24.09.2025 / 12:09

У ЕС на межах з Беларуссю пабудавалі металічныя платы, у суседніх краінах забаранілі аўтамабілі на беларускіх нумарах, чыгуначнага пасажырскага спалучэння няма, колькасць аўтобусаў змяншаецца.

Цягнік Мінск–Вільня, адменены з 2020 года
Цягнік Мінск–Вільня, адменены з 2020 года

Беларусы і беларускі аказваюцца ва ўсё большай ізаляцыі ад заходняга свету і яшчэ больш вымушана збліжаюцца з Расіяй. Але ці гэтага хоча ЕС, уводзячы ўсё новыя абмежаванні?

«Пытанне мабільнасці — вось што цяпер актуальна» — часта паўтараў у апошні год сваёй працы былы амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс. Пасля таго, як палітыкі Эдгар Рынкевіч і Мартыньш Стакіс у 2021 годзе падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе замянілі дзяржаўны беларускі сцяг на нацыянальны бела-чырвона-белы, Семаніса і іншых дыпламатаў выслалі з Беларусі.

Латвія адказала сіметрычна і выслала ўсіх супрацоўнікаў амбасады ў Рызе. Эйнарс Семаніс працягваў працаваць ужо ў Рызе і супрацоўнічаў з тымі, хто мусіў уцякаць з Беларусі.

У цэлым, такі падыход практыкуюць шматлікія палітыкі і дыпламаты ў ЕС — яны так ці інакш падтрымліваюць беларускіх уцякачак і ўцекачоў, а абсалютная большасць беларусак і беларусаў застаюцца па-за фокусам увагі, бо яны працягваюць жыць у Беларусі.

Беларуска-латвійская мяжа. Фота - leesider.livejournal.com
Беларуска-латвійская мяжа. Фота - leesider.livejournal.com

«Гэта прыніжальна і несправядліва», – кажа 25-гадовая Вікторыя, якая прымала ўдзел у пратэстах 2020 года і засталася жыць у Беларусі, нягледзячы на рызыку крымінальнага пераследу.

«Нас быццам караюць за тое, што мы не змаглі зрынуць дыктатуру. А нічога, што яны самі з гэтай дыктатурай супрацоўнічалі? Давалі ёй легітымнасць, прымалі падарункі ад нашых рэжымных палітыкаў? І як ім ідэя пакараць украінцаў за тое, што не спынілі акупантаў? Ну сур’ёзна, я не разумею, чаму ў людзей з Крыма ўсе дзверы адчыненыя, а мне выехаць у ЕС — гэта гіганцкі квэст».

 

Межы на замку

Выезд з Беларусі ў ЕС ў апошнія гады моцна ўскладніўся ўжо на этапе атрымання візы. Адны краіны не выдаюць турыстычныя візы ўвогуле, другія адпраўляюць на падачу ў Маскву, да трэціх трэба больш за год стаяць у чарзе, чацвёртыя ўскладнілі спіс дакументаў, якія трэба прадаставіць.

Уласна перасоўванне за мяжу таксама стала нашмат больш складаным. У Латвіі аўтамабілі на беларускіх нумарах фактычна забаронены, у Літве пакінулі выключэнне для тых, у каго ёсць літоўская віза альбо від на жыхарства.

У Польшчу ехаць на машынах з беларускімі нумарамі можна незалежна ад таго, якая краіна выдала візу альбо ВНЖ, але ёсць нюанс: для пасажыраў працуе толькі адзін памежны пераход, і перыядычна на ім утвараюцца чэргі літаральна з тысяч аўтамабіляў.

Чарга на адзіным адчыненым памежным пункце паміж Беларуссю і Польшчай. Фота - av.by
Чарга на адзіным адчыненым памежным пункце паміж Беларуссю і Польшчай. Фота - av.by

Чарговы крызіс на беларуска-польскай мяжы здарыўся ў канцы жніўня гэтага года. 22 жніўня ў чарзе на ўезд у Польшчу стаяла больш за 4 600 аўтамабіляў і 115 аўтобусаў. Для машын тады прагназавалі, што час чакання можа перавысіць тыдзень.

Эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь» сцвярджаюць, што санкцыі, якімі абгрунтоўваліся шматлікія абмежаванні, на самой справе зрабілі перавозкі грузаў проста больш складанымі і дарагімі, але не спынілі іх. Вырасла цана імпарту, што ў сваю чаргу адбіваецца на магчымасцях і пагаршае якасць жыцця фінальных спажыўцоў — людзей, якія жывуць у Беларусі.

«Пры гэтым міжнародныя маршруты перавозкі пасажыраў між Беларуссю і Еўропай сталі даражэйшымі і даўжэйшымі па часе, скасаваны танныя і хуткія спосабы перасоўвання праз мяжу (пешкі, на роварах)», – кажуць яны ў сваім новым даследванні.

Такую барацьбу з кантрабандай і магчымай агентурай з Беларусі эксперты называюць папулізмам еўрапейскіх урадаў і падкрэсліваюць, што канкрэтных жаданых эфектаў ён не прыносіць, але ўскладняе жыццё актыўнай частцы беларускага грамадства.

 

Сувязі з Расіяй узмацняюцца

На фоне маштабных перашкодаў для паездак з Беларусі ў ЕС Расія ўзмацніла інтэграцыю з Беларуссю, стала ўкідваць яшчэ больш грошай на прапагандысцкую сетку ўплыву ў нашай краіне і стала для абсалютнай большасці беларусаў і беларусак адзінай сапраўды даступнай для турызму краінай.

Расследавальнікі з «Бюро медыя» падрабязна распавялі, як крамлёўскі «Правфонд» пасля 2020 года павысіў сваю актыўнасць у Беларусі і працягвае фінансаваць прапагандысцкія выданні і публічныя мерапрыемствы. Дзяржаўнае тэлебачанне кажа і пра рост турызму — у 2024 годзе яны падлічылі, што «ўзаемная плынь тых, хто вандруе паміж дзвюма дзяржавамі, склала 6 мільёнаў чалавек».

З іх каля 140 тысяч чалавек з Беларусі ездзілі ў Расію як так званыя арганізаваныя турысты. Нагадаем, што шэнгенскіх віз у 2024 годзе беларускам і беларусам выдалі 157 тысяч (у гэтую статыстыку не ўваходзяць Грэцыя, Гішпанія і Харватыя, бо іх дыппрадстаўніцтвы знаходзяцца ў Маскве).

«Я за апошнія гады пару разоў ездзіла ў Расію, – сказала нам беларуска, якая папрасіла застацца ананімнай. – Кожны раз гэта было так, што я вазіла сына на мерапрыемствы, якія ён хацеў бы наведаць».

Яна ўзгадвае, што ў 90-я, калі сама вучылася ў школе, мела магчымасць ездзіць на экскурсіі ў Варшаву і Кракаў проста ад школы, але ў яе сына цяпер такой магчымасці няма. Таксама жанчына дадае, што ніколі не выкладвае ў сацсеткі фатаздымкі з паездак у Расію, бо баіцца асуджэння з боку знаёмых, якія выехалі з Беларусі.

«Здаецца, я і сама сябе асуджаю, але адмаўляць малому яшчэ і ў гэтых паездках за мяжу я не магу. Была б магчымасць вазіць яго ў Польшчу ці Літву, я б, канечне, вазіла лепш туды».

 

«Варта звярнуць большую ўвагу на тавараабарот»

Эксперт у сферы транспарту Канстанцін Макруціч адзначае, што абмежаванні тавараў, задзейнічаных у вайсковай прамысловасці, маюць сэнс, а вось транспартную ізаляцыю звычайных людзей ён называе неапраўданай.

«Ужо зроблена шмат перашкодаў у атрыманні візавай падтрымкі, і гэтыя перашкоды ў пэўнай ступені з’яўляюцца фільтрам. Каб атрымаць права на ўезд у краіну, чалавек ужо праходзіць дадатковыя праверкі — асабліва гэта тычыцца нашых суседзяў. Але нягледзячы на тое, што людзі праходзяць гэтыя самыя праверкі, ім па сутнасці ствараецца жалезная заслона, толькі ўжо з транспарту».

Зачынены КПП Лаворышкес на беларуска-літоўскай мяжы. Фота - BNS
Зачынены КПП Лаворышкес на беларуска-літоўскай мяжы. Фота - BNS

Эксперт мяркуе, што такі падыход дае беларусам і беларускам сігнал, што іх у ЕС не чакаюць, і што краіны Еўразвязу ў цэлым больш не хочуць распаўсюджваць еўрапейскія каштоўнасці на Беларусь.

«Калі так абмяжоўваць людзей на выезд, у іх проста не атрымліваецца паглядзець, што можна жыць інакш, што і ў сваёй краіне можна нешта рабіць інакш»,кажа Канстанцін Макруціч.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што беларусы і беларускі могуць па-ранейшаму ўвозіць вялікую колькасць тавараў у Беларусь з ЕС, а вось з грашыма ўсё складаней: Литва, напрыклад, забараняе вывозіць у Беларусь наяўнымі больш за 60 еўра на чалавека. То бок тым жа дальнабойшчыкам, якія працуюць у літоўскіх фірмах на літоўскую эканоміку, цяжка прывозіць грошы сваім родным у Беларусі.

«Памежную мабільнасць усё ж варта развіваць, – настойвае Макруціч. – Хай зараз не стаіць пытанне аб адкрыцці нейкіх памежных пунктаў, але калі вы рэальна змагаецеся з беларускай кантрабандай, варта звярнуць большую ўвагу на тавараабарот, а людзям пры гэтым усё ж-такі дазваляць свабодна перасоўвацца аўтобусам, цягніком, пешкі і/ці на ровары».

Ён прапаноўвае больш кантраляваць транспартныя плыні, якія перавозяць тавары з Беларусі ў ЕС і з ЕС у Беларусь, але не скасоўваць грамадскі транспарт, як гэта нядаўна зрабіла Літва, зменшыўшы колькасць рэйсаў.

«Транспарт – гэта жывая сістэма, і ён заўсёды знойдзе і іншыя шляхі для тавараў, і магчымасць зрабіць так, каб ураўнаважыліся попыт і прапанова для пасажыраў. Калі мы змяншаем колькасць рэйсаў у Вільню, мы, па сутнасці, проста робім для беларусаў (якія здолелі прайсці фільтры ў працэсе атрымання візаў), у якіх і так не самыя высокія заробкі, доступ у ЕС максімальна дарагім і нязручным. І кажам беларусам, каб яны ехалі ва ўмоўную Расію і задавальнялі там любыя свае патрэбы, глядзелі, як там людзі жывуць, неслі культуру Расіі ў Беларусь і прызвычайваліся, што гэта такі чужы для еўрапейскага народу лад жыцця можа стаць нормай і для Беларусі», – дадае эксперт.

На цалкам закрытую для беларусаў цягам амаль двух тыдняў мяжу з Польшчай Канстанцін Макруціч рэагуе так: што можна было б пакінуць працу любога з памежных пераходаў у фармаце пропуску толькі пешаходаў.

«Тады паказваецца і клопат аб звычайных людзях, і адначасова рэалізуюцца меры па часовым спыненні таварных плыняў (падаецца, мэта закрыцця пераходаў зараз — менавіта ў часовым спыненні руху тавараў між Кітаем і Еўропай, а перасоўванне людзей закранулася хвастом да гэтага)» – кажа ён.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость