29.05.2024 / 10:05

Паразмаўлялі са скандальна вядомымі польскімі экаактывісткамі з «Апошняга пакалення».

Акцыя польcкіх кліматычных актывістаў 8 сакавіка 2024 года
Акцыя польcкіх кліматычных актывістаў 8 сакавіка 2024 года

Не так даўно ў Варшаве адбыўся шэраг гучных экалагічных акцый, якія арганізавалі кліматычныя актывісты і актывісткі з «Апошняга пакалення» (Ostatnie Pokolenie).

Яны ледзьве не сарвалі канцэрт класічнай музыкі, аблілі помнік варшаўскай Сірэнцы фарбай, а пасля некалькі разоў спрабавалі перакрыць адзін з варшаўскіх мастоў і нават удала прыклеілі сябе да праезжай часткі.

Зялёны партал паразмаўляў з актывісткай ініцыятывы Мартынай Лесняк, чаму яны выбралі такую форму пратэсту, а таксама пра тое, з якімі экалагічнымі праблемамі сутыкаецца Польшча.

– Раскажыце, як з’явілася ініцыятыва, і якія вашыя галоўныя мэты?

– «Апошняе пакаленне» – гэта нізавая і адносна маладая ініцыятыва. Пачалося ўсё з некалькіх чалавек у студзені бягучага года, але афіцыйна праект стартаваў у пачатку сакавіка. «Апошняе пакаленне» заснавана на негвалтоўных метадах дзеяння, такіх як прамыя акцыі і грамадзянскае непадпарадкаванне.

Назва асацыюецца з апакаліптычным сімвалізмам, але гэта толькі часткова праўда. Яна хутчэй паказвае, што мы – апошняе пакаленне, апошняя група дарослых людзей, якая можа яшчэ прадухіліць горшыя наступствы кліматычнага крызісу. На дадзены момант у нас ёсць два канкрэтныя патрабаванні, якія мы ўжо абмеркавалі і адправілі на пачатку сакавіка ў лісце польскаму ўраду і іншым ключавым нацыянальным інстытутам.

Мы вырашылі засяродзіцца на транспартным сектары, паколькі менавіта ў гэтым сектары выкіды ў Польшчы растуць вельмі хутка. З 2005 па 2017 год яны павялічыліся прыкладна на 76 %.

Гэта супрацьлеглая тэндэнцыя іншым краінам ЕС, дзе выкіды ў транспартным сектары зніжаюцца, хоць і не так хутка. Таму мы патрабуем у першую чаргу пераразмеркаваць сродкі, якія плануецца выдаткаваць на новыя шашы і аўтастрады, а менавіта каля 294 мільярдаў злотых, і накіраваць гэтыя сродкі на інвестыцыі ў інфраструктуру для грамадскага транспарту, асабліва ў сельскай мясцовасці Польшчы. 

Мільёны палякаў жывуць без поўнага доступу да грамадскага транспарту. Ёсць цэлыя вёскі ці невялікія акругі, у якіх проста няма аўтобусаў, якія злучаюць іх з бліжэйшымі невялікімі гарадамі. Многія людзі, асабліва больш уразлівыя, такія як дзеці або пажылыя людзі, – пазбаўленыя доступу да медыцынскіх або адукацыйных паслуг.

Другое патрабаванне – увесці месячныя абанементы за невялікую плату для ўсяго рэгіянальнага і мясцовага грамадскага транспарту. Мы выбралі гэтыя патрабаванні, таму што яны зніжаюць рост выкідаў у транспартным сектары.

Калі мы інвестуем у новыя магістралі, то гэта падтрымлівае ў асноўным тых, хто карыстаецца аўтамабілямі. А 90 % выкідаў прыпадае на машыны, грамадскі транспарт нясе шкоду ў меньш значнай ступені.

– Нядаўна вы перакрылі мост, патрабуючы адмовіцца ад будаўніцтва магістраляў: чаму вы выбралі менавіта такую форму пратэсту?

– Многія іншыя метады, якія звычайна лічацца менш супярэчлівымі і цалкам законнымі, ужо былі апрабаваны кліматычным рухам на працягу апошніх 50 гадоў, калі не больш. Асабліва калі разглядаць сучасны кліматычны актывізм за апошняе дзесяцігоддзе.

Мы спрабавалі петыцыі, дэманстрацыі, павышэнне дасведчанасці і гэтак далей. Асабіста я ўдзельнічала ў кліматычным руху з 17 гадоў, а мне цяпер 22. І многія іншыя людзі з «Апошняга пакалення» маюць падобны вопыт удзелу ў розных групах, якія не звярталіся да грамадзянскага непадпарадкавання, але іх намаганні апынуліся беспаспяховымі.

Доказам гэтага зʼяўляецца тое, што мы ў Польшчы і ў глабальным маштабе працягваем рухацца да найгоршых сцэнарыяў, прадказаных у дакладах МГЭЗК і іншых даследаваннях.

Урад інвестуе ў інфраструктуру з высокім узроўнем выкідаў. Такім чынам, ён фінансуе кліматычны і сацыяльны калапс, які можа прывесці да смерці мільярдаў людзей у найбліжэйшай і далёкай будучыні.

Акцыя польскіх кліматычных актывістаў у Варшаве
Акцыя польскіх кліматычных актывістаў у Варшаве

Мы выбралі форму негвалтоўнага грамадзянскага непадпарадкавання. Мы натхняліся іншымі існуючымі рухамі, якія выкарыстоўвалі падобныя тактыкі. Напрыклад, жаночы рух у Вялікабрытаніі, рух Марціна Лютэра Кінга за грамадзянскія правы ў Злучаных Штатах, ці нават польская «Салідарнасць», якая змагалася супраць камуністычнага рэжыму.

Гэтыя аб’яданні выкарыстоўвалі незаконныя, але негвалтоўныя дзеянні, каб ціснуць на ўрад для зменаў. І гэта спрацавала. Таму я думаю, калі ёсць шанец, што гэта спрацуе зноў, то наш маральны абавязак – спрабаваць. Бо стаўкі высокія, уключаючы правы і свабоды, якія гэтыя папярэднія рухам выйгралі для нас.

– Як урад і грамадства рэагуюць на вашы дзеянні?

– Першыя тры акцыі, якія мы правялі, – зрыў канцэрту ў Філармоніі, затым невялікая блакада дарогі, калі мы проста перакрылі рух на некалькі хвілін, а потым мы аблілі фарбай статую русалкі, якая зʼяўляецца сімвалам Варшавы. Да гэтых трох акцый, я думаю, мала хто у Варшаве чуў пра рух «Апошняе пакаленне». Але потым навіны пра акцыі падхапілі найбуйнейшыя мэйнстрымныя СМІ. Цяпер пра нашы акцыі я чую паўсюль, нават у цырульні.

Вядома, многія грамадскія дэбаты сканцэнтраваны ў асноўным на нашых метадах, і звычайна маюць крытычны падыход. Нават калі хтосьці згодны з нашымі патрабаваннямі або з тым, што нам патрэбныя больш эфектыўныя кліматычныя меры, то яны лічаць нашы дзеянні ў пэўным сэнсе занадта радыкальнымі.

Мне заўсёды здаецца, што многім цяжка цалкам усвядоміць, пра што ідзе гаворка ў кантэксце клімату. Мы рухаемся да 2,7 градусаў Цэльсія змены клімату, а ўжо пры павышэнні сярэдняй глабальнай тэмпературы становіцца зразумела, што пры дасягненні трох градусаў адзін працэнт усёй сухапутнай тэрыторыі на Зямлі стане занадта гарачым для жыцця.

Гэта тычыцца такіх месцаў, як пустыня Сахара, і гэты лік можа павялічыцца да 19 адсоткаў. Амаль пятая частка ўсёй сусветнай сушы стане непрыдатнай для пражывання, уключаючы такія рэгіёны, як Індыя або Інданезія. Прагназуецца, што да 2070 года колькасць кліматычных бежанцаў складзе ад 1 да 3 мільярдаў чалавек.

Таму, калі хтосьці ўсведамляе, што на коне стаіць жыццё мільярдаў людзей і іх сродкі да існавання, то казаць пра тое, што быў сарваны музычны канцэрт, здаецца зусім недарэчным.

Мы часта апісваем нашы дзеянні, выкарыстоўваючы метафару пажарнай трывогі: гэта не можа быць непрыемны гук, але яго мэта – абудзіць людзей і перадухіліць катастрофу і пагібель. Аднак у цэлым нас суправаджае шмат крытыкі і нават нянавісці.

Акцыя польскіх кліматычных актывістаў у Варшаўскай філармоніі
Акцыя польскіх кліматычных актывістаў у Варшаўскай філармоніі

Гэта, у прыватнасці, падбухторваюць некаторыя зацікаўленыя асобы, якім выгадна дыскрэдытаваць кліматычных актывістаў. Нядаўна ўльтраправая партыя Konfederacja спрабавала прызнаць «Апошняе пакаленне» злачыннай арганізацыяй, а члены іх парламента распаўсюджвалі жудасныя выказванні нянавісці ў адрас актывістаў, уключаючы членаў нашага руху.

Гэта жахліва, але, на жаль, непазбежна. Калі вы выступаеце супраць статус-кво, гэта заўсёды выклікае моцныя эмоцыі. Але я лічу, што лепш, калі людзі абураныя або раздражнёныя, чым калі яны абыякавыя.

Гэта не значыць, што асуджаю тое, што ў людзей няма магчымасці штодня клапаціцца аб кліматычным крызісе, таму што, на мой погляд, у людзей так шмат асабістых праблем, з якімі ім даводзіцца сутыкацца кожны дзень. У нас шмат крызісаў побач: войны, сацыяльные праблемы, рост коштаў на прадукты і многае іншае. Але мы павінны ўсведамляць, што ўсё гэта стане яшчэ горш, калі мы не прадухілім, напрыклад, кліматычны калапс.

Цяпер у нашай ініцыятыве ўжо каля 100 чалавек, і яшчэ каля 100 запісаліся за апошнія паўтара тыдня. Вядома, гэта не велізарныя колькасці, але 200 чалавек, гатовых да грамадзянскага непадпарадкавання, сапраўды могуць паўплываць на многае.

– Наколькі я зразумела, партыя PiS не моцна клапацілася пра клімат, ці ёсць нейкія зрухі з прыходам новага ўрада?

– Ёсць пэўныя зрухі, тым не менш, цяперашні ўрад усё яшчэ далёка ад жаданага шляху ў кліматычнай палітыцы. Ён працягвае планаваць буйныя інвестыцыі ў шашы і аўтастрады.

Мы высунулі патрабаванні, нацэленыя на карысць грамадства, але яны былі праігнараваныя. Мы пачалі кампанію грамадзянскага непадпарадкавання, але прэмʼер-міністр Дональд Туск да гэтага часу не адказаў на нашы патрабаванні. І гэта расчароўвае, таму што цяперашні ўрад шмат разоў заяўляў пра сябе як пра тое, што ён будзе іншым і будзе прыслухоўвацца да сваіх грамадзян.

Польскія кліматычныя актывісты "Апошняга пакалення"
Польскія кліматычныя актывісты "Апошняга пакалення"

– Якія яшчэ экалагічныя праблемы актуальныя для Польшчы?

– Калі мы паглядзім на тое, што ўжо адбываецца і што будзе адбывацца ў Польшчы праз змены клімату, то становіцца відавочна, што вялікая праблема палягае ў недахопе водных рэсурсаў. Польшча зʼяўляецца адной з краін Еўропы з найменшай колькасцю вады на душу насельніцтва, уваходзячы ў пяцёрку горшых краін па гэтым паказчыку.

Ужо ў 2019 годзе ў невялікім мястэчку пад назвай Скерневіце людзі сутыкнуліся з праблемай адсутнасці вадаправода і вады з кранаў у іх дамах. У мінулым годзе больш за 200 гмін (акругаў), былі вымушаныя абмежаваць выкарыстанне вады ці звярнуцца да насельніцтва з просьбай зрабіць гэта з-за перыядаў адсутнасці вады ці пагрозы яе дэфіцыту, які становіцца ўсё больш сурʼёзным з кожным годам.

Акрамя таго, сезон засухі ў Польшчы з кожным годам становіцца ўсё даўжэй, што вядома, адбіваецца на сельскай гаспадарцы. Засуха часта становіцца прычынай лясных пажараў.

Іншая праблема – павышэнне ўзроўню мора. Пакуль мы не ў такой небяспецы, як некаторыя астраўныя дзяржавы ў Ціхім акіяне, якія могуць быць цалкам затопленыя ў бліжэйшы дзесяцігоддзе. Аднак, калі бягучая тэндэнцыя захаваецца, то праз некалькі гадоў мы сутыкнемся з рэгулярнымі паводкамі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Мы павінны памятаць, што мы – частка глабальнай сістэмы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость