31.07.2025 / 08:07

Топ спосабаў жыць аўтаномна, ад wifi да ежы.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Аўтаномнае святло і wifi, запас вады памерам некалькі дзясяткаў літраў – невялікая частка тых рэчаў, якія дапамогуць перажыць катаклізмы, ад блэкаўта да вайны. У тэксце сабраны вопыт людзей, якія падчас жыцця ва Украіне навучыліся быць гатовымі да таго, да чаго нельга быць гатовымі.

Апошнія некалькі гадоў мы жывем у абсалютна непрадказальным свеце, які штодзень падкідвае нам новыя і новыя выклікі, да якіх мы часцей за ўсё не аказваемся гатовымі, але з часам адаптуемся.

Гэта і пандэмія, і прыродныя катаклізмы, і рызыкі тэхнагенных аварый, што ўзраслі шматкроць, і, канешне, ваенныя дзеянні, якія Расія пачала ў 2014 годзе і працягнула ў 2022 паўнамаштабным уварваннем ва Украіну.

Толькі цягам апошніх двух гадоў беларусы, што жывуць цяпер не толькі ў Беларусі, у розных краінах сутыкнуліся з рознымі прыроднымі і тэхнагеннымі катастрофамі.

Паводкай ў Іспаніі, дзе праз залевы ў кастрычніку 2024 найбольш пацярпеў рэгіён Валенсіі.

Маштабны блэкаўт у Партугаліі, Іспаніі і іншых еўрапейскіх краінах сёлета, які паказаў максімальную залежнасць ад электрычнасці.

Што казаць, калі ўраганы ў самой Беларусі рэгулярна пакідаюць людзей без электрычнасці і вады.

Мы ніяк не можам кантраляваць падобныя рэчы, але ў частцы, дзе мы можам быць крыху больш падрахтаванымі, мы паспрабавалі даць спіс больш-менш універсальных парад па некалькіх асноўных накірунках, каб атрымаўся такі чэк-ліст выжыўшага. І вы заўсёды можаце дадаць сюды нешта сваё (хаця больш за ўсё хочацца, каб ён вам не спатрэбіўся).

Складаць спіс мне дапамагалі сябры з розных гарадоў Украіны, бо мы перажылі ўжо не адну зіму і лета з блэкаўтамі, а да гэтага — хаос першага часу паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, і перажываем зараз перыядычныя абстрэлы рознай ступені інтэнсіўнасці, і іх наступствы — у залежнасці ад таго, наколькі блізка жывем ад лініі фронту.

Гэты матэрыял — спроба to prepare for unprepared — падрыхтавацца да таго, да чаго падрыхтавацца ня можна.

 

Тэхніка і абсталяванне

Пачыналі мы, канешне, з базы, са свечак. Аказалася, яны патрэбны не толькі ў калядны перыяд. Як і гірлянды. Але лепей падумаць пра прыдбанне больш трывалых рэчаў і прылад:

Калі ёсць час і грошы  (ад $ 600) — зарадная станцыя тыпу EcoFlow або генератар.

У любым выпадку патрэбныя павэрбанкі. Лепш — вялікай ёмістасці (30 000-60 000 і больш mAh), 2–3 штукі, у ідэале – не менш, чым па адным на кожнага члена сям’і. Пажадана — з функцыяй хуткай зарадкі, такія могуць зараджаць ноўтбукі праз порты Type-C. Не лішняй будзе і сонечная панэль/батарэя (гэтае некрытычна, бо звычайна яна слабая і доўга зараджаецца, асабліва восенню/зімой).

Ставіць на зарадку паўэрбанкі ў час, калі электрычнасць з’яўляецца (калі гэта адбываецца па графіку) мае быць рэфлексам.

Падчас блэкаўтаў рынак рэагуе адразу: цэны на генератары, зарадныя станцыі і нават паўэрбанкі павышаюцца ў некалькі разоў, таму лепш вырашыць гэтае пытанне загадзя.

З бытавых прылад для асвятлення патрэбны вялікі ліхтар, каб можна было асвятліць пакой або нават мноства лямпачак, якія сілкуюцца ад батарэек/акумулятараў, праз USB ад паўэрбанка ці ноўтбука. Ці адна такая лямпа падвешваецца куды заўгодна і добра асвятляе невялікую плошчу.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Дадаткова — гірлянды на батарэйках, святлодыёдныя, LED-стужкі выдатна падыдуць для асвятлення дома або офіса. Калі не патрэбна яркае святло, іх цалкам дастаткова. USB-лямпачкі асвятляюць памяшканне падчас блекаутаў і выключэння святла, і амаль не спажываюць энергію, паўэрбанк не расходуецца.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Вельмі зручныя налобныя ліхтарыкі кшталту Fenix HL16 AAA.

