«Стала вядома, што сёння раніцай у бальніцы памерла пажылая жанчына, якая пацярпела падчас абстрэлу 14 лістапада. Колькасць загінулых кіяўлян ад рук расійскіх тэрарыстаў складае сем асоб», — распавёў кіраўнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.
Як паведамілі ў эфіры тэлемарафону «Адзіныя навіны», загінулая — удава першай ахвяры Чарнобыльскай катастрофы Наталля Хадзямчук, якая пасля атакі знаходзілася ў бальніцы са значнымі апёкамі: было пашкоджана каля 45% паверхні цела.
Акрамя гэтага, жанчына атрымала апёк дыхальных шляхоў. Пагоршыла сітуацыю тое, што ў яе быў цукровы дыябет другога тыпу, ішэмічная хвароба сэрца і гіпертанічная хвароба сэрца.
У яе дом уляцеў шахед, пашкоджаныя кватэры на 6, 7 і 8 паверхах.
У гэтым доме жылі былыя супрацоўнікі ЧАЭС і іхнія сем’і, якіх у 1986 годзе эвакуявалі з горада Прыпяць. Менавіта ў гэтым доме атрымалі кватэры ўдовы першых загінулых работнікаў станцыі. Сярод іх — Наталля Хадзямчук.
Яе муж Валерый Хадзямчук быў старшым аператарам галоўнага цыркуляцыйнага насоса 4‑га энергаблока рэактарнага цэха ЧАЭС. Падчас выбуху ён знаходзіўся на працоўным месцы побач з галоўнымі цыркуляцыйнымі насосамі і стаў першай ахвярай катастрофы. Ён так і застаўся пахаваным пад заваламі 4‑га энергаблока.