
Пад знос пойдуць прыватны сектар і зялёныя зоны.
Грамадскія абмеркаванні ўжо завяршыліся, а чыноўнікі працягваюць прасоўваць праект, які раней не ўдалося рэалізаваць у іншай частцы Берасця.
"Зялёны партал" сочыць за гэтай гісторыяй з самага пачатку. Нагадаем, што раней гарадскія ўлады планавалі ўшчыльніць мікрараён "Усход" – узвесці там 37 шматпавярховых дамоў. Пад забудову павінны былі трапіць зялёныя зоны і пляцоўкі для выгулу сабак, а адлегласць паміж будынкамі магла скараціцца менш чым да 30 метраў.
Ушчыльненне «Усхода»: у Берасці хочуць пабудаваць 37 шматпавярховікаў замест зялёнай зоны
Спроба шчыльнай забудовы ў берасцейскім мікрараёне «Усход» правалілася
Тады грамадскі актывіст Ігар Маслоўскі ў інтэрв'ю "Зялёнаму парталу" назваў праект горадабудаўнічай памылкай. Паводле яго слоў, гаворка ішла пра занадта шчыльную забудову без базавай экалагічнай інфраструктуры.
"37 панэльных 11-павярховікаў – і ніводнай нават невялікай зялёнай зоны. Гэта стварае эфект "цеплавога вострава": бетон і асфальт назапашваюць цяпло, і тэмпература ў такіх кварталах можа быць на 3–5 градусаў вышэйшая. Узнікаюць праблемы з натуральным асвятленнем, бо дамы будуць закрываць сонца. Павялічыцца і транспартная нагрузка: больш аўтамабіляў – больш выкідаў, якія застаюцца ў дварах і кватэрах", – адзначаў ён.
У выніку спроба шчыльнай забудовы мікрараёна "Усход" правалілася. Актыўная пазіцыя мясцовых жыхароў паўплывала на рашэнне ўладаў, і праект адправілі на дапрацоўку.
Аднак ад сваёй ідэі гарадскія ўлады не адмовіліся.
Цяпер пад забудову трапіла Граеўка – адзін з паўночных раёнаў Берасця. Тут плануюць узвесці 24 панэльныя 11-павярховыя дамы больш чым на 2100 кватэр.
Фармальна грамадскія абмеркаванні праходзілі з 25 траўня па 8 чэрвеня 2026 года, а прэзентацыя праекта адбылася 1 чэрвеня. Вынікі абмеркаванняў у адкрытым доступе пакуль не апублікаваныя.
Паводле праекта, пад знос трапіць прыватны сектар – найменш 20 дамоў, у якіх берасцейцы жылі дзесяцігоддзямі.
Вуліцу Чырвонагвардзейскую плануюць пашырыць да чатырох палос руху, усталяваць новыя святлафоры і абсталяваць чыгуначны пераезд сістэмай сігналізацыі. ТАКСАМА прадугледжваецца будаўніцтва электрападстанцыі "Граеўка", парковак і сквераў у санітарна-ахоўных зонах.
У інтэрнэце многія жыхары выказваюць незадаволенасць праектам.
"Зноў хочуць забудаваць кожны вольны кавалак зямлі. Замест таго каб захаваць зялёныя тэрыторыі і вырашыць праблемы з дарогамі, у раён плануюць дадаць яшчце тысячы жыхароў", – адзначаюць карыстальнікі.
Іншыя задаюцца пытаннем, куды будуць хадзіць дзеці з новых дамоў, калі школы і дзіцячыя садкі ўжо перапоўненыя, а праблема з паркоўкамі існуе сёння нават без новай забудовы.
"Граеўка заўсёды была раёнам прыватных дамоў. Цяпер людзей фактычна ставяць перад фактам, што іх жыллё могуць знесці дзеля чарговых панэльных шматпавярховікаў", – пішуць мясцовыя жыхары.
На іх думку, грамадскія абмеркаванні становяцца фармальнасцю, бо праекты ў выніку прасаўваюцца амаль без зменаў.
Экспертка ў сферы горадабудаўніцтва, якая пагадзілася паразмаўляць ананімна, лічыць, што галоўнае пытанне ў гэтай гісторыі – фінансы.
"У выпадку з "Усходам" улады фактычна адкрыта паказалі свае планы: максімальна шчыльная забудова без дастатковай колькасці зялёных тэрыторый. Цяпер яны дзейнічаюць больш асцярожна. Праект выглядае менш маштабным – 24 дамы замест 37, але сутнасць не змянілася. Улады працягваюць рухацца да сваёй мэты. У выніку можа быць знішчаны адзін з апошніх адносна зялёных раёнаў Берасця, дзе сёння яшчэ захаваліся зялёныя зоны і пладовыя дрэвы. Замест гэтага прапануюць чарговы "каменны мяшок" і шырокія дарогі. Тое, што адбываецца ў горадзе апошнія гады, я б назвала знішчэннем усяго жывога", – адзначыла суразмоўца.
Праект плануюць рэалізаваць у два этапы: першы – да 2030 года, другі – да 2040-га. Калі планы будуць ажыццёўленыя, у Берасці можа з'явіцца яшчэ адзін шчыльна забудаваны мікрараён з дамінаваннем бетону і асфальту.