У польскім грамадстве міжваеннага часу панавала адметнае стаўленне да часткі Палесся, якая тады была ў складзе польскай дзяржавы.
Сацыёлаг Рышард Радзік адзначае, што ў той час экзатычнае бачанне палешукоў пераважала над уяўленнямі пра беларусаў увогуле. Галоўным чынам аб палешуках (хаця не толькі пра іх) пісалі, што яны прымітыўныя, хітрыя, панурыя, падазроныя, упартыя, маўклівыя, зацятыя, помслівыя, анархічныя…
Калі-некалі падкрэслівалі, што палешукі яшчэ больш за беларусаў пасіўныя і неадукаваныя. Падобным было стаўленне польскіх уладаў да палескай прыроды: яна ўспрымалася як аб’ект для ацывілізоўвання.
Пра гэты падыход польскі гісторык Славамір Лотыш напісаў кнігу «Pińskie błota. Natura, wiedza i polityka na polskim Polesiu do 1945 roku» («Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка на польскім Палессі да 1945 года»).
Яна была прызнаная лепшай польскай гістарычнай кнігай 2023 г. – аўтар атрымаў прэстыжную ўзнагароду імя Казімежа Мачарскага. У беларускай медыяпрасторы кніга дасюль малавядомая, таму мы выпісалі для вас самае цікавае.
Найперш узнікае пытанне, чаму польскі гісторык цікавіцца беларускімі балотамі. Ці выключна таму, што даследаваная тэрыторыя была часткай міжваеннай Польшчы?
Адказ знаходзім у кніжцы: «Падарожжа ў мінулае, якое я здзейсніў, прывяло мяне на радзіму маёй бабулі Яніны з польскай сям’і, якая шмат пакаленняў жыла ў Бярозе Картузскай, і дзядулі Серафіна, палешука, продкі якога жылі там яшчэ даўжэй» (тут і далей пераклад цытат з польскай Алены Ляшкевіч).
Як відаць з мапы вышэй, Палессе Славамір Лотыш разумее даволі шырока, улучаючы ў яго межы тэрыторыі ўздоўж ракі Днепр аж па Магілёў.
Што да паходжання назвы рэгіёну, даследчык прыводзіць дзве версіі: «Прынята лічыць, што назва “Палессе” пазначае край, які знаходзіцца пры лесе, ці на абшары па выцінанні лесу. Такі погляд неаднойчы прадукаваў бурчэнне наконт таго, як няшмат засталося ад лясоў у выніку драпежнай высечкі.
Паводле іншай версіі, этымалогія назвы – у балоцістым характары краю. У такім выпадку формай, ад якой утварылася назва “Палессе”, будзе “плесо” ці “плёсо”, што ў шмат якіх славянскіх мовах і гаворках пазначае адкрытую прастору вады, балотнае возера, і, верагодна, яшчэ балота».
Гісторык звяртае ўвагу на тое, што палешукі мелі мноства назваў для балота (і мы таксама пра гэта пісалі). Сувязь людзей з прыродай ён падкрэслівае ў назвах раздзелаў сваёй кнігі: «Чалавек і балота», «Амфібіяльная гаспадарка».
Гэта цяпер мы ведаем, што тэрыторыі, якія яшчэ нядаўна лічыліся неўжыткамі, эфектыўна затрымліваюць парніковыя газы, рэгулююць плынь вады ў гідралагічных сістэмах і забяспечваюць асяроддзе для багата якіх раслін і жывёл. А ў міжваенны час такія веды яшчэ не былі распаўсюджанымі, хаця ў навуковых колах абмяркоўваліся з сярэдзіны ХІХ ст.
Цікавае назіранне Славаміра Лотыша: «Падмоклыя мясцовасці доўга не лічылі прыгожымі ці вартымі таго, каб на іх любавацца. Плоскія, прасторава аднастайныя, яны не пасавалі да папулярнай у эпоху рамантызму канцэпцыі “маляўнічасці”, адпаведна якой прыгожымі лічыліся пейзажы з разнастайным ландшафтам: горы, яры, ручаіны». Першыя запаведнікі прыроды на балоцістых тэрыторыях узніклі яшчэ на пачатку ХХ ст. у Германіі і Галандыі. Але паўсюдная змена стаўлення да балотаў, на думку Славаміра Лотыша, пачалася толькі ў 1960-х гг.
