12.10.2026 / 08:10

Чаму беларусы верылі, што душы памерлых вяртаюцца ў выглядзе птушак, дзе знаходзіцца загадкавы Вырай і як пералётныя птушкі знаходзяць дарогу за тысячы кіламетраў? Новы выпуск падкаста «Містычная Беларусь» прысвечаны старажытным вераванням, птушынай навігацыі і сучасным пагрозам на міграцыйных шляхах. 

 

На YouTube-канале Зялёнага партала выйшаў новы эпізод падкаста «Містычная Беларусь». Гэтым разам расказваем пра птушак-душ, таямнічую геаграфію Выраю і нябачныя арыенціры, якія дапамагаюць пералётным птушкам знаходзіць шлях.

Паводле старажытных беларускіх вераванняў, душа памерлага чалавека магла вярнуцца ў свет жывых у выглядзе птушкі. А Млечны Шлях нашы продкі называлі Птушынай дарогай, якую Бог выклаў да Выраю – міфічнага месца, куды адлятаюць птушкі.

Але дзе заканчваюцца паданні і пачынаецца навука?

 

Як птушкі знаходзяць дарогу ў Вырай

Пералётныя птушкі сапраўды выкарыстоўваюць нябесныя арыенціры. Яны здольныя вызначаць кірунак па зорках і Сонцы, а таксама арыентавацца з дапамогай магнітнага поля Зямлі. Асабліва загадкавай выглядае здольнасць маладых птушак знаходзіць шлях да месцаў зімоўкі, нават калі яны адпраўляюцца ў падарожжа ўпершыню.

 

Што перашкаджае птушкам на старажытных маршрутах

Птушыныя міграцыі працягваюцца тысячагоддзямі, але сёння на гэтых шляхах з'яўляецца ўсё больш перашкод, створаных чалавекам. Асушэнне балот змяняе прыродныя тэрыторыі, ад якіх залежаць пералётныя птушкі. Гарадское асвятленне можа перашкаджаць іх арыентацыі, а шкляныя будынкі і лініі электраперадачы ствараюць небяспеку падчас палёту.

У выпуску расказваем, як гэтыя змены ўплываюць на птушак і што людзі могуць зрабіць, каб іх міграцыйныя маршруты сталі бяспечнейшымі.

Ці можна зноў адамкнуць Вырай? Шукаем адказ разам з беларускімі паданнямі і сучаснай навукай.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость