09.09.2024 / 14:09

Аб тым, што год таму ён абяцаў аддаць новую рэзідэнцыю ў Мінску розным сацыяльным НДА, а таксама зааабаронцам, нагадала "Наша Ніва".

Будынак па Чырвонаармейскай вуліцы, 15 на этапе рэканструкцыі. Фота: «Наша Ніва»
Будынак па Чырвонаармейскай вуліцы, 15 на этапе рэканструкцыі. Фота: «Наша Ніва»

Пра рэканструяваны пад раскошную рэзідэнцыю будынак былой лечкамісіі летась  распавёў "Белпол" .

Дызайн-канцэпцыя будынку перадугледжвала VIP-зону адпачынку са спа, саўнай, а таксама прадстаўнічыя памяшканні з дарагімі вітражамі, кабінет загадкавага кіраўніка з апартаментамі, кабінеты для персаналу, у тым ліку ахоўніка і асабістага доктара.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», будынак былога аддзялення афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра (гэта значыць, прэзідэнцкай бальніцы) — гэта ў задуме рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу. Такую новую пасаду Аляксандр Лукашэнка прапісаў у Канстытуцыі ў 2022 годзе.

Уладальнік гэтай пасады мае паўнамоцтвы кантраляваць прэзідэнта краіны, што дало падставы меркаваць, што яна задуманая пад самога Лукашэнку на перыяд, калі ён пастарэе і захоча перадаць уладу падкантрольнаму сабе пераемніку.

Аднак, як толькі стала вядома пра новую рэзідэнцыю, Лукашэнка спіхнуў усё на "варожыя сілы", якія нібыта "спрабуюць укусіць" яго.

Паводле версіі Лукашэнкі ён нібыта даручыў аддаць стары будынак для патрэбаў "фондаў, якія мы закрылі, сабачак лячылі, катоў, дабрачынныя і гэтак далей".

Як закрытыя фонды і НДА змогуць там пасяліцца, Лукашэнка не ўдакладніў. Але ўжо ў траўні бягучага году межы рэзідэнцыі пашырыліся, захапіўшы не толькі тэрыторыю былой лечкамісіі, але і так званы дом Офлі па вуліцы Янкі Купалы, 5.

Да сёння ў новым будынку зарэгістраваны толькі "Фонд Першага", які афіцыйна не вядзе ніякай дзейнасці, піша "Наша Ніва".

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость