16.06.2026 / 11:06

У Беларусі няма закона пра энергетычныя кааператывы, а прадаць лішак электраэнергіі суседу па законе немагчыма. Але гэта не заважае людзям аб’ядноўвацца дзеля энергетычнай бяспекі, эканоміі і большай незалежнасці. Эксперт у сферы аднаўляльнай энергетыкі Арцём Быстрык прапануе паглядзець на гэтае пытанне не праз прызму абмежаванняў, а праз магчымасці, якія існуюць ужо сёння.

"Мы не шукаем, хто вінаваты. Гэта ўвогуле не пра гэта. Пытанне ў тым, што рабіць далей", – адзначае ён.

Паводле Быстрыка, энергетычныя супольнасці – гэта не толькі пра сонечныя панэлі ці новыя тэхналогіі. Гэта адказ адразу на некалькі выклікаў: энергетычную бяспеку, рост коштаў, кліматычныя змены і неабходнасць вучыцца дзейнічаць разам. Аднак ці можна стварыць такую супольнасць там, дзе для яе пакуль няма нават адпаведнага паняцця ў законах?

Танная энергія, якая дорага каштуе

Можа здацца, што энергетычныя кааператывы Беларусі проста не патрэбныя. У адрозненне ад краін Еўрасаюза, дзе людзі плацяць за электрычнасць значна больш, у Беларусі тарыфы для насельніцтва застаюцца адносна нізкімі. Але ў гэтай сітуацыі ёсць і другі бок.

"Там, на Захадзе, тэрмін вяртання інвестыцый у аднаўляльныя крыніцы энергіі складае пяць–сем гадоў. У Беларусі – пятнаццаць і больш", – тлумачыць эксперт.

Танныя тарыфы азначаюць, што людзям менш выгадна ўкладацца ў ўцяпленне дамоў, сонечныя панэлі ці іншыя энергаэфектыўныя рашэнні. У выніку энергаспажыванне застаецца высокім, а пераход да больш устойлівых мадэляў адбываецца павольна. Але справа не толькі ў грошах. Беларуская энергасістэма застаецца вельмі залежнай ад аднаго рэсурсу – прыроднага газу з Расіі.

"Уся гэтая гіганцкая энергасістэма Беларусі прадукуецца амаль цалкам з прыроднага газу, які паступае з Расіі. Менавіта таму пытанне энергетычнай бяспекі для Беларусі адно з ключавых і яно стаіць вельмі востра. Тэхнічна маштабныя збоі ў сістэме магчымыя, а запасаў паліва ў выпадку крызісу хопіць не на бясконцы час", – падкрэслівае Быстрык.

У свеце адным з найбольш устойлівых падыходаў лічыцца дыверсіфікацыя крыніц энергіі, каб краіна не залежала ад аднаго пастаўшчыка або аднаго тыпу паліва. У гэтым сэнсе лакальныя энергетычныя супольнасці могуць стаць дадаткам да агульнай устойлівасці сістэмы. Калі энергія выпрацоўваецца бліжэй да месца спажывання, а людзі самі ўдзельнічаюць у кіраванні праектамі, сістэма становіцца больш гнуткай і менш уразлівай да знешніх шокаў.

"У вас стаіць сонечная панэль – але вы не можаце дапамагчы суседу"

Калі гаварыць пра энергетычныя кааператывы ў Беларусі, галоўная праблема кроіцца ў адсутнасці прававога поля.

"У беларускім заканадаўстве няма нават паняцця "энергетычная супольнасць". Калі выкарыстоўваць дзяржаўныя сеткі, то ніхто нікому не можа прадаць энергію, акрамя дзяржаўнай арганізацыі "Белэнерга"", – тлумачыць эксперт.

Для звычайных грамадзян гэта азначае вельмі простую рэч:

"У вас стаіць сонечная панэль на даху – вы не можаце кабель перакласці праз плот суседу. Гэта будзе парушэннем закона. Гэтак жа вы не можаце ад свайго катла падвесці трубу ў суседні дом. Для гэтага патрэбныя асобныя дазволы і ліцэнзіі".

Менавіта таму, калі ў Беларусі з’явяцца паўнавартасныя энергетычныя кааператывы, заканадаўства давядзецца змяняць. Аднак гэта не азначае, што сёння нічога нельга зрабіць.

"Найбольш блізкая да энергетычнага кааператыва форма ў нашых умовах – гэта спажывецкі кааператыў. Прынцып просты: адзін чалавек – адзін голас, а мэта – задавальненне патрэб сяброў кааператыва. Пры гэтым унёскам могуць быць не толькі грошы, але і зямля, тэхніка ці іншыя рэсурсы", – тлумачыць Арцём.

І хоць патрэбных словаў у законах пакуль няма, сам механізм калектыўнага дзеяння для беларусаў добра вядомы. Гаражныя кааператывы, садовыя таварыствы і таварыствы ўласнікаў ужо шмат гадоў працуюць паводле супольнай логікі.

Энергетычныя супольнасці без энергетычных супольнасцяў

Нягледзячы на ўсе абмежаванні, Арцём Быстрык перакананы: у Беларусі ўжо сёння можна знайсці формы супольнай дзейнасці, якія па сваёй сутнасці вельмі блізкія да энергетычных кааператываў.

Адзін з самых відавочных прыкладаў – таварыствы ўласнікаў жылля. Сонечныя панэлі можна ўсталёўваць для пакрыцця агульных патрэб дома: працы ліфтаў, асвятлення пад’ездаў, вентыляцыі.

"Людзі і так плацяць у сваіх жыроўках за агульнае спажыванне. Калі з’яўляецца крыніца энергіі, якае закрывае частку гэтых патрэб, жыхары атрымліваюць кампенсацыю сваіх выдаткаў. Гэта ўжо набывае рысы энергетычного кааператыва", – адзначае Быстрык.

Але энергетычная супольнасць – гэта не абавязкова пра сонечныя панэлі.

"Калі нам нельга ствараць сеткі і працягваць кабелі ці трубы адзін да аднаго, мы можам разам купіць драбілку для шчэпы. Калі нагатаваць паліва на сезон супольна, купіўшы эканомную драбілку і ператвараючы адходы ў паліва для сябе і суседзяў, – гэта і ёсць самая сапраўдная энергетычная супольнасць, якая нават не патрабуе рэгістрацыі".

Яшчэ адзін сцэнар, пра які прапануе задумацца Арцём, – супольныя сонечныя станцыі і акумулятары.

"Можна скінуцца з сябрамі, паставіць поле панэляў, а карыстацца імі праз мабільныя акумулятары. Такія акумулятары можна зараджаць ад супольнай станцыі і насіць па дамах. Гэта не з’яўляецца парушэннем, такое можна рабіць нават зараз".

Асобна эксперт вылучае біягазавыя станцыі – мадэль, якае працуе ў Польшчы, дзе злучаюцца органы самакіравання, фермеры і мясцовыя жыхары. Станцыя выпрацоўвае газ, цяпло і электрычнасць, ствараючы цыркулярную эканоміку. У энергетыцы часам дастаткова проста па–іншаму арганізаваць ужо існуючыя рэсурсы.

У якасці прыкладу ён прыводзіць працоўную схему ў Кракаве: школа і жылыя дамы побач.

"Школа патрабуе энергію ўдзень, калі свеціць сонца, а жыхары – раніцай і ўвечары. Калі дапасаваць профілі спажывання і вытворчасці, схема працуе вельмі эфектыўна", – кажа эксперт. Ён таксама нагадвае пра сонечныя калектары, якія могуць забяспечваць гарачай вадой летам цэлыя будынкі.

Усе гэтыя прыклады аб’ядноўвае адна думка: энергетычныя супольнасці пачынаюцца з суседзяў, якія вырашаюць разам закрыць канкрэтную патрэбу.

Дом у Гродне, які павінен быў змяніць правілы гульні

Здавалася б, калі ёсць сучасныя тэхналогіі і магчымасць эканоміць, людзі будуць ахвотна імі карыстацца. Але беларускі досвед паказвае: нават самыя прагрэсіўныя рашэнні не працуюць без удзелу саміх жыхароў.

"Сумна гэта назіраць", – признаецца Арцём Быстрык, распавядаючы пра эксперыментальны шматкватэрны дом у Гродне.

На яго фасадах усталявалі больш за 200 сонечных панэляў, выкарыстоўвалі цеплавыя помпы, сістэмы рэкуперацыі, а таксама атрымлівалі энергію з грунта і каналізацыйных сцёкаў. Гэты дом спажываў у два разы менш энергіі. Тэхнічна гэта была агульная крыніца энергіі для жыхароў. Але праз некалькі гадоў інавацыі перасталі выкарыстоўвацца.

"Жыхары выключылі цеплавыя помпы і вентыляцыю з рэкуперацыяй. Цяпер дом падключаны проста да цэнтральнага цеплазабеспячэння Гродна. Прычына простая: не ўмелі, не хацелі, не разабраліся", – кажа Быстрык.

Гэтая гісторыя паказвае: саміх тэхналогій недастаткова. Энергетычная супольнасць – гэта яшчэ і здольнасць людзей дамаўляцца, вучыцца новаму і браць адказнасць за агульную маёмасць.

"Ёсць яшчэ сацыяльныя рызыкі – недавер да калектыўных ініцыятыў. Але я бачыў, як людзі ў Беларусі пры зразумелай мэце хутка ствараюць эфектыўныя калектывы".

Грамадству проста не хапае станоўчага досведу і разумення, што кааперацыя можа быць інструментам для вырашэння ўласных праблем.

"Савецкі перыяд у многім знішчыў гэты досвед, а ў 90–я ён быў перакручаны. Але зараз варта гэтым цікавіцца, бо гэта права грамадзян. Таму галоўным бар’ерам могуць аказацца не законы, а гатоўнасць людзей дзейнічаць разам".

"Гэта выбар людзей – хацець не толькі бяспекі і грошай"

Навошта наогул аб’ядноўвацца, калі можна проста паставіць сонечныя панэлі самастойна?

"Кааператыў – гэта складаная структура. Патрэбныя намаганні, узносы, менеджмент. Ці выгадней гэта, чым самому паставіць панэлі? Адзінага адказу няма", – прызнае Арцём.

У розных краінах у кааператывы прыходзяць з розных прычын: дзеля эканоміі, незалежнасці або каштоўнасцяў. Быстрык узгадвае размову са сваёй знаёмай з Партугаліі, дзе энергетычныя кааператывы ўжо сталі часткай паўсядзённасці.

"Я пытаўся ў сяброўкі: чаму не занесці грошы ў банк, а ісці ў кааператыў? Яна адказала, што справа ў каштоўнасцях і місіі".

Пасля таго як кааператыў вяртае ўкладзеныя сродкі, яго ўдзельнікі могуць самастойна вырашаць, на што накіраваць далейшы прыбытак.

"Калі кааператыў вяртае інвестыцыі, вольныя сродкі накіроўваюцца на падтрымку суседніх школ, садкоў ці дапамогу пажылым людзям. Гэта выбар людзей – яны хочуць трошкі больш, чым проста бяспеку і грошы", – кажа Быстрык.

У гэтым і заключаецца галоўнае адрозненне энергетычнай супольнасці ад звычайнага бізнес–праекта. Яна працуе дзеля супольності, якая яе стварае.

"Ёсць яшчэ адна схема – энергасервісны кантракт. Фірма ўцяпляе дом за свой кошт, а жыхары працягваюць плаціць столькі ж, колькі плацілі раней. Толькі гэтыя грошы ідуць ужо не за страты цяпла, а на пагашэнне выдаткаў на мадэрнізацыю", – тлумачыць эксперт.

Што рабіць далей?

Арцём Быстрык прапануе не ўспрымаць энергетычныя кааператывы як нешта недасягальнае. Першы крок – гэта цікавасць і гатоўнасць вучыцца. Эксперт нагадвае, што кааператыўны рух ва ўсім свеце грунтуецца на сямі прынцыпах, сфармуляваных Міжнароднай кааператыўнай асацыяцыяй яшчэ ў 1995 годзе: добраахвотнае сяброўства, дэмакратычны кантроль, эканамічны ўдзел, анутомія, адукацыя, супрацоўніцтва і клопат пра супольнасць.

Гэтыя прынцыпы могуць стаць асновай і для Беларусі. Пры гэтым супольныя праекты часта аб’ядноўваюць нават тых людзей, якія ў іншых сітуацыях не знайшлі б агульнай мовы.

"Самыя эфектыўныя энергетычныя супольнасці, напрыклад у Брытаніі, часта складаюцца з людзей з рознымі палітычнымі поглядамі. Гэта парадокс, але гэта працуе".

Сёння ў Беларусі няма неабходнай прававой базы, немагчыма проста пракласці кабель суседу. Але гэта не азначае, што ў краіне няма патрэбы ў больш устойлівай энергетыцы. Бо энергетычныя супольнасці – гэта не толькі пра кілават–гадзіны. Гэта пра ўменне дамаўляцца і разам клапаціцца пра агульныя рэсурсы. Галоўнае пытанне ў тэмы, ці будуць беларусы гатовыя скарыстацца такой магчымасцю, калі яна нарэшце з’явіцца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость