Гэта прывяло да катастрафічнага спаду вады ў Кахоўскім вадасховішчы і шырокамаштабнага затаплення тэрыторый ніжэй па цячэнні, што стала наймаштабнейшай тэхнагеннай катастрофай з часоў Чарнобыльскай трагедыі.
У выніку падрыву машыннай залы знутры Кахоўская ГЭС была поўнасцю знішчаная — станцыя не падлягае аднаўленню. Падрыў ГЭС тады нёс дадатковую пагрозу для часова акупаванай Запарожскай АЭС.
Пасля выбуху плаціны Кахоўскай ГЭС магутная хваля вады пранеслася ўніз па рацэ Дняпро ў бок Чорнага мора, затапляючы ўсё на сваім шляху і пераносячы небяспечныя матэрыялы з мінных палёў, могілак, прамысловых аб’ектаў і іншых месцаў.
Нягледзячы на тое, што непасрэдны ўплыў паступова змяншаўся, навакольнае асяроддзе дагэтуль застаецца пад уздзеяннем нанесенай шкоды.
- 2 050 км² ахоўваемых тэрыторый пацярпелі ад затаплення наўпрост ці ўскосна. Гэта закранула 23 запаведныя аб’екты.
- 54 небяспечныя аб’екты, якія маглі стаць крыніцамі забруджвання, у тым ліку хімічныя і фармацэўтычныя заводы, нафтабазы і ачышчальныя збудаванні, былі затопленыя хваляй з вадасховішча.
- Прыблізны аб’ём смецця, змытага воднай хваляй, склаў 2,9 мільёна м³.
На пачатку 2025 года міністэрка аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украінв Святлана Грынчук заявіла, што страты ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС дасягнулі каля 14 мільярдаў долараў.
З боку РФ гэта стала чарговым актам экацыду і відавочным ваенным злачынствам, наступствы якога выйшлі далёка за межы Украіны і закранулі экасістэму ўсяго Чарнаморскага рэгіёну. Украіна і міжнародныя арганізацыі з таго часу збіраюць доказы для будучага пераследу адказных асоб.
Кіраўнік Грамадскай арганізацыі «Украінская прыродаахоўная група» Аляксей Васілюк у нядаўнім інтэрв’ю УНІАН выказаўся, што «нават Чарнобыль не быў настолькі згубны для прыроды, як расійскі тэракт на дамбе Кахоўскай ГЭС».
За два гады, што прайшлі з катастрофы, можна больш дакладна судзіць аб яе наступствах для Украіны і свету. Дзясяткі гадоў існавання плаціны Кахоўскай ГЭС стварылі ў рэгіёне шэраг унікальных экасістэм, багатых на флору і фаўну, у тым ліку рэдкую.
Падрыў плаціны ГЭС і такое выбухападобнае распаўсюджванне вады мелі катастрафічныя наступствы: значная частка экасістэм знішчана, іншая частка будзе аднаўляцца дзесяцігоддзямі.
«Пасля тэракту ўтварыліся некалькі зон уплыву. Першая — зона асушэння вадасховішча. З пункту гледжання дзікай прыроды, яна якраз выйграла. Раней гэты Нацпарк быў акваторыяй, а цяпер стаў тым, чым меў быць — прырода пачала аднаўляцца, пачаў прарастаць лес. Ці можна было паверыць, калі б тры гады таму хтосьці сказаў, што Кахоўскае вадасховішча будзе зруйнавана, і там за два гады будуць дрэвы па восем метраў?»
Растуць таполі і вербы: менавіта гэтыя віды дрэў стагоддзямі раслі ўздоўж Дняпра і прыстасаваныя да жыцця ў мясцовых умовах. Стала зразумела, што дно былога вадасховішча больш не пагражае ператварыцца ў пустыню, а з неверагоднай хуткасцю ператвараецца ў велізарны малады лес. Плошча тэрыторыі, якая цяпер зарастае лесам, практычна роўная ўсёй лясной плошчы Херсонскай і Запарожскай абласцей.
«Але гэтая сітуацыя — выключэнне. Так склаліся ўмовы. Бо, напрыклад, на рацэ Аскол на Харкаўшчыне таксама было зруйнавана Аскольскае вадасховішча. Гэта адбылося ў іншы сезон, калі насенне дрэў не сеялася, і там сітуацыю пра аднаўленне не каментуюць аптымістычна, - кажа Аляксей Васілюк. - Другая зона ўплыву — зона затаплення, якая ўтварылася за два тыдні ўніз па цячэнні. Яна часткова або цалкам ахапіла 23 населеныя пункты і нават частку Херсона. Амаль уся тэрыторыя — 100 тысяч гектараў — гэта прыродна-запаведны фонд.
Гэта значна больш, чым увесь Кіеў з усімі лясамі, якія яго атачаюць. Таму гэта дакладна — самы негатыўны разовы ўплыў на прыроду. Нават Чарнобыль быў не настолькі згубны для прыроды ў сэнсе масавага знішчэння жывых арганізмаў. А тут усё жывое, прынамсі жывёльны свет, было сцёрта, усё загінула. Плюс, трагедыя адбылася ў перыяд размнажэння».
Флора:
- Крокус сеткаваты (Crocus reticulatus) — рэдкі ранне-вясновы від, які расце на сухіх лугах і стэпах.
- Цыбуля падвойная (Allium duplicatum) — рэдкая цыбулявая расліна, уразлівая да змяненняў гідралагічнага рэжыму.
- Астрагал (куравай) пабліскваючы (Astragalus speciosus) — стэпавая расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу Украіны.
- Гладыёлус дзікі (Gladiolus imbricatus) — ахоўваецца як рэдкі від еўрапейскіх лугаў.
Фауна:
- Мармуровы хорь (Vormela peregusna) — від з Чырвонай кнігі, які страціў гнездавыя і палявальныя тэрыторыі.
- Чорны бусел (Ciconia nigra) — рэдкі пералётны від, які змяніў маршрут міграцыі праз знішчэнне прыродных стаянках.
- Палоз жоўтабрухі (Dolichophis caspius) — адзін з найбуйнейшых змеяў Еўропы, уразлівы да страты месцапражывання.
- Сцерлядзь (Acipenser ruthenus) — касцяны осетр, папуляцыя якога знізілася з-за раптоўнага змянення воднай экалогіі.
- Рэдкія віды птушак — каля 60 відаў птушак, што гняздзіліся ў межах НПП «Ніжнедняпроўскі», цяпер пад пагрозай знікнення.
Затапленне ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС нанесла непапраўную шкоду гэтым відам, знішчыўшы месцы пражывання, гнездавання і кормавыя ўчасткі. Многія з іх могуць не аднавіцца без спецыяльных прыродаахоўных праграм.
Адно з дрэваў з Чырвонай кнігі Украіны, бяроза дняпроўская, пераважна расце на Алешкаўскіх пясках на левым беразе Херсоншчыны, і гэта адзінае дрэва, якое там расце, бо самі па сабе Алешкаўскія пяскі — гэта рукатворная пустыня.
Аляксей Васілюк кажа, што там, нягледзячы на пясчаныя барханы, узровень грунтовых вод вельмі блізкі да паверхні. Пасля тэракту ў Кахоўцы ўзровень гэтых вод значна падняўся. І ёсць асцярогі, што для бярозы гэта можа стаць катастрафічным — яна магла вымакнуць, і частка дрэў проста загінула ад падтаплення, бо бярозе не патрэбна, каб глеба была занадта вільготнай.
«…Ацаніць страты можна будзе толькі тады, калі мы атрымаем доступ да ўсіх пацярпелых тэрыторый. Напрыклад, пасля тэракту на плаціне Кахоўскай ГЭС адбылося затапленне нізін Дняпра. Там, на астравах, жылі два віды мурашак, адзін з якіх сустракаецца толькі ва Украіне. Намінальна я не маю доказаў, што яны зніклі. Але я моцна сумняваюся, што на працягу двух тыдняў гэтыя мурашы змаглі выжыць пад тоўстым слоем вады і глею. Гэта значыць, найверагодней, яны загінулі ўжо ў першыя гадзіны. Проста пацвердзіць гэта мы зможам толькі праз шмат гадоў — пасля заканчэння вайны і размінавання тэрыторый, калі зноў зможам праводзіць там даследаванні».
Моцна пацярпелі ў выніку расійскай агрэсіі і падрыву Кахоўскай ГЭС прыродаахоўныя тэрыторыі — Нацыянальны прыродны парк «Кам’янская Січ» і Нацыянальны парк «Ніжнедняпроўскі».
Так пад вадой пасля падрыву дамбы апынуліся 100 % тэрыторыі Нацыянальнага прыроднага парку «Ніжнедняпроўскі». Павышэнне ўзроўню вады прывяло да масавай гібелі прадстаўнікоў жывёльнага свету і ўнікальных раслін.
«Пад нашай аховай знаходзіцца 60 відаў птушак, значная частка якіх гнездавалася на тэрыторыі парку, - распавёў выданню «Рубрыка» дырэктар Нацыянальнага парку Аляксей Чачыбая, - Паводле апошніх дадзеных, у межах парку рэгіструецца 44 віды рыб, у тым ліку рэдкія і знікаючыя. Цяпер зафіксаваная прысутнасць толькі 15 відаў. Найбольш каштоўныя сярод іх — асятровыя. Што датычыцца флоры, арыенціровачна пацярпелі 63 віды вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 30 занесены ў Чырвоную кнігу Украіны».
Страты, нанесеныя Нацыянальнаму прыроднаму парку «Ніжнедняпроўскі» ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС складаюць прыкладна 46,5 мільярда грыўняў. Акупанты справакавалі экалагічную катастрофу сусветнага маштабу.
Шкода навакольнаму асяроддзю — доўгатэрміновая. Аднаўленне гэтых экасістэм зойме доўгія гады.
Экасістэмы Кахоўкі могуць не аднавіцца натуральным шляхам без вялікіх інвестыцый і прыродааднаўчых праграм. Без вадасховішча павышаецца рызыка засух і змены мясцовага мікраклімату. Знішчэнне эканомікі рэгіёна вядзе да міграцыі і эканамічнага крызісу.
У лютым 2025 года у Google Maps з’явіліся новыя спадарожнікавыя здымкі Херсонскай вобласці. І былі абноўлены карты ў раёне Кахоўскай ГЭС і Кахоўскага вадасховішча. На здымках, датаваных 2020 годам, бачна запоўненае вадасховішча, а на фатаграфіях за 2024 год ужо відаць велізарныя абмялелыя, а месцамі і цалкам высахлыя ўчасткі, якія ўжо пакрыліся расліннасцю.
Наступствы падрыву плаціны ГЭС для навакольнага асяроддзя рэгіёну:
- Забруджванне водных рэсурсаў: хваля вынесла велізарную колькасць забруджвальных рэчываў, уключаючы нафту, хімікаты, трупныя яды, прамысловыя адходы і сельскагаспадарчыя хімікаты. Гэта прывяло да сур’ёзнага забруджвання Дняпра і прыбярэжных вод Чорнага мора, што пагражала і пагражае здароўю людзей, воднай флоры і фауне.
- Дэградацыя глеб і экасістэм: затапленне велізарных тэрыторый, змыванне ўрадлівага пласта глебы, змяненне гідралагічнага рэжыму і засольванне зямель прывялі да доўгатэрміновай дэградацыі глебавага покрыва і знішчэння прыродных экасістэм, уключаючы балотныя ўгоддзі і лясы.
- Распаўсюджванне мін і неразарваных боепрыпасаў: адной з найбольш небяспечных доўгатэрміновых пагроз з’яўляецца некантралюемае распаўсюджванне мін і неразарваных боепрыпасаў, якія былі знесеныя з мінных палёў. Гэта стварыла сур'’ёзную небяспеку для мясцовага насельніцтва.
- Парушэнне біяразнастайнасці: гібель рыбы і іншых водных арганізмаў, знішчэнне нерасцілішчаў, змяненне асяроддзя пражывання і забруджванне вады прывялі да значнага парушэння біяразнастайнасці ў басейне Дняпра і Чорнага мора.
- Уплыў на сельскую гаспадарку: затапленне і дэградацыя сельскагаспадарчых угоддзяў, а таксама забруджванне крыніц вады для арашэння — мелі разбуральныя наступствы для сельскай гаспадаркі рэгіёну, што ўжо прывяло да доўгатэрміновых эканамічных праблем.
Нягледзячы на тое, што непасрэдная паводка спала, экалагічныя наступствы падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС будуць адчувацца на працягу многіх гадоў, патрабуючы значных намаганняў для аднаўлення і мінімізацыі шкоды. Эколагі паведамляюць, што якасць вадаправоднай вады ў пацярпелых рэгіёнах застаецца катастрафічна нізкай. Прычына — часовыя рашэнні ў сістэме водазабеспячэння.
Пасля падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС хваля вады рынулася па Дняпры да Чорнага мора, затапляючы ўсё на сваім шляху. Яна несла змесціва мінных палёў, могілак, прамысловых аб’ектаў і г. д. З цягам часу ўплыў негатыўных наступстваў стаў змяншацца, але навакольнаму асяроддзю ўсё роўна нанесена жахлівая шкода:
- Падзенне ўзроўню грунтавых вод.
- Павышэнне засалення зямель і грунтавых вод.
- Забруджванне вады, у тым ліку бактэрыяльнае.
- Падзенне ўзроўню кіслароду ў вадзе.
- Актыўнае цвіценне водарасцяў.
- Амаль поўная гібель рыбы ў вадасховішчы.
- Часовае апрасненне вады ў Чорным моры.
- Дэградацыя глеб.
- Некантралюемае распаўсюджванне мін.
Трэба абавязкова дадаць, што расійская акупацыя Левабярэжнай часткі Херсоншчыны трывае. Адсутнасць належнай эвакуацыі і дапамогі з боку акупацыйных уладаў прывяла да вялікай колькасці ахвяр і пацярпелых. Гінулі людзі і жывёлы. Пры гэтым расійская аккупацыйная ўлада рабіла ўсё магчымае, каб схаваць рэальную колькасць загінулых на тэрыторыі рэгіёну.
У ключавых прапановах мірнага плана па Украіне, які нядаўна ў Парыжы прадставіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф, у тэррытарыяльных умовах фігуравала і тое, што Украіна вяртае сабе кантроль над Запарожскай АЭС і Кахоўскай дамбай.
Пакуль ацаніць усе страты для навакольнага асяроддзя не прадстаўляецца магчымым, але навукоўцы намагаюцца. Напрыклад, надоечы было апублікавана даследаванне на вядомым навуковым рэсурсе Science, дзе наступствы падрыву Кахоўскай ГЭС расіянамі аўтары даследавання называюць «таксічнай бомбай запаволенага дзеяння».
Пасля падрыву дамбы было аголена дно вадасховішча, якое ўтрымлівае 83 тысячы тон цяжкіх металаў. Паводле іхніх падлікаў, менш за 1 % з гэтай колькасці складаюць высокатаксічныя элементы, сярод якіх — свінец, кадмій і нікель.
Даследчыкі заяўляюць, што дажджы будуць вымываць гэтыя забруджвальныя рэчывы ў рэкі, што стварае пагрозу здароўю насельніцтва рэгіёну.
Вядучая аўтарка даследавання Аляксандра Шумілава — ураджэнка Мікалаева, — якая працуе ў Інстытуце прэснаводнай экалогіі і рыбалоўства імя Лейбніца (Германія), таксама лічыць, што маштабы разбурэння дамбы на Херсоншчыне можна параўнаць з Чарнобыльскай катастрофай.
«Усе забруджвальныя рэчывы, што аселі на дне, могуць назапашвацца ў розных арганізмах, праходзіць праз харчовы ланцужок і трапляць ад расліннасці да жывёл і людзей. Наступствы можна параўнаць з дзеяннем радыяцыі», – кажа яна.
Аўтары даследавання правялі вымярэнні і склалі карту экалагічных наступстваў разбурэння ГЭС. Яны падлічылі, што вада пасля падрыву знішчыла ад 20 да 30 % водных грызуноў і ўвесь маладняк мясцовай рыбы.
Навукоўцы прагназуюць, што на працягу пяці гадоў тэрыторыя асушанага вадасховішча дасягне біярознастайнасці, эквівалентнай 80 % ад стану экасістэмы да разбурэння.
«Гэта не аднаўленне — лепш ужываць слова “пераўсталяванне”. Гэта азначае, што там усё будзе развівацца сваім шляхам, але гэта не абавязкова азначае вяртанне да першапачатковага стану», — кажа Аляксандра Шумілава.
Сёння, праз два гады пасля катастрофы, стала вядома, што «Укргідраэнерга» рыхтуе дакументы, каб падаць у суд на Расію за знішчэнне Кахоўскай ГЭС, пра што паведаміў народны дэпутат Сяргей Нагарняк. Дакументы яшчэ дапрацоўваюцца, бо спецыялістыі нават не могуць прыехаць на месца, каб ацаніць аб’ём работ.
У грамадстве разумеюць, што аднавіць Кахоўскую ГЭС магчыма, але толькі тады, калі фронт будзе далёка, а тэрыторыя будзе бяспечная. Украінскі ўрад, заяўляючы пра неабходнасць захавання навакольнага асяроддзя, пакуль пераважна выказваецца на карысць аднаўлення Кахоўскай ГЭС, хоць яе былое дно хутка ператвараецца ў малады лес.
Погляд жа многіх эколагаў на гэтае пытанне застаецца такім: ні ў якім разе нельга аднаўляць ГЭС, бо там — лугі, Вялікі Луг і каштоўныя экасістэмы.
Але канешне, ісціна дзесьці пасярэдзіне, бо трэба ўлічваць як экалагічныя фактары, так і эканамічныя і сацыяльныя.
З матэрыялу «Чаму варта аднавіць Вялікі Луг?»: «Час працуе супраць аднаўлення вадасховішча і ўсяго гідравузла. На дадзены момант няма канкрэтных праектаў і разлікаў, сродкаў на іх рэалізацыю, а таксама самай магчымасці правядзення работ.
Тым часам гаспадарчая інфраструктура, крытычна залежная ад функцыянавання вадасховішча, не мае неабходнага запасу трываласці, каб проста чакаць аднаўлення ў стане прастою. Пытанні водазабеспячэння населеных пунктаў і часткі арошаных сельгасугоддзяў ужо актыўна вырашаюцца з дапамогай альтэрнатыўных спосабаў падачы вады.
Сельгасвытворцы вымушаныя замяняць некаторыя культуры на засухаўстойлівыя, таму адаптацыя да новых рэалій адбываецца самастойна і ў разрэз з неадназначнымі перспектывамі аднаўлення ГЭС».
Поўнае даследаванне па ўплыву ваенных дзеянняў на навакольнае асяроддзе Украіны можна запампаваць па спасылцы.