21.10.2025 / 08:10

У іспанскім горадзе Тэраса, што на паўночным усходзе Каталоніі, часова забаранілі аддаваць чорных катоў з прытулкаў, каб прадухіліць магчымыя «рытуалы» падчас святкавання Хэлоўіна, паведамляе Бі-бі-сі.

Фото - RicSS / Legion-Media
Фото - RicSS / Legion-Media

Мясцовая служба абароны жывёл паведаміла, што ўсе заяўкі на прыманне ў сям'ю або часовую апеку над чорнымі катамі будуць адхіленыя з 6 кастрычніка да 10 лістапада, каб абараніць жывёл ад магчымых траўмаў ці выкарыстання ў дэкарацыях.

Намеснік мэра горада Наэль Дуке паведаміў тэлеканалу RTVE, што колькасць запытаў на забіранне з прытулкаў чорных катоў звычайна павялічваецца напярэдадні Хэлоўіна.

Хоць у заходняй культуры чорныя каты часта асацыююцца з чараўніцтвам і няшчасцем, у многіх іншых культурах — напрыклад, у Японіі і Егіпце — яны лічацца сімваламі дастатку і ўдачы.

Гарадская рада Тэрасы адзначыла, што выпадкаў жорсткага абыходжання з чорнымі катамі менавіта ў іх горадзе не зафіксавана, аднак падобныя інцыдэнты адбываліся ў іншых рэгіёнах. Таму рашэнне было прынята пасля папярэджанняў ад арганізацый, якія займаюцца абаронай жывёл.

«Мы стараемся прадухіліць сітуацыі, калі людзі бяруць жывёл імпульсіўна або таму, што гэта модна. А ў такіх выпадках, пра якія мы ведаем, таксама спрабуем не дапусціць якіх-небудзь змрочных практык», — сказаў Дуке.

Па даных мясцовых уладаў, у Тэрасе жыве больш за 9 800 катоў. У гарадскім прытулку знаходзіцца каля 100 жывёл, з якіх 12 — чорныя, паведаміла Каталонскае інфармацыйнае агенцтва.

Гарадская рада падкрэсліла, што забарона «часовая і выключная», яна з’яўляецца дадатковай мерай для абароны жывёл. Не выключана, аднак, і магчымасць паўтарэння такой ініцыятывы ў будучыні.

Падчас дзеяння забароны выключэнні будуць разглядацца індывідуальна, а звычайны працэс забірання жывёл з прытулку дахаты адновіцца пасля Хэлоўіна.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость