“Для Беларусі гэта вельмі цікавая знаходка. Гэты від быў знойдзены ў нас і раней, але гэта было вельмі даўно – у далёкім 1782 годзе батанікам Жыліберам”, - распавёў Аркадзь Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута:
Пры гэтым настурцыя лекавая расце ў суседніх з Беларуссю краінах – у Польшчы, Літве.
“Нечакана і дзіўна, што гэтая расліна захавалася ў нас. Яна была знойдзена ва ўмовах, якія набліжаны да натуральных – на беразе ручая з хуткай плынню. Але тое, што столькі гадоў яе не знаходзілі, а зараз знайшлі – вельмі ўражвае”.
Што праўда, батанікі не выключаюць, што знойдзеная расліна магла трапіць у прыроднае асяроддзе з культурнай плантацыі, бо яе вырошчваюць для харчавання, насенне настурцыі прадаецца ў крамах.
Каб высвятліць, адкуль яна ўзялася, навукоўцы плануюць правесці генетычны аналіз
“У нас ёсць яшчэ год да заканчэння працы над 5-м выданнем Чырвонай кнігі. І за гэты год мы спадзяёмся з дапамогай генетычнага аналізу даведацца, ці сапраўды настурцыя лекавая расце ў Беларусі альбо трапіла да нас аднекуль з Еўропы”.