Згодна з умовамі пагаднення, Расія прымае на сябе абавязацельствы па перапрацоўцы АЯП, аднак радыяактыўныя адходы, якія застануцца пасля гэтай працэдуры, будуць вернуты ў Беларусь для далейшага захоўвання.
Кантракт, падпісаны кіраўнікамі ААТ «Тэхснабэкспарт» (даччынае прадпрыемства «Расатама») Сяргеем Паўгароднікам і Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» Сяргеем Бабовічам, ахоплівае ўвесь праектны тэрмін службы Беларускай АЭС.
Яго называюць першым у свеце камерцыйным пагадненнем, якое рэалізуе канцэпцыю «Збалансаванага ядзернага паліўнага цыкла» (ЗБЯТЦ) для рэактараў тыпу ВВЭР.
Згодна з афіцыйным паведамленнем, умовы кантракта прадугледжваюць:
- Абавязкі Расіі: прыём адпрацаванага паліва на перапрацоўку.
- Абавязкі Беларусі: прыём назад адходаў, якія застануцца пасля перапрацоўкі.
Пры гэтым, як адзначаецца, колькасць і ўзровень актыўнасці вернутых адходаў будуць вызначацца па ўзгодненай методыцы, якая базуецца на прынцыпе эквівалентнасці актыўнасці: у Беларусь вернуць столькі ж радыяцыі, колькі было ў АЯП, вывезеным на перапрацоўку ў Расію.
Што гэта азначае для Беларусі?
Паводле заяў «Расатама», дзякуючы гэтаму праекту беларуская атамная галіна «становіцца часткай вырашэнняў па замыканні ядзернага паліўнага цыкла ў мэтах устойлівага развіцця сусветнай атамнай энергетыкі».
Але паколькі адходы пасля перапрацоўкі будуць вернутыя ў Беларусь, нашай краіне ўсё роўна неабходна будаваць адмысловае сховішча для іх захоўвання на сваёй тэрыторыі.
Што такое збалансаваны ядзерны паліўны цыкл (ЗБЯТЦ)
ЗБЯТЦ дазваляе паўторна выкарыстоўваць каштоўныя кампаненты паліва, замест таго каб проста закопваць іх як адходы.
У рэактары атамнай электрастанцыі ўранавае паліва расходуецца. Пасля гэтага яно называецца адпрацаваным ядзерным палівам і ўтрымлівае радыёактыўныя рэчывы, але таксама ў ім застаюцца каштоўныя кампаненты, якія можна выкарыстоўваць зноў.
Перапрацоўка. АЯП адпраўляецца на спецыялізаваныя заводы для перапрацоўкі. Там з яго здабываюць два асноўныя рэгенераваныя матэрыялы:
-
Уран. Уран, які застаўся ў АЯП, можна ачысціць і ўзбагаціць, каб зноў выкарыстоўваць для вытворчасці новага ядзернага паліва.
-
Плутоній. У працэсе працы рэактара ўтвараецца плутоній, які таксама з'яўляецца каштоўным ядзерным матэрыялам. Яго можна выкарыстоўваць для стварэння новага, змешанага аксіднага паліва (MOX-паліва). Паўторнае выкарыстанне. Рэгенерыраваныя ўран і плутоній вяртаюцца ў ядзерны паліўны цыкл для вырабу новага паліва. Такім чынам, гэтыя матэрыялы не ператвараюцца ў адходы, а выкарыстоўваюцца паўторна, што дазваляе значна эканоміць прыродныя рэсурсы і знізіць аб'ём радыёактыўных адходаў.
Гэтая тэхналогія дазваляе павысіць эфектыўнасць выкарыстання ядзернага паліва і знізіць нагрузку на навакольнае асяроддзе, паколькі памяншаецца аб'ём высокаактыўных адходаў, якія патрабуюць захавання. Але адходы ўсё роўна ёсць і для іх патрэбныя адмысловыя сховішчы.
Нагадаем, што па звестках BelPol пункт пахавання радыяактыўных адкідаў маюць размясціць каля Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, за 22 км ад літоўскай мяжы.