09.06.2025 / 08:06

Шостага чэрвеня ў Беларусі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў, піша Позірк.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Паводле даных Белгідрамета, у  Брагіне і Лельчыцах паветра прагрэлася да 31,7 градуса цяпла. Ранейшы максімум пратрымаўся 25 гадоў (31,6 градуса ў Брэсце). 

У Брагіне лакальны экстрэмум перавышаны на 0,3 градуса (31,4 у 2014 годзе), у Лельчыцах — на 0,9 (30,8 у 2003-м).

Між тым на выходных у Беларусь прыйшоў навальнічны фронт, які валіў дрэвы і шкодзіў маёмасць.

Фота - МНС Беларусі
Фота - МНС Беларусі

Па дадзеным МНС было зафіксавана 176 выпадкаў падзення дрэў. У Магілёўскай вобласці “зафіксаваныя пашкоджанні інфраструктуры і прыватнай маёмасці”, парушалася электразабеспячэнне ў трох населеных пунктах і на 23 трансфарматарных падстанцыях.

“Падраздзяленні МНС здзейснілі тры выезды для ўборкі паваленых дрэў: два выпадкі — у Клічаўскім раёне, адзін выпадак — у Магілёўскім раёне. Пацярпелых у гэтых інцыдэнтах няма”, — адзначаецца ў паведамленні ведамства.

У Брэсцкай вобласці з-за непагадзі пацярпелі Брэсцкі, Маларыцкі, Пінскі і Ганцавіцкі раёны, пашкоджаны дах 21 дома. Таксама ў рэгіёне ўстаноўлена 27 фактаў падзення дрэў. 142 выпадкі падзення дрэў зафіксавана ў Гомельскай вобласці.

Заяўляецца аб ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Мінску і Мінскай вобласці.

Пашкоджанні ў Мазыры
Пашкоджанні ў Мазыры

У ноч на панядзелак моцная навальніца абрынулася на Мазыр і ваколіцы. Вецер пашкодзіў дахі дамоў, лініі электраперадач, паваліў дрэвы. 

Учора ўвечар у Столінскім раёне маланкай забіла маладога мужчыну і параніла дзяўчыну, паведамляе Smartpress. Яны былі ля вадаёма ў момант навальніцы.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость