04.12.2025 / 11:12

Кіроўцы заўважылі лосяў, якія аблізвалі соль, што засталася на асфальце пасля апрацоўкі дарог. Сама сітуацыя павышае рызыку аварый і турбуе людзей.

Скрыншот з відэа ў TikTok, палепшаны нейрасеткай
Скрыншот з відэа ў TikTok, палепшаны нейрасеткай

Беларус, што праязджаў па трасе Р28 заўважыў, як лосі выбягаюць на дарогу. Відэа падзеі ён размясціў у сваім TikTok. Гэтым разам лосяў прывабіла соль, якой апрацавалі асфальт на зіму.

«Зранку і ўвечары лосі стаяць на дарозе, ліжуць соль», – адзначае аўтар відэа.

На меркаванне беларусаў, такая сітуацыя можа стаць чарговай прычынай з’яўлення ДТЗ. «А дзе леснікі? Чаму ім не тлумачаць, што так рабіць нельга?», – абураюцца людзі ў каментарах пад відэа.

Іншыя людзі адзначылі, што праблема не толькі ў солі, якой апрацоўваюць дарогу, але і ў адсутнасці агароджаў для жывёлаў: «А калі агароджы будуць на дарогах? Ці толькі камеры стаяць?», – задаюцца пытаннем карыстальнікі.

Падобную праблему заўважылі і на іншых дарогах:

  • «Штораніцы езджу туды, але толькі па двух іншых дарогах і часам па гэтай, часам бачу іх, а самы жах у Браслаўскім раёне дзеецца, амаль кожны раз пакуль даедзеш ад Відз да Браслава, налічыш у агульнай складанасці ну штук 30, не менш, як у чацвер па-мойму было 23 касулі і 7 лосяў».

Знайшліся і жарты на гэтую тэму:

  • «Ашалець, дзікі ласось!».
  • «Ад гэтых салявых адныя праблемы!».
  • «Гэта ласось слабасалёны».

 

ДТЗ з удзелам лосяў: што кажа статыстыка і эколагі?

Нагадаем, што сёлета на беларускіх дарогах значна павялічылася колькасць ДТЗ з удзелам лосяў. Іх доля ўжо перавышае колькасць аварый з іншымі жывёламі. Гэта вынікае з інфармацыі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

На меркаванне эколагаў, галоўныя прычыны большай колькасці ДТЗ на трасах з удзелам капытных наступныя:

  • гукі лесанарыхтоўчай тэхнікі, што пужаюць жывёлаў і вымушаюць іх пакідаць свой дом;
  • вырубкі лясоў, што доўгі час былі домам для дзікіх звяроў;
  • павялічэнне агульнай колькасці лосяў у беларускіх лясах;
  • вымушаная міграцыя маладых лосяў, якіх адганяюць іх маці-ласіхі.

Аднак цяпер да прычыны дадалася і соль, якой апрацоўваюць трасы, што прыцягвае розных дзікіх жывёлаў, у прыватнасці лосяў.

 

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость