Навукоўцы даўно рапрацавалі ачышчальнікі паветра, але ці даступныя яны людзям у Беларусі?
Пажараў становіцца больш
Паводле Інстытуту сусветных рэсурсаў, за апошнія 20 гадоў роля пажараў у страце лясоў заўважна вырасла. У 2001 годзе пажары былі «адказнымі» за 20 % ад усёй страты лесу, а цяпер – за 33 %. Адказ на пытанне, чаму так адбываецца, даволі просты – гэта частка кліматычнага крызісу.
Экстрэмальныя хвалі спёкі цяпер у пяць разоў больш частыя, чым 150 гадоў таму, і, імаверна, яны будуць адбываецца яшчэ часцей, бо планета працягвае награвацца.
І калі гарыць лес, у паветра вылучаецца вуглярод, які захоўваўся ў ствалах, галінах і лістах дрэваў, а гэтаксама і вуглярод, што быў у глебе пад дрэвам. Існуе так званае замкнёнае кола «пажар-клімат»: чым больш здараецца пажараў, тым больш вылучаецца вугляроду, які пагаршае кліматычны крызіс, што прыводзіць да яшчэ большай колькасці пажараў.
У Беларусі ў 2024 годзе было зафіксавана 487 лясных пажараў на тэрыторыі ў 367,3 гектары. Найчасцей лясы гарэлі ў Берасцейскай вобласці, але найбольш разбуральнымі такія пажары былі ў Гомельскай вобласці.
Безумоўна, той факт, што найбольш ад лясных пажараў церпяць паўднёвыя рэгіёны, указвае на ролю надвор’я і кліматычных зменаў, але ў 95,3 % выпадкаў галоўным быў антрапагенны фактар.
Пажары забруджваюць паветра на тысячы кіламетраў вакол сябе
Але здавалася б, калі вы жывяце ў горадзе, побач з якім ніякія лясы не гараць, вы мусіце быць у бяспецы. Нажаль, гэта працуе інакш. Драбнюткія часціцы, якія ўтвараюцца ў выніку лясных пажараў, могуць пераадольваць тысячы кіламетраў, і дадатковая праблема заключаецца ў тым, што яны больш небяспечныя для здароўя за звычайнае забруджванне паветра ў гарадах.
Чаму так? Бо ў паветры, забруджаным ляснымі пажарамі, большая канцэнтрацыя хімічных рэчываў, якія выклікаюць запаленне ў арганізме чалавека. Забруджванне ляснымі пажарамі звязваюць з ранняй смерцю, абвастрэннем сардэчных і дыхальных захворваняў і заўчаснымі родамі.
Нажаль, мы не можам паўнавартасна ацаніць сітуацыю з адпаведнымі захворваннямі ў Беларусі, бо вядома пра шматлікія маніпуляцыі са статыстыкай у медычнай сферы.
The Guardiаn падкрэслівае, што раней даследаванні вывучалі уплыў лясных пажараў на паветра на вуліцы, але нядаўні аналіз – гэта першае глабальнае даследаванне таго, як лясныя пажары ўплываюць на якасць паветра ў нашых дамах.
Сітуацыя ў Еўропе адносна добрая, калі параўноўваць яе з іншым светам. Найцяжэй прыходзіцца людзям у паўднёвай Амерыцы і цэнтральнай Афрыцы. Троху лепш сітуацыя ў Паўночнай Амерыцы, паўночна-заходняй Аўстраліі, на поўначы і паўднёвым захадзе Азіі.
Дык што рабіць у Беларусі?
Лясныя пажары працягваюць шкодзіць здароўю людзей у Беларусі нават у іх дамах. Нават з зачыненымі дзвярыма і вокнамі ў дзень, калі гарыць лес, у доме канцэнтрацыя спецыфічных часціц у паветры вырастае ў тры разы. Але выйсце ёсць – можна выкарыстоўваць адмысловыя ачышчальнікі паветра, і, як правіла, танней набыць такі ачышчальнік, чым потым разбірацца з хранічнымі захворваннямі, якія з’явіліся праз забруджанае паветра.
У Беларусі за ачышчальнік для аднаго пакоя давядзецца аддаць ад 175 да амаль 14 000 рублёў, але інтэрнэт-крамы прапаноўваць браць тавары ў растэрміноўку на некалькі месяцаў, так што можна знайсці магчымасць і ачышчаць паветра ў доме, і не застацца пры гэтым без грошай.
Падабраць тое, што найлепш будзе адпавядаць вашым патрабаванням, можна вось у гэтым каталозе. Звярніце ўвагу, што для абароны ад наступстваў ляснога пажару ачышчальнік паветра не павінен вылучаць азон.
Калі лясныя пажары бываюць побач з месцам, дзе жывяце, вы можаце падрыхтаваць так званы чысты пакой у сябе дома. У гэтым пакоі вы зможаце быць падчас ляснога пажару, які адбываецца недалёка.
- ·Загадзя абярыце памяшканне. Яно мусіць быць дастаткова вялікім, каб усе чальцы вашай сям’і маглі ў ім змясціцца.
- ·Калі ўжо пачаўся пажар, прадухіліце трапленне дыму ў пакой. Зачыніце ўсе дзверы і вокны ў пакоі, але не рабіце нічога такога, што будзе замінаць вам пры неабходнасці хутка пакінуць памяшканне.
- ·Старайцеся не перагрэцца. Уключыце вентылятар ці кандыцыянер, калі ён у вас ёсць. Калі ў вашым аконным кандыцыянеры ёсць функцыя «свежае паветра», адключыце яе і перайдзіце ў рэжым цыркуляцыі паветра. У рэжыме «свежае паветра» кандыцыянер будзе забіраць паветра з вуліцы, а ваша мэта – гэтага акурат пазбегнуць.
- Фільтруйце паветра ў пакоі падчас пажару. Ачышчальнік мусіць працаваць без перапынку у рэжыме максімальнай фільтрацыі.
Дадаткова ў чыстым пакоі не рэкамендуецца смажыць ежу на патэльні, паліць, выкарыстоўваць любыя аэразолі і карыстацца пыласмокам, калі ў яго няма HEPA-фільтра.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што паколькі лясныя пажары працягваюць узмацняцца праз кліматычныя змены, памяншэнне колькасці забруджвальных часціц у памяшканнях стала актуальнай глабальнай праблемай, якая ўжо выходзіць за межы індывідуальных дзеянняў і патрабуе комплексных рашэнняў з боку дзяржавы.
Нам не вядома ні пра якія крокі з боку беларускай дзяржавы, накіраваныя на вырашэнне ці нават прызнанне гэтай праблемы.