Смачная эканомія
Ну, пра смак можна спрачацца бясконца, але аматараў грыбных страў — шмат. Цэны на грыбы могуць «кусацца» і на кірмашах, і ў супермаркетах, а калі вы пойдзеце збіраць іх самастойна — заплаціць давядзецца хіба што за дарогу.
Дарэчы, на Куфары цяпер лісічкі прапаноўваюць ад трох з паловай рублёў за літр, што гучыць не так і дрэнна, але паездка на электрычцы ўсё адно можа выйсці танней. І адразу контраргумент для тых, хто скажа, што час — грошы, і яго таксама трэба лічыць: вы маеце рацыю, але не ўлічваеце дадатковыя, неграшовыя выгоды ад паходаў па грыбы.
Калі грыбоў сабралі шмат, іх можна замарозіць, замарынаваць ці засушыць. Тут мусіў быць доўгі спіс страў, якія можна зрабіць з такіх падрыхтаваных баравікоў ці тых жа лісічак, але мы верым, што з пошукам гэтых рэцэптаў вы справіцеся самі, а мы будзем далей пераконваць вас, што трэба ісці па грыбы!
Традыцыі і клопат пра сябе
Збор грыбоў можа быць часткай сямейных традыцый і сродкам, які дапаможа вам у чарговы раз адчуць сябе часткай вялікай, нават нацыянальнай супольнасці. Гэта непарыўна звязана з клопатам пра сябе, бо сімвалічнае яднанне з сям'ёй ці нацыяй каштоўнае менавіта на тэрапеўтычным узроўні.
Асабліва цяпер, калі так шмат сем’яў падзеленыя і разарваныя праз палітычны крызіс у Беларусі, калі сотні тысяч беларусак і беларусаў вымушаныя жыць за мяжой, хоць не жадалі гэтага, любыя формы сімвалічнай еднасці асабліва каштоўныя.
Калі так шмат падзей знаходзіцца па-за нашым кантролем, вельмі важна знаходзіць тое, на што мы можам адчувальна ўплываць. І збор грыбоў, як бы банальна гэта ні гучала, — адзін з такіх сродкаў самадапамогі.
Лясная тэрапія
Гэта адзін з відаў так званай лесатэрапіі. Яна, паводле Глабальнага інстытуту аздараўлення, азначае ўспрыманне лясной атмасферы ўсімі органамі пачуццяў. Гэта не проста шпацыр па лесе, а свядомая практыка пагружэння ў віды, гукі і пахі лесу. Гэтая практыка накіраваная на тое, каб запаволіцца і ўспрымаць усе аспекты навакольнага асяроддзя.
Лесатэрапія бярэ пачатак у японскай практыцы сінрын-ёку, што азначае «лясныя ванны». Гэты панятак у свой час распаўсюдзіў міністр сельскай гаспадаркі Тамахідэ Акіяма, які заявіў, што для духоўнага выздараўлення японцам неабходная сіла прыроды. Беларускай параненай душы яна таксама вельмі дапамагае! Асабліва калі перад шпацырам выключыць гук на тэлефоне і пакласці яго ў кішэню.
Навука, навука, яшчэ раз навука
Любы паход у лес — гэта добры шанец даведацца нешта новае, а паход па грыбы адчувальна павялічвае адукацыйны патэнцыял такіх вылазак. Так што калі вас хоць трошкі цікавіць біялогія, вельмі раім лес і збор грыбоў.
Як гэта працуе: вы ходзіце павольна, углядаецеся ў зямлю, заўважаеце новыя віды раслін, бачыце і новыя грыбы, і паводзіны тых жа мурашоў. Чуеце птушак, вучыцеся (пажадана загадзя) адрозніваць змей, знаходзіце заканамернасці, напрыклад, паміж тыпам глебы і раслінамі, якія там растуць.
Каб на месцы разабрацца з тым, якую ж новую раслінку вы ўбачылі, можна карыстацца Google Lens або іншым інструментам у смартфоне. Так, гэтая парада супярэчыць папярэдняй — прыбраць тэлефон, — але ж не ўсе плюсы праяўляюцца адначасова! Дзеля навукі адзін раз можна ахвяраваць глыбокім тэрапеўтычным эфектам паходу па грыбы.
Але, уласна, грыбы з дапамогай мабільных дадаткаў апазнаваць не раім — гэта ўсё-такі небяспечна. Лепш прытрымлівацца залатога правіла грыбнікоў і браць толькі тое, у чым дакладна ўпэўнены.
Калі апазнаваць грыбы не ўмееце зусім, тады альбо ідзіце ў лес з чалавекам, які будзе вас вучыць, альбо проста фатаграфуйце іх, а не збірайце. Правільна пастаўленая задача (напрыклад, знайсці мінімум 7 відаў грыбоў) зробіць і такі шпацыр карысным і цікавым.
Развіццё старых навыкаў
Дапусцім, ідэя проста ісці ў лес і збіраць грыбы падаецца вам нейкай зануднай і не натхняе нават пасля ўсяго, апісанага вышэй. Бывае і так. Але раптам вы любіце фатаграфаваць? Ці малюеце? Ці пішаце вершы або прозу? Паход па грыбы можа дапамагчы з развіццём гэтых творчых навыкаў.
Так бы мовіць, галоўнае — навучыцца правільна спалучаць. Вядома, гэта не падыдзе тым, хто зусім не хоча ў лес. Прымушаць сябе і не трэба — на шчасце, хапае ў свеце і іншых класных заняткаў. Але калі вам быццам бы і хочацца, але нешта замінае, неяк матывацыі не хапае, такі падыход — акурат для вас!
Хай збор грыбоў будзе дадаткам, а асноўная мэта шпацыру — папрактыкавацца здымаць расліны альбо зрабіць 10 вельмі розных здымкаў, якія потым будуць асновай для вашых малюнкаў, татуіровак, калажаў — ды чаго заўгодна.
Прыдумвайце метафары для грыбоў і дрэў, шукайце, на якіх анімацыйных герояў падобныя пні, падбірайце камбінацыі адценняў зялёнага для дызайну інтэр’ера.
А грыбы хай будуць дадаткам. Можа, і ўцягнецеся!