22.09.2025 / 08:09

Рэзалюцыю, ініцыяваную Украінай і міжнароднымі партнёрамі, падтрымалі 62 дзяржавы-члены МАГАТЭ.

Фота - УНІАН
Фота - УНІАН

Яна ўтрымлівае прамы заклік да неадкладнага вываду ўсяго несанкцыянаванага ваеннага і іншага персаналу з ЗАЭС.

Дакумент, прыняты на 69-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па ініцыятыве Украіны і Канады, пацвярджае, што ўсе ядзерныя абʼекты павінны працаваць пад поўным суверэнным кантролем кампетэнтных украінскіх органаў.

Таксама рэзалюцыя замацоўвае мандат на бесперапынную працу місіі МАГАТЭ, нягледзячы на пастаянныя спробы Расіі сарваць яе дзейнасць.

Украінскі урад лічыць гэты дакумент важным крокам да аднаўлення ядзернай бяспекі і настойвае на ўзмацненні ціску на Расію для выканання рашэнняў МАГАТЭ і вяртання ЗАЭС пад поўны кантроль Украіны.

"Мы ўдзячныя кожнай краіне, якая падтрымала гэты важны дакумент. 62 галасы 'за' — гэта выразная пазіцыя цывілізаванага свету: ядзерны тэрарызм непрымальны, а акупаваная Расіяй Запарожская АЭС павінна быць неадкладна вернута пад кантроль Украіны", — заявіла міністр энергетыкі Украіны Святлана Грынчук.

Расія ужо адмовілася выконваць рэзалюцыю па Запарожскай АЭС і назвала яе правакацыйнай.

"Рашуча адпрэчваем змешчаныя ў рэзалюцыі выдумкі і палітычныя перакручванні — у прыватнасці, пастаноўку пад сумнеў расійскай прыналежнасці Запарожскай АЭС, а таксама заклікі да нашай краіны адмовіцца ад тэрыторый, што ўвайшлі ў склад Расіі паводле волевыяўлення іх насельніцтва і міжнароднага права", — гаворыцца ў заяве МЗС Расіі.

Паводле звестак новай справаздачы GreenPeace, Расія будуе ўласныя лініі электраперадач на акупаванай тэрыторыі паўднёвага ўсходу Украіны. Мэта гэтых дзеянняў — падключыць захопленую Запарожскую АЭС да расійскай энергетычнай сістэмы.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость