Пра сваё затрыманне ў Манголіі Андрэй Ажароўскі паведаміў 19 жніўня. Паводле ягонай публікацыі ў Telegram, яго спачатку павезлі ў сталіцу Улан-Батар, затым у бок мангольска-расійскай мяжы. Прычынаў затрымання яму не растлумачылі, але абыходзіліся «без хамства і гвалту».
Навуковец ездзіў у пустыню Гобі, дзе, паводле яго слоў, "прама цяпер французская кампанія Оrano вядзе здабычу ўрана самым разбуральным для навакольнага асяроддзя спосабам", падчас якога ў нетрах зямлі з'яўляюцца азёры радыеактыўных адходаў, якія могуць забруджваць пітную ваду.
Ён прыбыў у краіну па запрашэнні мясцовых экаактывістаў, якія выступаюць супраць здабычы ўрану, і праводзіў абследаванне закінутых уранавых кар'ераў у раёне радовішча Мардай (вядомага таксама як Дорнодскае радовішча).
"Знайшоў там, дзе французы здабываюць (уран - прым. рэд.) літаральна на дарозе ўчасткі радыяктыўнага забруджвання, - распавёў Андрэй Ажароўскі Зялёнаму парталу. - А пасля пяцідзесяцігадовыя горы радыяктыўных адкідаў з савецкіх часоў, не агароджаныя і нават без знакаў. І гэта кошт атамнай энергетыкі. Ніводная з іх не працуе без гор ці азёр адкідаў".
Як міграцыйная служба знайшла яго сярод мангольскага стэпу, Ажароўскі не ведае, але кажа, што яго шукалі з дронам.
"Спачатку пераблыталі і заляцелі на суседнюю палезлі, таму нават не адразу затрымалі". - распавёў Ажароўскі.
Па словах Андрэя Ажароўскага ягонае затрыманне было досыць "камфортным".
"Адзінае што пашпарт едзе ў суседняй машыне, а я з сябрам, - распавёў навуковец. - Ёсць вада, ежа, адзенне, кампутар, Starlink, з якімі не раставаўся".
У мангольскіх медыях выданне заўважыла «медыякампанію» супраць Ажароўскага: ён нібы «агент КДБ, шпіён, які прыехаў сарваць плённую супрацу Манголіі і Францыі ў здабычы ўрану».
Андрэй Ажароўскі вядомы сваёй паслядоўнай пазіцыяй саперніка атамнай энергетыкі і ўдзелам у гучных экалагічных расследаваннях. У прыватнасці, ён выступаў супраць будаўніцтва новых АЭС і ўвозу "уранавых хвастоў" з Германіі ў Расію, а таксама ўдзельнічаў у выяўленні радыеактыўнага цэзію-137 у прыгарадзе Екацярынбурга.
Ажароўскі часта выступае ў медыях і крытыкуе небяспечныя праекты, звязаныя з радыяцыяй, у тым ліку БелАЭС.
У 2012 годзе Ажароўскага затрымлівалі ў Мінску, калі ён спрабаваў трапіць на грамадскае абмеркаванне будаўніцтва БелАЭС. Тады яго абвінавацілі нібыта ў дробным хуліганстве і дэпартавалі з Беларусі, забараніўшы прыядждаць у нашую краіну ажно 10 гадоў.