Хмяльніцкая і Ровенская АЭС (апошняя паблізу Беларусі) апошнія 10 дзён працуюць на паніжанай магутнасці, бо расійскія войскі пашкодзілі электрападстанцыю, прынцыпова значную для ядзернай бяспекі.
Як адзначаецца ў паведамленні Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ, IAEA), падстанцыі з’яўляюцца крытычна важнымі вузламі ў электрасетцы краіны, а атамныя станцыі выкарыстоўваюць іх для падтрымання знешніх крыніц электраэнергіі, якая сілкуе сістэмы бяспекі і ахалоджвання.
Праз расійскую атаку абедзве гэтыя станцыі засталіся толькі на адной лініі электраперадач — другая была пашкоджана.
«Надзейнае электразабеспячэнне па-за пляцоўкай мае жыццёва важнае значэнне для падтрымання і функцыянавання ядзернай бяспекі. З гэтай мэтай эксперты агенцтва праз спецыяльныя экспертныя місіі прадоўжаць ацэнку функцыянальнасці падстанцый, якія маюць вырашальнае значэнне для ядзернай бяспекі», — заявіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.