Агулам пра меліярацыю, не толькі на Палессі, Славамір Лотыш піша: «Асушэнне балотаў часта мела форму сімвалічнага палітычнага акту падпарадкавання новых тэрыторый, скарэнне прыроды асацыявалася з вайсковай перамогай, а каманду кампаніі супраць прыроды давалі каралі, па́пы ці дыктатары».
У міжваенны час меліярацыю праводзілі шмат якія краіны: Італія, асушаючы Пантыйскія балоты, эканамічна падтрымлівала пабудову імперыі; Турцыя меліярацыяй тэрыторый вакол новапаўсталай сталіцы ў Анкары ўмацоўвала свой вобраз сучаснай краіны; грэкам трэба было месца для перасяленцаў з Турцыі, а габрэям – для рэпатрыянтаў.
Акрамя эканамічных аргументаў гучалі медычныя: асушэнне балотаў павінна было дапамагчы ў змаганні з малярыяй. Усе краіны, якія праводзілі меліярацыю ці разважалі пра яе, аб’ядноўвала моцная нелюбоў да балотаў.
Такім чынам, міжваенная Польшча ў сваіх планах на асушэнне балотаў была ў тагачасным сусветным трэндзе, аднак яе моцна выдзяляў сярод іншых краін маштаб тэрыторый, на якіх планавалася меліярацыя.
Польскія ўлады мелі на Палессе вялікія планы: на асушаных землях меркавалася пасяліць этнічных палякаў, такім чынам ліквідуючы недахоп зямлі і, як следства, абмяжоўваючы эканамічную эміграцыю.
Палітычнай мэтай была паланізацыя ўсходніх земляў. Таму недзіўна, што тых, хто ў міжваеннай Польшчы патрабаваў уліку аховы прыроды ў планах добраўпарадкавання Палесся, абвінавачвалі ў адсутнасці патрыятызму.
Высмейваліся іх перасцярогі аб тым, што з-за сваёй геалагічнай будовы і кліматычных умоў Палессе схільна да апустыньвання.
У эканамічным плане на Палессі бачылі «новую Галандыю»: гэты вобраз прышчапіў палякам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі на гарадзенскім сейме 1784 г. Галандцаў (па іншай версіі, немцаў) сапраўды сялілі на балоцістых тэрыторыях Рэчы Паспалітай: на Палессі, Валыні, у вусці Віслы. Тут іх звалі «(х/г)олендры».
На беларускай частцы Палесся олендраў не засталося, але іх вёскі ёсць у Сібіры, куды яны пераехалі падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы і перад Першай сусветнай вайной.
Планам на меліярацыю Палесся супраціўлялася вайсковае камандаванне: «Ажно да Другой сусветнай вайны ў публічнай прасторы вобраз шматлюднага Палесся, загаспадараванага дзякуючы высілкам і мажлівасцям маладой польскай дзяржавы, сутыкаўся з бачаннем яго як бастыёну, які гэта дзяржава павінна была ахоўваць, і галоўнай вартасцю якога было падмоклае бездарожжа», – піша Славамір Лотыш.
Палескія балоты ўспрымаліся як натуральная перашкода для расійскага войска на выпадак новай вайны. У выніку поўнамаштабная меліярацыя так і не была праведзеная, што выкарыстала савецкая прапаганда пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР.
Славамір Лотыш піша: «Пасля 17 верасня 1939 года, адпаведна з палажэннямі нямецка-савецкага пакту аб неагрэсіі (пакту Молатава-Рыбентропа – рэд. ЗП), частка тэрыторыі польскай дзяржавы на ўсход ад Буга трапіла ў рукі Саветаў. Відавочна, гэта перарвала польскія высілкі па асушэнні і загаспадараванні Палесся.
Малыя вынікі гэтых высілкаў сталі выгодным аргументам савецкай прапаганды, якая паказвала ІІ Рэч Паспалітую як ні на што не здольную дзяржаву.
Сумнівы ў дасягненнях дваццацігадовага кіравання “панскай Польшчы” ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне мусілі абгрунтоўваць маральнае права СССР на далучэнне гэтых земляў. Польскі ўрад у эміграцыі разумеў, што Саветы выкарысталі справу меліярацыі Палесся ў прапагандысцкіх мэтах».
Пасля Другой сусветнай вайны і далучэння Заходняй Беларусі да СССР да планаў асушэння Палесся вярнуліся пад канец 1940-х гг.