Балоцістыя землі складаюць 3 % ад сушы па ўсім свеце, але ўлоўліваюць і захоўваюць больш вуглякіслага газу за лясы, плошча якіх большая ў 10 разоў. Але гэта глабальныя звесткі — параўнаць адзін абстрактны гектар лесу і адзін абстрактны гектар балотаў было б занадта складана, бо ў розных месцах вынікі могуць дужа адрознівацца.
У ЕС цяпер каля 60 мільёнаў гектараў балотаў, і іх асушэнне ў мінулым было звязана з эканамічнымі фактарамі. Балоты як такія лічыліся пустой тратай тэрыторый, іх асушалі, каб выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы. І, вядома, пачаліся праблемы.
Па-першае, асушанае балота працягвае ўсыхаць і «скукожваецца» на 1-2 сантыметры штогод, па-другое, высушаныя балоты асацыююцца з высокім узроўнем выкідаў СО2 — у залежнасці ад розных фактараў гаворка можа ісці пра 10–30 тон парніковых газаў з гектара ў год.
Але для фермераў высушаныя балоты маюць сэнс — на гэтых землях можна зарабляць грошы. А як зарабіць на тым, што нанова забалочана? Вырошчваць ежу не атрымаецца — занадта вільготна. Пасці скот ці касіць траву на корм таксама збольшага не выйдзе, бо тая трава, што расце на балотах, альбо не мае зусім, альбо мае вельмі невялікую харчовую каштоўнасць.
Тым не менш, выйсце ёсць — тыя расліны, што растуць на балоце, можна выкарыстоўваць у якасці біямасы. З плюсаў — такой біямасы вельмі шмат. З мінусаў — трэба дадатковае абсталяванне, якое не трэба было фермерам у іншых умовах. Заадно, калі аднавіць балоты, у новых экасістэмах могуць з’явіцца рэдкія віды, і тады ўзнікнуць новыя праблемы з выкарыстаннем зямель.
Дык як зарабіць на балоце?
Традыцыйна немцы выкарыстоўвалі расліны на балотах двума спосабамі: збіралі камыш (phragmites australis), каб пакрываць дахі, і выпасалі на такой зямлі водных буйвалаў (для іх, у адрозненне ад больш традыцыйнай худоб, гэта можа быць мэтазгодна). Але абодва варыянты маюць сур’ёзныя недахопы, якія адштурхоўваюць фермераў.
Для збору камышу трэба адмысловыя прыстасаванні, і кошт інвестыцый можа быць занадта высокім. Якасць раслін пры гэтым далёка не заўжды можа пасаваць для таго, каб імі пакрывалі дах.
А што тычыцца вадзяных буйвалаў, дык патэнцыйны рынак для продажу іх малака і мяса занадта маленькі, каб разглядаць гэтую опцыю як добрую для шырокага прымянення.
Альтэрнатыва, на якой факусуецца Ральф Пецэнка — гэта новыя тэхналагічныя лініі для забалочаных зямель. Да 2030 года ў Нямеччыне плануецца нанова забалоціць каля 130 тысяч гектараў зямель. Вось што, паводле інжынера, можна вырабляць з біямасы:
- Маты для абароны ад эрозіі. Зараз яны часта робяцца з розных відаў пластыку, што становіцца яшчэ адной крыніцай пластыкавага забруджвання зямлі і паветра.
- Паперу і ўпакоўку. Гэта ўжо практыкуецца ў Беларусі.
- Фармаваную цэлюлозу.
- Дызайнерскія панэлі. Наўрад ці пасуе для масавай вытворчасці, але для асобнага невялікага бізнесу ідэя цалкам працоўная.
- ДВП.
- Валаконныя гранулы.
- Падкладкі для жывёл.
Раней Зялёны партал ужо пісаў, што ў Беларусі такая біямаса перапрацоўваецца ў розныя віды паліва, кампост, картон, паперу і ўпакоўку. Таксама на адноўленых тэрыторыях збіраюць ураджаі ягад, меданосаў і лекавых раслін. На базе заказнікаў развіваюць турызм, ладзяць фестывалі, што таксама можа быць прыбытковай стратэгіяй.
Але чым далей, тым больш з’яўляецца спосабаў, як яшчэ можна выкарыстоўваць біямасу балотных раслін. Некалькі дадатковых прыкладаў ад Ральфа Пецэнкі:
Ізаляцыя для сцен: будуецца дзве сцяны, а ў прастору паміж імі задуваецца біямаса. Галоўны плюс — такая ізаляцыя параўнальна танная. А калі выкарыстоўваць якасныя сцены, дык ні з мышамі, ні з казуркамі праблем не будзе.
Панэлі — з біямасы можа быць добрая альтэрнатыва гіпсавай тынкоўцы, з саломінак — не горшая замена гіпсакартону.
Брыкеты з камышовай саломы — імі нельга тапіць самастойна, але яны могуць быць добрым танным дадаткам да іншага паліва.
Балотная абарона
Пра еўрапейскія балоты ў апошнія гады загаварылі ў яшчэ адным — вайсковым — кантэксце. У 2022 годзе ўкраінцы абаранілі Кіеў ад расійскага нападу яшчэ і тым, што падарвалі плаціну на рацэ Ірпень, дзякуючы чаму аднавілася даўно высушаная балотная пойма.
«Праз тры гады гэты акт адчаю натхняе краіны ўздоўж усходняга фланга НАТА задумвацца пра аднаўленне іх уласных балотаў, аб’ядноўваючы два еўрапейскія прыярытэты, якія ўсё часцей змагаюцца за ўвагу і фінансаванне: абарону і клімат», – піша Politico.
Фінляндыя і Польшча ўжо заявілі, што актыўна даследуюць аднаўленне балот як шматмэтавую меру па абароне сваіх межаў і барацьбе з кліматычным крызісам.
Калі дзяржавы будуць разглядаць паўторнае забалочванне як меру вайсковай абароны, гэта дае надзею людзям, якія цяпер выкарыстоўваюць гэтыя асушаныя землі ў сельскагаспадарчых мэтах, што дзяржава дапаможа ім з мерамі адаптацыі — магчыма, нейкімі субсідыямі, магчыма, падатковымі палёгкамі ці яшчэ нейкімі спосабамі.
У той жа час для іншых людзей такія перамены, наадварот, прыносяць больш трывог, бо яны пабойваюцца, што спасылаючыся на патрэбы абароны, дзяржава зойме больш аўтарытарную пазіцыю і не стане траціцца на меры адаптацыі, каб падтрымаць фермераў і іншы бізнес, які страціць грошы з-за паўторнага забалочвання зямель.
Так ці інакш, Польшча, паводле Міністэрства абароны, ужо ўключыла паўторнае забалочванне зямель у свой масіўны план узмацавання ўсходніх межаў, на які вылучана 2,3 мільярды еўра.