Эксперты-урбаністы звярнулі ўвагу на выказванне міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслана Пархамовіча пра тое, якім ён бачыць ідэальны беларускі райцэнтр.
«Должно преобладать среднеэтажное строительство. Центр — это небольшие многоквартирные жилые дома. В первую очередь, на мой взгляд, социальные квартиры и арендное жилье. Кто имеет достаточный уровень дохода, то те, конечно, должны иметь свой личный индивидуальный дом. Такая у нас цель по обеспечению комфортных условий для проживания. Все это, безусловно, должно хорошо уживаться с производственной и социальной сферами», - заявіў міністр падчас наведвання Чэрвеня.
Урбаністы дэтальна разабралі заяву чыноўніка. Зялёны партал перадрукоўвае пост урбаністаў.
Сярэднепавярховая забудова ў цэнтры
Міністр прапануе забудоўваць цэнтральныя часткі райцэнтраў — гарадоў з насельніцтвам 50–200 тысяч чалавек — 3–5-павярховымі дамамі (дзякуй, што не 9-павярховымі).
Але для гістарычных і ўжо забудаваных цэнтраў гэта можа быць не найлепшым варыянтам. Шчыльная забудова важная, але не заўсёды абавязковая для стварэння камфортнага гарадскога асяроддзя.
Стыгматызацыя арэнднага і сацыяльнага жылля
Практыка вылучэння ў асобную катэгорыю сацыяльнага жылля і жылля людзей з малымі заробкамі робіць гэтыя раёны загадзя больш уразлівымі, менш прывабнымі і пазбаўляе іх магчымасцяў развіцця: узгадайце такі дом, раён ці вуліцу ў вашым горадзе.
У свеце ёсць паспяховыя прыклады, калі розныя тыпы жылля інтэграваныя ў адным раёне.
Гэта спрыяе разнастайнасці і развіццю, ствараючы новыя формы ўзаемадзеяння паміж людзьмі і паляпшаючы агульнае асяроддзе.
Прыватны дом = мадэль паспяховасці і дастатку?
Чаму людзі з добрым дастаткам абавязкова павінны мець прыватны дом? Можа, яны хочуць жыць у гістарычным цэнтры ў кватэры, магчыма, нават без машыны. А шматдзетнай сям'і можа падысці дом у прыгарадзе.
Памер і тып жылля не мусяць навязвацца, залежаць ад памеру сям’і і дастатку, прыярытэт мусіць быць за асабістымі патрэбамі, выбарам кожнай асобнай сям’і.
Падобныя ўніфікаваныя ідэі камфорту, як павінны жыць усе людзі і як павінны развівацца ўсе раённыя цэнтры, недапушчальныя.
“Кожны горад унікальны і мусіць абіраць сваю мадэль развіцця з улікам уласных асаблівасцяў і магчымасцяў”, - падкрэсліваюць спецыялісты Менскай урбаністычнай платформы.
Камфорт не вымяраецца толькі колькасцю бетона-метраў
Камфортны горад — гэта інклюзіўнае гарадское асяроддзе, дзе ўсе адчуваюць сябе важнымі і ўлічанымі.
Дастатковая колькасць паркаў і зялёных зон, эфектыўны грамадскі транспарт, інклюзіўныя грамадскія прасторы і мноства іншых фактараў робяць горад па-сапраўднаму ўтульным і прывабным.