11.04.2024 / 11:04

Прыядналіся да акцыі і паназіралі за досведам суседзяў. Спойлер: падобна на беларускі актывізм, па якім мы ссумаваліся.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

У аўторак, 9 красавіка, у парку віленскага раёну Наўйінінкай прадстаўнікі ўстановы «Vilniaus miesto parkai» і арганізацый «Naujininkų seniūnija» і «Naujininkų bendruomenė» усталявалі на яблынях, што растуць у парку, новыя шпакоўні. А заадно прывялі ў парадак самі дрэвы.

Наогул, парк у Наўйінінкаі менавіта паркам стаў параўнаўча нядаўна. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта было дзікае месца, фактычна лес, хаця яблыні даволі даўно былі пасаджаныя людзьмі. Праўда, і пра іх у пэўны момант забыліся і перасталі іх даглядаць.

Аўтар гэтых радкоў, як чалавек далёкі ад прырода- і раслінаахоўных спраў, са здзіўленнем даведаўся, што, напрыклад, пышная крона – не абавязкова добра для дрэва. Прынамсі, для дрэва пладовага, як яблыня.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Калі галіны труцца адна аб адну, гэта можа прыводзіць да пашкоджання кары і, як і ў выпадку з арганізмам чалавека, у рану можа патрапіць інфекцыя, якая прывязде да хваробы.

Таксама лішнія галіны адбіраюць у дрэва сілы, якіх перастае хапаць на развіццё пладоў. Яблыкі або грушы не будуць дастаткова вялікімі і смачнымі, а значыць, і прывабнымі не толькі для людзей, але і для птушак і жывёл, якія імі харчуюцца. Ну і, нарэшце, калі галіны занадта разрастуцца, птушкам проста будзе цяжка трапляць у іх птушыныя дамы.

Таму актывісты ў аўторак займаліся ў Наўйінінкайскім парку адразу дзвюма важнымі і карыснымі справамі: падрэзалі галінкі і вешалі шпакоўні.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Прадстаўнікі «Vilniaus miesto parkai» кіравалі працэсам, тлумачылі, як правільна рабіць падрэзку галін (важна, каб не заставалася доўгіх абрубкаў), а таксама самі ўдзельнічалі ў працы.

Натуральна, у прафесіяналаў, якія займаюцца гэтым ці не ўсё жыццё, усё атрымлівалася хутчэй, чым у тых, хто ўпершыню ўзяў у рукі секатар – праверана на сабе.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Па меры таго, як дрэвы пазбаўляліся лішніх галін, на іх з’яўляліся і новыя шпакоўні, падрыхтаваныя вучнямі Наўйінінкайскай гімназіі.

Праз забудову, што вядзецца ў Вільнюсе ў апошнія гады, плошча зялёных зон непазбежна скарачаецца. Адпаведна, скарачаецца і плошча для жыхарства жывёл і птушак, таму важна ствараць для іх спрыяльныя ўмовы.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Хаця забудова ў літоўскай сталіцы вядзецца ўсё ж дастаткова цывілізавана, і той жа парк Наўйінікая яна зачапляе слаба і не наносіць яму вялікай шкоды. Як сказаў мне адзін з удзельнікаў акцыі, нашмат большым галаўным болем для раёна з’яўляюцца наркаманы.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Аднак гэта не адмяняе неабходнасці клапаціцца і пра гарадскую прыроду, чым віленцы актыўна займаюцца. І дрэвы, і птушкі будуць ім за гэта ўдзячныя.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость