28.02.2025 / 13:02

Беларускія і замежныя навукоўцы працягваюць паглыбляць веды пра чорных і белых буслоў.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Зялёны партал сумесна з праектам «DeFacto. Беларуская навука» распавядае, што ім удалося даведацца за апошнія гады.

 

Чорныя буслы не хацелі размнажацца на Палессі, але крызіс пераадолены

Марына Дзмітронак, Павел Пікуль і іншыя беларускія арнітолагі займаюцца маніторынгам жыцця чорных буслоў у заказніку «Сярэдняя Прыпяць» з 2011 года. Дзякуючы іх даследаванням удалося раскрыць загадку рэзкага зніжэння колькасці гэтых птушак.

Доўгі час назіралася дзіўная карціна: большасць пар чорных буслоў на Прыпяці былі актыўнымі і займалі гнёзды, але… не пачыналі размнажэння.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта звязана са змяненнем надвор’я: з 2014 года паводкі ў даліне Прыпяці доўгі час практычна не назіралася. У выніку катастрафічна знізілася папуляцыя адной з асноўных крыніц харчавання чорнага бусла ў Беларусі – бурай жабы. У 242 разы адносна нормы!

Для буслоў гэта стала моцным стрэсам, бо раней яны з лёгкасцю лавілі жаб для птушанят, нават маглі знаходзіць іх наўпрост пад гняздом.

У 2019 колькасць птушанят на пару чорных буслоў упала да антырэкордных 0,26. Аднак ужо ў 2020 годзе са з’яўленнем паводкі поспех гнездавання пачаў падвышацца, і ў 2023 годзе склаў 1 птушаня на пару. А летась навукоўцы заявілі пра ўсплёск нараджальнасці чорных буслоў.

Два гады таму колькасць чорных буслоў ацэньвалася ў Беларусі ў 1 870–2 230 пар пры афіцыйным паказчыку ў Чырвонай кнізе ў 900-1 300 пар: розніца тлумачыцца не павелічэннем колькасці віду, а ўдасканаленнем методык уліку. Для параўнання: у Італіі, згодна адной з апошніх справаздач, налічваецца ўсяго 36 пар чорных буслоў на ўсю краіну.

 

Дзве тысячы гадоў таму белыя буслы сустракаліся ў Рымскай імперыі, але не ў Беларусі

Самыя старыя рэшткі белых буслоў у Еўропе пасля заканчэння апошняга ледніковага перыяду навукоўцы знайшлі ў Іспаніі і Францыі – абодвум каля 10 тысяч гадоў ці крыху больш. Больш маладзейшыя рэшткі белага бусла выявілі ў археалагічных месцах ад Партугаліі і Брытаніі на захадзе – да Румыніі і Грэцыі на ўсходзе.і

Дзве–дзве з паловай тысячы гадоў таму белыя буслы сустракаліся амаль выключна на тэрыторыі Рымскай імперыі, паведамілі летась у сваім даследаванні археолагі з Нямеччыны. Навукоўцы склалі карту, на якой пазначылі знойдзеныя выкапні белага бусла ў Еўропе, якія ўтварыліся да нашай эры.

Карта, на якой пазначануя знойдзеныя ў Еўропе выкапні белага бусла
Карта, на якой пазначануя знойдзеныя ў Еўропе выкапні белага бусла

Як паказала даследаванне, белыя буслы распаўсюджваліся па Еўропе ўслед за змяненнямі ландшафту: інтэнсіўнай высечкі лясоў і з’яўлення вялікіх плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў. Перавагай буслоў перад многімі іншымі відамі птушак было тое, што людзі на іх не палявалі. Захапленне чалавека белымі бусламі дазволіла ім адкрываць новыя месцы пражывання і тэрыторыі.

Калі ж белыя буслы з’явіліся ў Беларусі? Калі нашыя продкі пачалі расчышчаць лес пад палі і лугі. Арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі лічыць, што гэта магло здарыцца прыкладна 500-600 год таму. Важнае ўдакладненне: чорны бусел жыў у нашых лясах ужо тысячы гадоў, гэта абарыген, у той час як белы – прышлы.

 

Мумія чалавечага дзіцяці апынулася муміяй бусла

У Музеі азіяцкай, афрыканскай і амерыканскай культур Напрстэк (Чэхія) захоўваецца мумія з інвентарным нумарам P 2501. Доўгі час лічылася, што гэта мумія дзіцяці.

Мумія белага бусла
Мумія белага бусла

Аднак даследаванні, у тым ліку зусім нядаўняе, паказалі, што насамрэч гэта мумія бусла.

Якая гісторыя гэтага экспаната – адной з нешматлікіх мумій буслоў, якія захоўваюцца ў еўрапейскіх калекцыях? Венгерскі граф Эстэрхазі дэ Галанта падчас наведвання Егіпта і Судана ў 1880-1881 гадах сабраў калекцыю старажытных рарытэтаў. Сярод іх апынулася невялічкая мумія – як меркавалі, дзіцяці. Калекцыю граф перавёз у сваю сядзібу на тэрыторыі сучаснай Славакіі (на той час Аўстра-Венгерская імперыя), адкуль праз шмат гадоў яна была перададзена ў музей у Прагу.

Даследаванні паказалі не толькі тое, што навукоўцы маюць справу з муміяй бусла, але нават высветлілі від птушкі – Белабрухi бусел (Ciconia abdimii). З-за адсутнасці інфармацыі па археалагічным кантэксце экспанат датуюць Познім перыядам Старажытнага Егіпта ці грэка-рымскім перыядам (747 г. да н. э.–395 г. н. э.).

Не сакрэт, што старажытныя егіпцяне муміфікавалі не толькі сваіх памерлых продкаў, але і жывёл – прычым мільёнамі. Жывёлы былі важнай часткай егіпецкай культуры, не толькі ў якасці ежы і гадаванцаў, але і ў рэлігійных мэтах.

Многія віды жывёл муміфікаваліся для чатырох асноўных мэт: каб забяспечыць любімым гадаванцам магчымасць адправіцца ў замагільны свет, каб забяспечыць ежу ў замагільным свеце, каб выдаць жывёлу ў якасці дара пэўнаму богу, а таксама таму, што некаторыя з жывёл разглядаліся як фізічная праява канкрэтных бостваў, якім пакланяліся егіпцяне. Дарэчы, муміі жывёлаў вырабляліся і для продажу паломнікам.

Бальзамаванню падвяргаліся ў тым ліку многія віды птушак. Верагодна, бусел быў вельмі шанаваны ў Старажытным Егіпце.

 

Навукоўцы заклікаюць не недаацэньваць важнасць звалак для белых буслоў у Заходняй Еўропе

Не адно даследаванне на гэтую тэму зрабілі навукоўцы з Іспаніі. З аднаго боку яны канстатуюць, што харчаванне белых буслоў на звалках можа быць вельмі небяспечным, а ўлады прымаюць меры для адпужвання птушак.

З іншага боку – з-за такіх мер скарачаецца размнажэнне буслоў, бо трэба ўлічваць працэс змянення клімату і частыя перыяды засухі. Пошук ежы на сметніку дапамагае птушкам змякчыць наступствы натуральнага дэфіцыту ежы.

Навукоўцы заклікаюць прааналізаваць патэнцыйны негатыўны эфект мер па адпужванню птушак са звалак.

 

Чорны бусел атрымлівае заўважныя дозы пестыцыдаў, хутчэй, на месцах зімоўкі, а не ў Беларусі

Да такой высновы прыйшлі беларускія арнітолагі. Пры гэтым пакуль няма дакладных дадзеных пра ступень уплыву хлорарганічных злучэнняў на папуляцыю чорнага бусла.

Некалькі гадоў таму беларускія навукоўцы таксама апублікавалі вынікі спадарожнікавага назірання за двума маладымі чорнымі бусламі ў 2018–2020 гадах: яны выбралі месцамі зімовак Чад і Эрытрэю.

Куды з Беларусі злятаюць чорныя буслы
Куды з Беларусі злятаюць чорныя буслы

 

Турцыя – новы кірунак для зімоўкі белых буслоў

Вядома, што з Заходняй Еўропы буслы ляцяць на зімоўку ў Афрыку праз Гібралтар, а з Усходняй Еўропы – праз праліў Басфор. Аднак новае даследаванне дэманструе, што буслы ўсё часцей выбіраюць для зімоўкі раней транзітную для іх Турцыю.

Дакладная прычына павелічэння колькасці зімуючых папуляцый віду ў Турцыі да канца пакуль невядомая. Магчыма, прычына не толькі ў змене клімату, але і дэградацыі ранейшага асяроддзя пражывання.

Яшчэ раней навукоўцы прыйшлі да высновы, што выжывальнасць белых буслоў, якія зімуюць у Еўропе, вышэй, чым у тых птушак, якія мігруюць на зімоўку ў Афрыку.

 

Бусліная «сямейная драма» ў суседзяў: навукоўцы не вытрымалі і ўмяшаліся

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

У Яраслаўскай вобласці РФ летам 2023 года навукоўцы – дзякуючы онлайн-камеры – назіралі за рэдкім выпадкам змены партнёра ў гнездавы перыяд. Калі птушанятам было каля месяца, самец-гаспадар гнязда атрымаў траўму і знік (верагодна, загінуў). Праз 8 дзён на гняздзе з’явіўся чужы самец…

Самка вымушана была бараніць дом у адзіночку. Відаць, новы самец аказаўся настойлівым і моцным, аднак яго знаходжанне ў гняздзе было небяспечна для птушанят. Верагодна, таму пры яго з’яўленні самца самка звычайна злятала з гнязда і толькі некалькі разоў спрабавала прагнаць прышэльца (за выключэннем пары выпадкаў, безпаспяхова).

У выніку бітваў за гняздо можа гінуць нашчадства. Аднак вядомы таксама выпадкі, калі пераможца выхоўваў чужое нашчадства.

Дык вось, у даследаванні, апублікаваным напрыканцы 2024 года, паведамляецца, што ўсе птушаняты перажылі нападкі чужога самца, а маці змагла іх выкарміць.

Аднак біёлаг Вера Паўлава некалькі тыдняў таму прызналася: «Склалася ўражанне, што самачка радзей стала бываць на гняздзе, каб чужы самец менш нападаў на птушанят. Мы не вытрымалі і сталі іх падкормліваць. Гэта не зусім навуковы падыход, але забіць у сабе чалавека немагчыма».

У самкі з новым самцом нічога не атрымалася: праз зімоўку яна не пусціла яго ў гняздо.

Навукоўца лічыць, што прычына ў неспрактыкаванасці самца: «Гэта было зразумела ўжо ў тое лета, калі ён толькі з’явіўся на гняздзе, па тым, як абыходзіўся з гнездавым матэрыялам. Спрабаваў галінкі ў гняздзе перакладаць, але ўпускаў іх, усё разварушыў».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость