Як паведамляе Белэнерга, за 10 ліпеня энергетыкам удалося ўзнавіць электразабеспячэнне ў 600 населеных пунктах. Дасюль працы вядуцца ў 167 паселішчах – пераважна ў Магілёўскай, Менскай і Віцебскай абласцях.
Таксама паведамлялася, што працы па аднаўленні электразабеспячэння вяліся ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, на якія непагадзь прыйшлася на ранішнія гадзіны 10 ліпеня.
Паводле звестак МНС, 10 ліпеня моцныя навальніцы з парывістым ветрам да 25 м/с закранулі два населеныя пункты Менскай вобласці – вёску Ганчароўка ў Смалявіцкім раёне і горад Жодзіна. Там пашкоджаны дахі дзевяці жылых дамоў і сямі гаспадарчых пабудоў.
Па краіне зафіксавана 318 выпадкаў падзення дрэў: 6 – у Віцебскай вобласці, 16 – у Гомельскай, 233 – у Менскай, 52 – у Магілёўскай і 11 выпадкаў у Менску. Ад падзенняў пацярпелі 13 аўтамабіляў, у тым ліку ў Барысаўскім і Менскім раёнах, у Жодзіне, Мсціслаўскім раёне Магілёўшчыны і ў сталіцы.
У Менску з 16:30 да 18:00 з-за моцных дажджоў былі часткова затоплены 15 участкаў дарог, а таксама падвалы аднаго прыватнага і аднаго шматкватэрнага дома, часова прыпыняўся транспарт.
Паведамляецца, што людзей сярод пацярпелых няма.
Сёння, 11 ліпеня, сіноптыкі таксама абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
У Беларусі на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Падчас навальніц месцамі магчымыя моцныя ліўні, парывісты вецер да 15–20 м/с, у асобных раёнах – да 21–24 м/с. У некаторых месцах можа выпасці град. Надвор’е будзе пераменна воблачнае. Вецер зменлівых напрамкаў 5–10 м/с, з парывамі да 14 м/с. Паветра прагрэецца да +15° на паўднёвым захадзе і да +31° на паўночным усходзе краіны.