27.05.2026 / 13:05

Былы палітвязень і экс-кіраўнік ліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук адкрыў бізнес у Літве.

Фота - ФБ-старонка Дзмітрыя Кучука
Фота - ФБ-старонка Дзмітрыя Кучука

Палітык і прадпрымальнік вырашыў вярнуцца ў тую ж сферу, якой паспяхова займаўся на радзіме да арышту і вымушанага ад'езду, — збор і менеджмент адходаў.

Як паведамляе "Еўрарадыё", кампанія Кучука пад назвай Waste Line была афіцыйна зарэгістраваная тыдзень таму, аднак ужо паспела знайсці першых кліентаў. Новы бізнес падобны на профіль яго мінулай дзейнасці ў Беларусі, дзе прадпрымальнік валодаў адной з найбуйнейшых фірмаў у рэгіёне, якая сярод іншага спецыялізавалася на зборы бытавой тэхнікі для наступнай перапрацоўкі.

«Калі я вымушана апынуўся ў Літве, то праз нейкі час вырашыў, што варта ствараць кампанію, якая будзе займацца тым самым», — пракаментаваў свой крок Дзмітрый Кучук.

Галоўнай камерцыйнай перавагай новай ініцыятывы на літоўскім рынку павінна стаць унікальная мадэль сэрвісу, кажа Кучук. Па яго словах, на сённяшні дзень у Літве фінансавую кампенсацыю за здачу старой бытавой тэхнікі можна атрымаць толькі пры ўмове самастойнай дастаўкі яе ў стацыянарны прыёмны пункт. Калі ж гаспадары выклікаюць зборшчыкаў на дом, паслуга па вывазе звычайна бясплатная, але ніякіх выплат уладальніку не прадугледжвае.

Кампанія Кучука прапануе іншы падыход: брыгада гатовая сама вывезці буйнагабарытную тэхніку і пры гэтым выплаціць кліенту сімвалічную суму. Ролю мабільнага пункта збору выконвае адмыслова абсталяваны мікрааўтобус.

Стартавы капітал для праекта быў сфармаваны без прыцягнення банкаўскіх крэдытаў або знешніх інвестыцый. Па словах прадпрымальніка, на запуск справы пайшлі фінансавыя сродкі, атрыманыя ад фонду «Байсол» у якасці дапамогі для былых палітвязняў. Гэта стала адзінай магчымасцю пачаць бізнес з нуля, паколькі ўсе рахункі і актывы Дзмітрыя Кучука ў Беларусі на дадзены момант заблакаваныя і знаходзяцца пад арыштам.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость