08.01.2025 / 14:01

«Не спажываць больш, чым трэба, і не засмечваць планету» — такой фразай можна апісаць асноўны матыў фестывалю свядомага спажывання, які прайшоў напярэдадні Новага года ў мультыкультурным цэнтры Варшавы.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Гэта не проста мерапрыемства — гэта рух, які аб’яднаў людзей з розных краін, каб паказаць, як зрабіць жыццё больш экалагічным і гарманічным.

 

Атмасфера: супольнасць і творчасць

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Фестываль уразіў сваёй утульнасцю і натхняльнай атмасферай. Многія ўдзельнікі параўноўвалі яго з навагоднім кірмашом, дзе пануе дух супольнасці і крэатыўнасці. На ўваходзе гасцей сустракала зона абмену адзеннем і цацкамі.

Тут можна было аддаць нешта непатрэбнае і знайсці для сябе рэчы, якія такім чынам атрымалі другі шанец. Гэта не проста эканомія сродкаў, але і жаданне зрабіць свет больш чыстым.

«Гэта было больш, чым проста абмен. Гэта пра ўзаемную падтрымку і клопат пра навакольнае асяроддзе», – адзначылі многія ўдзельнікі.

Апроч матэрыяльнага, людзі забіралі з сабой натхненне і новы погляд на звыклыя рэчы.

 

Ідэя фестывалю: ад невялікай ініцыятывы да руху

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Як распавёў арганізатар мерапрыемства, старшыня праўлення фонду «Неруш Натура» Уладзімір Зуеў, менавіта з гэтай простай ідэі абмену адзеннем і паўстаў фестываль.

«Усё пачалося з абмеркавання, як зменшыць колькасць тэкстыльных адходаў», – распавёў Уладзімір.

З часам простая ініцыятыва трансфармавалася ў комплекснае мерапрыемства.

«Мы дадалі майстар-класы, дзе ўдзельнікі маглі навучыцца не проста пазбаўляцца ад лішкаў, але і ператвараць непатрэбныя рэчы ў нешта карыснае і прыгожае. Гэта не толькі зніжае колькасць адходаў, але і дае новае жыццё тэкстылю», – дадаў ён.

Фестываль стаў пляцоўкай для аб’яднання людзей вакол ідэі цыркулярнай моды.

«Мы хацелі паказаць, што ўстойлівае спажыванне — гэта не пра абмежаванні, а пра разумны падыход, які карысны і для планеты, і для бюджэту», – падкрэсліў Уладзімір.

Праблема абыходжання з тэкстыльнымі адходамі сёння актуальная ва ўсім свеце — звярнуў увагу на важнасць гэтай тэмы Кшыштаў Мрозэк, прадстаўнік Польскай Зялёнай Сеткі, якая падтрымала фестываль.

«Ідэя і фармат фестывалю натхняюць, бо яны не толькі звяртаюць увагу на экалагічныя пытанні, але і вучаць практычным падыходам да перапрацоўкі і паўторнага выкарыстання. Гэта асабліва важна цяпер, калі ў Польшчы ўвялі новы абавязковы парадак сартавання тэкстыльных адходаў», адзначыў ён.

Згодна з новымі правіламі, людзі абавязаныя сартаваць тэкстыль і дастаўляць яго ў спецыяльныя пункты збору адходаў.

«Фестывалі, такія як гэты, — цудоўная нагода падрыхтаваць грамадства да гэтых зменаў і паказаць, што тэкстыльныя адходы могуць атрымаць другое жыццё», – дадаў прадстаўнік.

 

Майстар-класы: ад снегавічкоў да вянкоў

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Менавіта практычная частка фестывалю стала адной з найбольш прыцягальных для наведвальнікаў. Ладзіліся майстар-класы на любы густ, дзе кожны мог знайсці нешта для сябе: ад пляцення шопераў са старых швэдраў да стварэння святочных вянкоў.

Удзельнікі рабілі цацкі з тканіны, брошкі з джынса, святочныя вянкі. Удзельнікі варштату па аромадыягностыцы не толькі вучыліся адчуваць водары, але і разумець іх уплыў на псіхалагічны стан.

І нават выкарыстанню новых тэхналогій можна было навучыцца падчас майстар-класа па працы са штучным інтэлектам.

Асабліва папулярным быў майстар-клас па вырабе снегавічкоў са шкарпэтак, які праводзіла Ганна Скрыган.

«На працягу дня людзі падыходзілі, цікавіліся, як гэта выглядае. Убачыўшы, якія мілыя цацкі атрымліваюцца, яны далучаліся да працэсу. Мы зрабілі шмат снегавічкоў, кожны з якіх атрымаўся ўнікальным. Гэта цудоўны спосаб даць другое жыццё старым шкарпэткам», – падзялілася Ганна.

Яна распавяла, што ідэя гэтага майстар-класа ў яе з’явілася пасля валанцёрскай акцыі. Беларусы памятаюць, як каля дзесяці год таму рабілі снегавічкоў для хворага ўкраінскага хлопчыка, які лекаваўся ў Гомелі.

«Апрача творчасці, гэта яшчэ і магчымасць паменшыць колькасць адходаў. У кожным доме ёсць рэчы, якія можна ператварыць у нешта карыснае і прыгожае. Напрыклад, шкарпэткі, якія засталіся без пары, або старыя падушкі, што сталі напаўняльнікамі для цацак», – адзначыла Ганна, падкрэсліваючы важнасць экалагічнага аспекту.

 

Экаадукацыя: жыццё з павагай да сябе і планеты

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Фестываль меў глыбокае адукацыйнае значэнне. Прэзентацыі закраналі сучасныя тэндэнцыі спажывання, эканомію пры дапамозе крамаў секанд-хэнд і гармонію ў выбары адзення. Асабліва запомнілася лекцыя пра псіхалагічны аспект шопінгу: як маркетынг уплывае на нас і чаму важна супрацьстаяць спакусам неабдуманых пакупак.

Кансультацыі па бяспецы харчовых прадуктаў таксама сабралі шмат ахвотных. Гэта сведчыць пра тое, што людзі імкнуцца да зменаў у розных аспектах жыцця.

Як сказала адна з удзельніц: «Мне падабаецца ідэя не засмечваць планету. Гэты фестываль паказвае, як простыя рэчы могуць стаць асновай для вялікіх пераменаў. Гэта цудоўная ініцыятыва, якая заслугоўвае развіцця і падтрымкі».

Іншая наведвальніца падзялілася сваім досведам: «Мне вельмі спадабаўся майстар-клас па стварэнні навагодніх вянкоў. Гэта быў мой першы вопыт, і вынік мяне парадаваў. Такія мерапрыемствы натхняюць на свядомасць у спажыванні і дапамагаюць задумацца пра ўплыў нашых дзеянняў на планету».

 

Будучыня — за свядомасцю

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Фестываль у Варшаве стаў першым крокам да стварэння супольнасці, якая падтрымлівае ідэі ўстойлівага спажывання. Гэта мерапрыемства адкрывае шлях для аб’яднання людзей розных культур вакол адной важнай ідэі.

«Нягледзячы на некаторыя складанасці, гэтае мерапрыемства паказала, што нават маленькія крокі могуць прывесці да вялікіх пераменаў, што людзі могуць не проста змяняць звычкі, але і быць часткай глабальнага экалагічнага руху», – падсумаваў Уладзімір Зуеў.

Ідэі фестывалю не спыняюцца на адной падзеі. Ужо плануюцца новыя праекты на наступны год, каб працягнуць гэты рух і прыцягнуць у яго яшчэ больш людзей.

 

Фестываль свядомага спажывання стаў магчымым дзякуючы супрацоўніцтву розных суполак і арганізацый, у тым ліку фонду Nierusz Natura, Free Belarus Center і фонду Wspólny Stół. Актыўную падтрымку аказалі Мультыкультурны цэнтр у Варшаве, Польская Зялёная Сетка і Кааліцыя «Чыстая Балтыка».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость