Паразмаўлялі з жыхарамі Гомеля, Мазыра, Калінкавіч і Турава. І вось якія рэакцыі атрымалі.
«А што здарылася на ЧАЭС? Асабіста я не чула і інфармацыі не сустракала».
«Я не чуў нічога, і мяркуючы па ўсім, ніхто не чуў. Інфармацыі нуль, цішыня поўная».
«Пра сітуацыю чулі, канешне. Мясцовыя жыхары маўчаць. Усе ўвогуле імкнуцца размаўляць толькі на бяспечныя тэмы. Ці не казаць увогуле».
«Пра пашкоджанне канфаймента я чуў. Тут ніхто пра гэта ня ведае».
«Жартуеце?! Ніхто нічога не ведае. Вось еду з нарады педагогаў у Гомелі».
«Я сам літаральна пару гадзін таму гэтую інфармацыю даведаўся. Напісалі ў групе “Зона адчужэння”. Тамака займаюцца арганізацыяй экскурсій у зону. Таму не ведаю, як іншыя рэагуюць і што гавораць».
«Чулі, што радыяцыйны фон у норме, а што здарылася — не абмяркоўваецца. Людзі на рынку ў цэнтры горада не абмяркоўваюць гэтую тэму».
«Расія прабіла дно... Кахоўскае вадасховішча ўзарвала... Мяркую, небяспекі няма. Швы накладуць аператыўна».
Нагадаем, што раніцай пятніцы 14 лютага на дах вялікага арачнага збудавання — канфайнмента над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай атамнай станцыі ўпаў ударны беспілотнік. Распачаўся пажар.
Яго тушылі два десяткі пажарных на вышыні 87 метраў. Плошча скразнога разбурэння склала 15 кв. м.
Украінскія ўлады абвінавацілі ў атацы на ЧАЭС Расію. Расія, у сваю чаргу, заявіла, што гэта правакацыя з боку Украіны.