12.06.2025 / 10:06

Навуковец Сяргей Бесараб пра штучны інтэлект і ядзерную энергію.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Зялёны партал паразмаўляў з даследчыкам пра тэхналогіі штучнага інтэлекту як адну з прычын ядзернага рэнэсансу ў свеце. Навуковец лічыць, што галоўная праблема ў выкарыстанні гэтых здабыткаў цывілізацыі – не тэхналагічная, а этычная.

– Сяргей, зойдзем трохі здалёк: сёння атамная энергетыка прызнаная ў ЕС нізкавугляроднай нароўні з сонечнай і ветравой, і гэта трохі бянтэжыць. Як такое атрымалася, на ваш погляд?

– Калі кажуць пра вугляродны след, то канечне ж ніхто не улічвае выдаткі і рызыкі доўгатэрміновага захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва, лічаць хіба толькі актуальны death print.

Канечне, аварыі на АЭС прыводзяць да катастрафічных наступстваў, але яны здараюцца даволі рэдка. Калі лічыць death print – колькасць смерцяў на кілават вырабленай энергіі – то паміж аб’ектамі розных відаў энергетыкі будзе вялікі разрыў. На першым месцы вугаль, потым нафта, далей – драўніна, потым толькі газ, і перадапошні – гэта ГЭС.

А вецер, сонца і АЭС ідуць у адной групе. То бок у ветравых, сонечных і атамных электрастанцый – прыкладна аднолькавая колькасць смерцяў. Таму нічога дзіўнага, што ў 2022 годзе Еўразвяз прызнаў атамную энергетыку – разам з газавай – зялёнай і ўстойлівай. У ЗША такое прызнанне адбылося яшчэ раней.

Гісторыі атамнай энергетыкі троху больш за 50 гадоў. Няма доўгатэрміновай базы назіранняў. Таму пра атамную энергетыку як нізкавугляродную кажуць толькі ў моманце, што паказваюць, напрыклад, разлікі даследчыцы Таццяны Новікавай, якая даказвае, што калі павялічыць гарызонт разгляду (улічваць перыяд захоўвання), то вугляродны след значна вышэйшы.

Калі ідуць размовы пра экалагічнасць АЭС, то трэба пытаць пра дыяпазон часу. БелАЭС адпрацуе 50 гадоў і, хутчэй за ўсё, так і не выйдзе на самаакупнасць. А потым яе трэба будзе ўтылізаваць.

Як гэта будзе рабіцца ў Беларусі, калі нават у Германіі з утылізацыяй АЭС праблемы? Нават калі разбяруць АЭС, адкіды ўсё роўна застануцца ў Беларусі. Ігналінская АЭС, напрыклад, ні жыве, ні памірае. Адзіны пакуль досвед поўнага дэмантажу АЭС – гэта Германія.

Калі мы бярэм энергію ветру і павялічваем гарызонт разгляду з цяперашняга моманту да 15-20 гадоў, то таксама паўстае пытанне ўтылізацыі лапасцей.

Ёсць ужо могілкі зношаных лапасцей, якія проста ляжаць і чакаюць тых, хто з імі нешта зробіць. Хаця што з імі рабіць – незразумела: там жа вуглевалакно, перапрацаваць яго складана. Але гэта, канечне, нельга параўноўваць з адкідамі ядзернай вытворчасці, якія будуць фаніць тысячы год.

Сяргей Бесараб. Фота - з архіва героя
Сяргей Бесараб. Фота - з архіва героя

– Сяргей, на вашую думку, чаму ў свеце адбываецца паварот ад зялёнай энергетыкі да атамнай?

– Ядзерны рэнэсанс моцна звязаны з геапалітыкай. ЗША тут – заканадаўца мод. У сусветнага лідара пасля выбараў Трампа пачаўся хаос, і праз гэта пасыпалася ўсё астатняе. Раней іншыя краіны ўскладалі адказнасць за ядзерную бяспеку на ЗША як на такога глабальнага паліцыянта: Штаты падумаюць, яны прапануюць нейкія варыянты, яны зробяць нам лепш. І раптам гэтага паліцыянта ў людзей забралі. Хаос Трампа з аднаго боку, Кітай падціскае з другога боку… Краіны пачынаюць ізалявацца. Мы ўступаем у эпоху дэглабалізацыі.

Тэхнаалігархі, якія сабраліся вакол Трампа, маюць аграмадны ўплыў у медыя, у сацсетках. Яны транслююць свае думкі, сваю павестку і тым самым кіруюць светам. А транслююць яны важнасць так званага штучнага інтэлекту і неабходнасць укладання грошаў у яго развіццё, неабходнасць будаваць новыя АЭС, каб забяспечваць энергію для працы нейрасетак.

Гэта добра падкаваныя тэхнічна людзі без этыкі, без філасофіі. Такія, умоўна кажучы, аспергеры, якія бачаць толькі сваю патрэбу камерцыйнага прыбытку. Людзей, якія міждысцыплінарна глядзелі б на гэтую справу, няма.

На адных тэхналогіях сёння складана нешта пабудаваць. Побач з тэхналогіямі павінна заўсёды ісці этыка.

– Так званы штучны інтэлект?

– Я не магу казаць «штучны інтэлект» па філасофскіх прычынах. У навуковай супольнасці дагэтуль няма агульнапрынятага азначэння, кансэнсусу, што такое інтэлект, што такое свядомасць. Я выкарыстоўваю больш аб’ектыўныя вызначэнні, накшталт «нейрагены» ці «нейрасеткі».

Тое, што цяпер ё, сучасныя генератыўныя мадэлі – гэта, так бы казаць, Т9 на стэроідах: статыстычны аўтазавяршальнік, – рэч, якая ўгадвае, якое будзе наступнае слова ці прапаноўвае нейкія прагнозы, абапіраючыся толькі на вялікі масіў тэкстаў. Да інтэлекту гэта не мае дачынення, ніяк не сведчыць пра наяўнасць самасвядомасці ці нейкага разумення.

Зараз нейрасеткі проста напампоўваюць дадзенымі, на што ідзе шмат энергіі, утвараецца велізарная колькасць парніковых газаў, а матэматычнай мадэлі, якая б паказвала, што гэта калі-небудзь ператворыцца ў т. з. агульны, ці богападобны інтэлект, здольны самастойна генераваць новыя  канцэпты па-за межамі навучальных даных, – няма. Пакуль мы толькі назіраем амаль вар’яцкі перабольшаны нейрагенавы аптымізм сярод лідараў меркаванняў.

– Экспертка па ядзернай энергетыцы Таццяна Новікава лічыць, што «штучны інтэлект» можа быць аптымізаваны, каб ён выдаваў больш праўдзівую інфармацыю, выкарыстоўваючы менш энергіі. Развіваюцца ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, і тое, што было немагчыма ўчора, становіцца магчымым сёння. Напрыклад, раней лічылася, што алюмініевы завод можа працаваць толькі ад АЭС, бо патрабуе шмат энергіі. Але аптымізацыя печаў дазволіла кампаніі Nukor выплаўляць алюміній, карыстаючыся ўзнаўляльнай энергіяй.

– Бясконца скармліваць дадзеныя нейрасеткам бессэнсоўна, гэта гарызантальнае развіццё. Можна займацца вылоўліваннем там багаў, але гэта – не аптымізацыя.

Хутчэй за ўсё, Таццяна мае на ўвазе тое ж, што і я: для вертыкальнага росту трэба змена парадыгмы, пераход на іншы тып, напрыклад, на нейкія нейраморфныя нейрасеткі, яшчэ больш падобныя да чалавечага мозгу, на т. з. SSM-мадэлі ці выкарыстанне магутнасцей вырашчаных сінтэтычна жывых нейронаў. У апошнія гады нейрасеткі вертыкальна не развіваюцца, стагнуюць, няхай за галасамі ШI-прапагандыстаў гэта і незаўважна шырокаму колу людзей.

Кампутаршчыкі разумеюць, што такое мова рацыяльных запытаў. Нейрасеткі, ў адрозненне ад інтэрнэт-пашукавікоў, дапускаюць plain language-запыт. Можна выкарыстоўваць розныя «Э-э», «а-а», «слухай» – нейрасетка гэта ўсё пераварыць і дась вынік па кантэксце, а не па мове запыту. Але на гэта згарае процьма энергіі, на вось гэтыя «дзякуй» і «калі ласка», «пакуль» – лічыце кошт антрапаморфнасці.

Калі ўжо вельмі хочацца, можна гэта ўсё напісаць у адным паведамленні і націснуць «Занясі ў памяць». Не трэба гэта пісаць у кожным паведамленні.

Правільны запыт да нейрасеткі – з максімумам кантэксту. Не «Чым карміць ката?», а «Чым карміць ката такой-та пароды такога-та ўзросту ў такую-та пару дня».

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

– Аляксей Картыннік, праграміст, tech-блогер і папулярызатар ШІ, сказаў у інтэрв’ю Зялёнаму парталу, што з цягам часу тэхналогіі штучнага інтэлекту самі прыдумаюць, як знізіць сваё спажыванне энергіі. Вы згодныя?

– Ужо дзесяць год таму на звычайным кампутары ў Акадэміі Навук Беларусі мы усталеўвалі нейрасетку і вучылі яе распазнаваць добрую і кепскую моркву. І чыстымі дадзенымі кармілі: даследчыца з Інстытута батанікі пстрыкала па малюнках, навучаючы той нейраген, дзе добрая морква, а дзе кепская. Але нармалёвая LLM (Large Language Model) зараз на звычайным камп’ютары нічога не пацягне, яно будзе ледзь варушыцца. Тое, што можна ўсталяваць, ніяк не кажа пра роўную прадукцыйнасць.

Адкрытыя мадэлі, якія дазваляюць усталяваць іх на хатні кампутар, моцна скарочаныя (квантызаваныя) і сціснутыя за кошт адмовы ад дакладнасці і генератыўных магчымасцей. Так што нават з тым жа чатам gpt розніца будзе касмічная.

Нейрасеткі існуюць вельмі розныя. Зараз і датчыкі ёсць для замераў вільготнасці і тэмпературы ў памяшканнях, і дзіцячы канструктар з нейрасеткай унутры. За даляр. Але гэта зусім не тое ж самае, што які-небудзь Gemini 2.5 Pro ці ChatGPT 4.1.

– Той жа Картыннік кажа, што цяпло дата-цэнтраў – карысная крыніца, якую можна і трэба выкарыстоўваць. Можа, яе можна выкарыстаць замест часткі ядзернай энергіі?

– Дата-цэнтры сапраўды генеруюць вельмі шмат другаснага цяпла, і 99 % гэтай энергіі не выкарыстоўваецца. Яна проста выкідваецца і грэе Зямлю. Хаця гэта цяпло даволі проста сабраць і выкарыстаць. Напрыклад у Паўночнай Еўропе з’явіўся трэнд рэкупаваць энергію ад дата-цэнтраў. У Нарвегіі гэтым цяплом грэюць басейны, дзе расце рыба.

У Парыжы алімпійскія басейны грэлі цяплом ад дата-цэнтра. Дарэчы, і ў саджалках-ахалоджвальніках ля АЭС звычайна шмат рыбы. І яна чыстая, калі АЭС працуе без парушэнняў бяспекі.

Калі б дзяржава, якая пускае на сваю тэрыторыю дата-цэнтр, на заканадаўчым узроўні прапісала б абавязак рэкупаваць пэўны адсотак цяпла, гэта пытанне можна было б вырашыць, хоць і страціўшы невялікую частку прыбытку.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

– З аднаўляльнай энергіяй нібы ёсць ўласныя праблемы.

– Ёсць меркаванне, з якім я згодны, што блэкаўт у Гішпаніі і Партугаліі здарыўся праз тое, што ў іх вялікая доля сонечнай і ветравой энергетыкі. Гэта немагчыма сцвярджаць дакладна, бо мінэнерга Гішпаніі засакрэціла справаздачу пра блэкаўт, таму што гэта датычыцца энергетычнай бяспекі. Аўтаматыка пачала адключаць электрасеткі, бо вагалася частата току.

А частату стабілізуюць, рухаючыся, махавікі сінхронных генератараў. Гэта інерцыйная ці рэактыўная нагрузка. Гэта дазваляе згладжваць ваганні ў спажыванні і генерацыі. Такая ж нагрузка і на махавіках генератараў, якія на ТЭЦ, напрыклад, працуюць – яны стабілізуют частату току. У Гішпаніі іх не было. Наадварот, у сістэмах на аснове інвертараў (якія пераўтвараюць пастаянны ток ад сонечных панэляў і ветракоў у пераменны ток сеткі) такая інерцыйная стабілізацыя адсутнічае.

У выніку, пры раптоўных ваганнях нагрузкі інвертары пачалі вылучацца, што яшчэ больш узмацніла нестабільнасць і прывяло да паслядоўнага спрацоўвання аутаматычных сістэм засцярогі. Акрамя таго, у ЕС недастатковая ёмістасць сістэм назапашвання (акумулятараў) той узнаўляльнай энергіі, што абмяжоўвае магчымасць кампенсацыі ваганняў генерацыі.

Апроч таго, пры праектаванні многіх сучасных энергетычных сістэм выкарыстоўваліся дапушчэнні адносна клімату, якія цяпер не адпавядаюць рэальнасці: хуткасць кліматычных змен перавышае прагнозы, што патрабуе тэрміновага перагляду нарматыўных падыходаў. На жаль, гэты працэс ідзе занадта павольна.

– Тым часам, гледзячы на ўзрастанне патрэбаў чалавецтва ў энергіі, некаторыя эксперты лічаць, што без атамнай энергетыкі не абыйсціся.

Не бывае рэчаў, якія ўсім падабаюцца. Трэба ісці на кампраміс. Тое, што мы маем уранавую энергетыку – гэта сума кампрамісаў. Я падтрымліваю будаўніцтва малых модульных рэактараў. Большасць з іх не патрабуе вады для ахалоджвання.

Калі той паліўны модуль актыўнай зоны расплавіўся – не будзе катастрофы, яго можна проста заліць бетонам. Пацерпяць толькі мо супрацоўнікі, ці тыя, хто зусім побач жыве. Малыя модульныя рэактары лёгка транспартаваць, лёгка і хутка робяцца састаўныя часткі.

Але для іх трэба звышузбагачаны ўран, які дае яшчэ больш небяспечныя адкіды, чым ад звычайных АЭС. Калі глядзець з пункту глежання верагоднасці катастрофы кшталту Чарнобыльскай, то малыя модульныя рэактары – нашмат лепшае рашэнне, чым вялікія АЭС з вадой, ці тым больш старыя РПМК.

Але з перспектывы дзясяткаў гадоў небяспека такая ж – адкіды, іх захоўванне у прыпаверхневых сховішчах, прасочванне ў ваду. Яшчэ адна праблема – інэртныя радыёактыўныя газы і трытый. Гэта асноўная радыёактыўная нагрузка ад АЭС, што працуе ў штатным рэжыме. І пра іх ніхто не любіць казаць. Трытый можа выходзіць падчас рамонтаў, разгерметызацыі.

Я раю разрозніваць радыяфобію і радыябяспеку. Усе трэнды паказваюць, што радыяфобіі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі не будзе месца. Але радыяцыйная бяспека павінна быць перадусім.

Мы выкарыстоўваем АЭС, але захады бяспекі павіны быць узведзены ў абсалют. А для гэтага патрэбная асвета, людзі павінны разумець, што такое радыяцыя на самай справе, як працуюць малыя модульныя рэактары, у чым іх адрозненні ад класічных АЭС.

Эколагі зараз павінны быць і навуковымі камунікатарамі, даносіць да людзей розніцу між Чарнобылем і малымі модульнымі рэактарамі. Радыяцыя і там, і там, але месцы, дзе яна захоўваецца, зусім розныя, прынцыпова адрозніваюцца.

Фанатычная радыяфобія – такая ж шкодная, як фанатычная радыёфілія. І адно, і другое трэба адкінуць. Павінна застацца толькі радыяцыйная бяспека.

І датычна энергетыкі, і датычна развіцця злучаных цесна з энергетыкай нейрасетак адсутнасць этычнага вымярэння падчас прыняцця рашэнняў можа прывесці да непрадказальных і негатыўных наступстваў. Менавіта гэта мы зараз і назіраем: дзеянні, заснаваныя выключна на камерцыйнай выгадзе.

Для ядзернай энергетыкі доўгатэрміновае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, звязанае з утылізацыяй радыеактыўных адкідаў, выклікае сур’ёзныя засцярогі, нягледзячы на прызнанне яе нізкавугляроднай у кароткатэрміновай перспектыве. Захоўванне адпрацаванага ядзернага паліва застаецца праблемай, для якой пакуль няма рашэння. З аднаго боку.

А з другога падціскае неабходнасць працягу «напампоўвання» нейрасетак дадзенымі, што прыводзіць да велізарнага спажывання энергіі і выдзялення парніковых газаў. Ёсць такое выказванне, што усё прыгожае функцыянальна, усё функцыянальнае – прыгожа. І вось этычнасць любой тэхналогіі – гэта і ёсць яе прыгажосць.

Прагрэс павінен суправаджацца ўсвядомленым падыходам да этычных і доўгатэрміновых наступстваў, каб Зямля не ператварылася ў Г’едзі Прайм, таксічную планету сям’і Харконэнаў з сусвету Дзюны. Бо тады нічога не застанецца, акрамя як вайна ўсіх з усімі. Без этыкі, якая факусуецца на бяспецы і дабрабыце грамадства, любыя тэхналагічныя дасягненні могуць апынуцца не карыснымі, а абсалютна дэструктыўнымі для чалавецтва. Стаць апошнімі…

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость