15.05.2024 / 13:05

«Мы жывем у Пластыцэне. Гэта эпоха пластыкавай эпідэміі – пластмасы праніклі ў кожны аспект нашага жыцця, а пазбегнуць мікрапластыку проста немагчыма», піша earthday.org у сваёй справаздачы

Фота: earthday.org Гэтая выява была згенераваная з дапамогай нейрасеткі
Фота: earthday.org Гэтая выява была згенераваная з дапамогай нейрасеткі

З 1950-х, калі пластык пачаў з’яўляцца ў нашым жыцці, мы ўзрошчвалі ідэю, нібыта ён змяняе нашы жыцці да лепшага. Здавалася б, яшчэ крыху – і мы заявім, што пластмаса – гэта карысны прадукт харчавання.

І толькі цяпер мы пачынаем разумець, наколькі ўсё кепска, калі мы знаходзім мікрапластык у пітной вадзе і ў харчовым ланцугу. Падобна, што і праўда ямо пластык. І найгоршай гэтая сітуацыя аказваецца для дзяцей. Але чаму?

Чаму немаўляты і троху старэйшыя дзеці становяцца галоўнымі пацярпелымі ад мікрапластыку? Па-першае, важную ролю грае памер цела. Тое, што для дарослага чалавека будзе нязначнай дозай, для 15-кілагарамовага дзіця будзе велічэзнай дозай.

Па-другое, істотныя патэрны паводзінаў малых і дарослых людзей. Дарослых нячаста можна застаць за жаваннем рандомных рэчаў, якія проста апынуліся побач, а маленькія дзеці так робяць увесь час.

Немаўляткі, у якіх рэжуцца зубы, імкнуцца бесперапынна нешта грызці, а яшчэ амаль у кожнага дзіця ёсць такая фаза развіцця, якую найлепш можна апісаць як «спазнай сусвет на смак». Адпаведна, у дзіцячым роце пластык проста аказваецца часцей.

Фота: verywellfamily.com
Фота: verywellfamily.com

Праблізна да трох гадоў дзеці збольшага абапіраюцца на смак, калі вывучаюць усё навокал сябе. Справа ў тым, што ў роце шмат нервовых канчаткаў, якія «камунікуюць» наўпрост з мозгам. Жуючы нешта, дзіця распазнае, ежа гэта ці не, наколькі прадмет халодны ці гарачы, а таксама атрымлівае шмат іншай карыснай інфармацыі.

«Высокія канцэнтрацыі пластыку ў кале маленькіх дзяцей можна звязаць з шырокім выкарыстаннем пластмасавых вырабаў накшталт бутэлечак для кармлення, адмысловых дзіцячых кубачкаў, пластмасавых лыжак і місак, пластыкавых прарэзвальнікаў для зубоў і розных цацак, якія звычайна даюць дзецям у гэтым узросце», – кажа доктар навук Курунтахалам Канан з Нью-Ёркскага медуніверсітэта імя Гросмана.

Паводле даследвання 2021 года, колькасць мікрапластыку ў фекаліях немаўлятаў перавышае ягоную колькасць у фекаліях дарослых людзей ажно ў 10 разоў. Таксама даследчыкі падлічылі, што немаўляты могуць праглынуць да 4,5 мільёнаў пластыкавых часціц у суткі, калі харчуюцца з поліпрапіленавай дзіцячай бутэлечкі.

Яшчэ адно тлумачэнне, чаму ў фекаліях маленькіх дзяцей так шмат пластыку – гэта той факт, што ва ўзросце ад 6 месяца да года большасць дзяцей шмат поўзае. Такі спосаб перасоўвання робіць больш шчыльным кантакт з побытавым пылам, які складаецца ў тым ліку і з мікрапластыку.

А што з грудным малаком? Нажаль, добрых навінаў няма. У 2022 годзе пілотнае даследаванне ў Нідэрландах выявіла мікрапластык у грудным малацэ. Мікрапластык быў у 18 з 25 узораў, якія тады даследаваліся.

А ў Італіі ў тым жа годзе ўзялі 34 пробы груднога малака, і ў 75 % з іх таксама былі часціцы мікрапластыку. Навукоўцы зрабілі з гэтага выснову, што хімікаты, якія былі ў ежы, што ўжывала жанчына, маглі трапіць у яе малако.

Фота: unicef.org.uk
Фота: unicef.org.uk

Пластык у дзіцячым жыцці літаральна паўсюль – паводле некаторых справаздач, 90 % дзіцячык цацак выраблены з пластыку. Звычайна ў іх выкарыстоўваюцца два кампаненты – полівінілхларыд (ПВХ) і Бісфенол А (BPA).

Вінілхларыд, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці ПВХ, – вядомы жывёльны і чалавечы канцэраген, і дзеці, жуючы цацкі, могуць фактычна спажываць яго. BPA выкарыстоўваецца для таго, каб зрабіць пластык больш трывалым, але праблема з гэтым кампанентам у тым, што ён умешваецца ў працу гарманальнай сістэмы арганізма і можа выклікаць празмерную выпрацоўку эстрагена.

69 % тканіны, з якой цяпер шыецца наша вопратка, вырабляюцца з пластмас на нафтавай аснове. З такіх сінтэтычных матэрыялаў атрымліваецца тэкстыль, які не трэба прасаваць, і пры гэтым ён хутка сохне і можа быць воданепранікальным. Гэтыя якасці дзіцячай вопраткі дужа падабаюцца бацькам і спрашчаюць іх паўсядзённае жыццё.

Але ёсць у такой вопраткі і іншыя якасці, якія бацькам куды менш да спадобы: некаторыя сінтэтычныя матэрыялы не «дыхаюць» так жа добра, як натуральныя, а таксама яны могуць затрымліваць вільгаць. І ўсе гэтыя сінтэтычныя тканіны распадаюцца на патэнцыйна шкодныя мікрапластыкі і мікравалокны.

Зрэшты, гэта тычыцца не толькі дзіцячай вопраткі, а таксама пасцельнай бялізны і матрасаў – усе яны змяшчаюць мікрапласты і мікравалокны. І кожны раз, калі мы пярэм нейкі з гэтых прадметаў, мікрачасціцы пластыку (5 міліметраў у даўжыню ці менш) трапляюць у ваду. Лічыцца, што 35 % мікрапластыку, што плавае ў акіяне – гэта часціцы з вопраткі.

Фота: sellhimvs.life
Фота: sellhimvs.life

Каб зразумець, наколькі моцна ўдзеянне мікрапластыку ўплывае на здароўе дзяцей, трэба праводзіць яшчэ больш даследванняў, але мы ўжо ведаем, што гэтыя часціцы могуць накаплівацца ў жывых арганізмах і прыводзіць да генетычных парушэнняў, акісляльнага стрэсу, уплываць на паводзіны, фертыльнасць, нараджальнасць і смяротнасць.

Больш за тое, мікрапластык уплывае на плод яшчэ да нараджэння. Дэпартмент эпідэміялогіі універсітэта Браўна працаваў з 16 даследаваннямі ў пошуку пабочных эфектаў фталатаў і высветліў, што калі плод сутыкаецца з фталатамі, рызыка заўчасных родаў вырастае на 12-16 %.

Ёсць і яшчэ больш трывожныя звесткі – даследванне, апублікаванае ў часопісе «Фертыльнасць і стэрыльнасць» паказала, што медыянны ўзровень BPA ў жанчын, чыя цяжарнасць скончылася выкідышам, быў вышэй, чым у тых, у каго нарадзіліся жывыя дзеці.

Жанчыны з самым высокім узроўнем BPA мелі на 83 % большую верагоднасць выкідыша ў першым трыместры, чым тыя, у каго быў самы нізкі ўзровень.

Ёсць мікрапластык і ў плацэнце. Даследчыцкая група з Кітаю ў 2022 годзе ідэнтыфікавала полівініл хларыд і поліпрапілен. Абодва гэтыя палімеры вядомыя як патэнцыйныя пагрозы для здароўя – яны могуць выклікаць рэпрадуктыўную дысфункцыю, анкалагічныя захворванні і дысфункцыю імуннай сістэмы.

Але раней падобнае адкрыццё рабілі і італьянскія даследчыкі: у 2020 годзе яны знайшлі ў плацэнце 12 кавалкаў пігментаванага мікрапластыку. Чым гэта небяспечна? Пластыкавыя часціцы могуць перарываць сувязь паміж плодам і арганізмам маці, што ў сваю чаргу небяспечна патэнцыйнымі прыроджанымі дэфектамі.

Але вернемся ўласна да дзяцей. Ведаеце, дзе ў гарадскім парку больш за ўсё пластыку? На дзіцячай пляцоўцы. Канцэнтрацыя мікрапластыку на іх была ў пяць разоў вышэйшая за іншыя месцы ў парку. Адпаведна, дзеці, якія гуляюцца ўласна на дзіцячай пляцоўцы, больш сутыкаюцца з мікрапластыкам, чым тыя, хто бавяць час у іншых частках парку.

Так званая гумовая крошка, дзякуючы якой «падлога» на дзіцячай пляцоўцы аказваецца пругкай, часта робіцца з лому шын. І тры справаздачы – з 2007, 2010 і 2016 года, – зробленыя Каліфарнійскім офісам па ацэнцы небяспекі для навакольнага асяроддзя, паказалі, што гэтая крошка ёсць крыніцай мікрапластыку.

А даследванне Адкрытага нідэрландскага універсітэта ў 2017 годзе падлічыла, што шыны адказныя за 10 % усяго мікрапластыку ў свеце.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость