Мінпрыроды Беларусі афіцыйна спыніла функцыянаванне рэспубліканскага батанічнага помніка прыроды «Астраўныя ельнікі Добрушскія» ў Гомельскай вобласці. Прычынай стала страта каштоўнага прыроднага аб'екта з-за масавага ўсыхання елак, паведамляецца ў пастанове, апублікаванай 26 лістапада 2025 года.
Афіцыйны дакумент Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя загадвае «Спыніць функцыянаванне батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Астраўныя ельнікі Добрушскія» ў сувязі з утратай каштоўнага прыроднага аб'екта, у мэтах захавання якога ён аб'яўляўся».
«Астраўныя ельнікі Добрушскія» былі абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння яшчэ ў 1963 годзе. Яго стваралі для захавання ўнікальнага высокага ельніка, дзе пераважала востралускаватая форма елі еўрапейскай, якая мела асаблівую батанічную і навуковую каштоўнасць.
Першапачатковая плошча помніка складала 30,8 га. Аднак з цягам часу ельнікі пачалі імкліва ўсыхаць. Да 2015 года тэрыторыя аб'екта скарацілася больш чым у дзесяць разоў і складала толькі 2,3 га. Галоўнай прычынай змяншэння плошчы, як і многіх іншых ельнікаў у Беларусі, стала менавіта масавае ўсыханне елі.
Участак, які больш не існуе ў статусе помніка прыроды, знаходзіўся прыкладна за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Чыстыя Лужы Добрушскага раёна.