Атрымала ва ўладанне частку Палесся
Як жа веды, атрыманыя ў Неапалі, былі прымененыя тут? Калі каротка, то на іх аснове Бона Сфорца будавала свой спосаб кіравання ўласнымі землямі, якія яна пачала атрымліваць з пачатку шлюбу.
"У знак асаблівай любові" ў 1518 годзе кароль Жыгімонт I перадаў свае правы на Пінскае і Кобрынскае княствы. У 1523 годзе яна атрымала ў кіраванне Пінск, і ён жа стаў ядрам яе вялізнага прыватнага ўладання (латыфундыі), куды пасля ўвайшлі землі ў Слонімскім павеце і іншыя. На гэтых тэрыторыях Бона занялася гаспадаркай і развівала іх на працягу цэлага пакалення, аж да 1556 года.
Туды прыбывалі людзі – сялянам дазвалялі сяліцца на землях, што патрабавалі расчысткі або іншай падрыхтоўкі, уключаючы высяканне лясоў ці хмызнякоў. Уладам было загадана не чыніць перашкод тым, хто захоча пераехаць, а таму раслі старыя населеныя пункты і з'яўляліся новыя.
Для ілюстрацыі: насельніцтва ўтворанага па загадзе каралевы Боны мястэчка Моталь вырасла амаль на палову, у тым ліку за кошт прыезжых купцоў і рамеснікаў з нямецкіх і італьянскіх зямель.
Як на самай справе праходзіла ўстанова на валокі
Гаворачы пра Бону Сфорца, заўсёды згадваюць рэформы – але што за яны? Напрыклад, вядомая "валочная памера", пачатая яе рукамі. Зямлю падзялілі на ўчасткі прыкладна па 21 гектар замест асобных лапікаў, якія маглі ўкліньвацца адзін між адным і ствараць блытаніцу, а сяляне паступова атрымалі магчымасць аплачваць яе арэнду грашыма замест натуры.
Гучыць добра з вышыні мінулых 500 гадоў. У працэсе ўстанова на валокі была, мякка кажучы, стрэсам для некаторых яе ўдзельнікаў. Бо землі не толькі абменьвалі ці выкуплялі, але і адбіралі.
Кветка-драпежнік, ваўкалакі і русалкі: што пачытаць пра беларускую міфалогію і прыроду
Дзе шукаць вытокі беларускіх паданняў і як нашы продкі звязвалі містыку з рэальным навакольным асяроддзем?
Напрыклад, менавіта пад такім соусам у мясцовых лідараў габрэйскай супольнасці братоў Абрахама і Эліезэра Маркавічаў цалкам адабралі іх маёнтак Поселічы (Posienicze). Спачатку ім нават наогул не далі ніякай кампенсацыі. Толькі пасля таго, як яны пачалі актыўна пратэставаць, каралеўская адміністрацыя вылучыла ім узамен два валокі пашы каля горада.
Ну але ў выніку даходы ад земляў Сфорца павялічваліся, а гаспадарка рабілася больш упарадкаванай. Гэтая сельскагаспадарчая рэформа была адной з найбуйнейшых дзяржаўных у Еўропе і, магчыма, супадала з інтарэсамі звычайных вясковых жыхароў, – сцвярджаюць даследчыкі.
Вашая светласць, даводзіцца плыць супраць ветру
Пры каралеве пачалі праводзіць меліярацыю – асушэнне палескіх балот. Але ёсць "але". Так, пры ёй капалі каналы і асушальныя равы, каб асушваць забалочаныя ўчасткі і рабіць іх больш прыдатнымі для гаспадарчага выкарыстання.
Але тагачасная меліярацыя выглядала інакш, чым сучасная – гэта зусім не сучасныя гіганцкія сістэмы асушальных каналаў. На Кобрыншчыне пры ёй праклалі некалькі каналаў, сярод якіх вылучаюць "Канал каралевы Боны" даўжынёй 20 кіламетраў, што ўпадае ў раку Мухавец ніжэй за Кобрын. Рахунак на сотні і тысячы кіламетраў у меліярацыі пайшоў толькі праз некалькі стагоддзяў.
Сярод іншых адметных рэчаў – Бона Сфорца падвысіла эфектыўнасць гаспадаркі ў лясах. У другой палове 1530-х гадоў Бона ўзялася за рэфармаванне мытнай сістэмы ВКЛ і ўпарадкаванне збору пошлін.
Пры тым яе не вельмі любілі іншыя людзі пры ўладзе – бо Бона Сфорца, напрыклад, вяртала землі, якія былі раздадзеныя магнатам, ну і агулам не была дужа далікатнай асобай. Таксама яна давала праз суды прававую абарону гараджанам, сялянам і габрэям.
Навошта так радыкальна? У лісце да італьянскага герцага Альфонса д’Эстэ ў 1529 годзе Бона Сфорца піша: "Pur sappia V.S. a questi tempi ne bisogna contra vento navigare" – "Хай вашая светласць ведае: у гэтыя часы даводзіцца плыць супраць ветру".
З часам Бона перастала ўспрымаць Літву проста як далёкую частку сваёй новай дзяржавы. Яна называла гэтыя землі "le nostre parti" – "нашыя краі". Што, зрэшты, не адмяняе яе сумнай будучыні – Бона Сфорца праз канфлікт з сынам была вымушана з'ехаць і вярнулася ў Бары, дзе прайшла значная частка яе юнацтва.
Тэкст напісаны паводле артыкула Італьянская энцыклапедыя навук, літаратуры і мастацтваў, кнігі The Jews of Pinsk, 1506–1880 і навуковага дапаможніка Гісторыя Беларусі. Дапаможнік у 4 частках. Частка 1: Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.