Каб мець магчымасць карыстацца Wi-Fi без святла, неабходна падаць сілкаванне на мадэм і роўтар, якія атрымліваюць сігнал з кабеля правайдэра. Гэта можна зрабіць з дапамогай паўэрбанка, крыніцы бесперабойнага сілкавання, зараднай станцыі, генератара і г.д.

Як мінімум, для стабільнага інтэрнэту патрэбны дуэт: паўэрбанк + кабель USB да роўтара. Трэба праверыць напружанне роўтара, каб купіць адпаведны кабель.

Адаптар сілкавання для Wi-Fi-роўтара кшталту Marsriva KP3. Ён забяспечвае працу інтэрнэту больш за восем гадзін у выпадку блэкаўту.

Паўэрбанк павінен мець функцыю скразной зарадкі, што дазваляе адначасова зараджаць паўэрбанк і сілкаваць з яго іншыя прылады. Схемы падключэння і тлумачэнні, як гэта зрабіць, можна знайсці на YouTube па адпаведным пошукавым запыце.

Для стабільнага сілкавання персанальнага кампутара абавязкова патрэбны КБС (крыніца бесперабойнага сілкавання), які можа абараніць ПК падчас перападаў напружання, асабліва ў момант абстрэлаў.

Таксама для абароны ад перападаў напружання і каб ваша тэхніка проста не згарэла пры скачках пры паўторных выключэннях і ўключэннях, вельмі пажадана мець рэле кантролю напружання ці стабілізатар напружання. Асабліва для лядоўні.

Судзячы з інфармацыі пра апошні энергетычны калапс у Еўропе, не будзе лішнім мець радыёпрымач на батарэйках, бо ў Іспаніі радыё працавала тады, калі нішто больш не працавала.

Правадныя навушнікі, ну і запас батарэек/акумулятараў.

У ідэале трэба мець запас усяго прывычнага, бо нават у сітуацыі ваеннага стану праз нейкі час крамы вяртаюцца ў больш-менш стабільны рэжым работы (мы не кажам тут пра акупаваныя тэрыторыі).

Калі ў кватэры няма газу — варта мець газавую гарэлку (хоць турыстычную) ці партатыўную газавую плітку, каб можна было прыгатаваць ежу, заварыць гарбату/каву.

Для генератара трэба мець запас бензіну, для газавай гарэлкі/пліткі — балоны з газам. Запас бензіну ў баке машыны і дадатковая каністра.

Калі працуе мноства генератараў адразу, лепш набыць берушы, бо гэта вельмі громка.

Можна набыць свісток на шыю, каб у выпадку чаго падаваць сігнал (менш энергіі вытрачаецца, чым на крык).

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

 

Прадукты

Пітная вада і вялікія бутэлькі для яе.

Лепш выбіраць прадукты, якія хутка гатуюцца, бо колькасць газу абмежаваная. Гэта кансервацыя або сезонныя гародніна (грэчка са свінінай і курацінай, тунец, сардзіны, гарошак, кукуруза, грыбы), крупы, якія можна хутка прыгатаваць аўсяныя або іншыя шматкі, нейкія соусы, цукар і кава.

Варта мець некалькі відаў кансерваў. Яны захоўваюцца без лядоўні, іх можна есці ў сыром выглядзе або лёгка разагрэць — напрыклад, проста на газавым балоне. Можна нешта печанае або сыравяленае, сушанае і сублімаванае, што не псуецца: супы хуткага прыгатавання (можна заліць кіпенем), хлебцы, салодкае, кава ў стыках, гарбата.

Калі ў вас ёсць досвед актыўнага турызму, трэба браць тое, што вы б узялі з сабой у вылазку ў горы.

Адпаведна, выключыць з запасаў прадукты, якія хутка псуюцца без лядоўні, і замарожаныя прадукты. Падчас наяўнасці электрычнасці, каб лепш захоўваліся прадукты, варта ўключаць маразільную камеру на максімальную магутнасць і замарожваць пластыкавыя бутэлькі з вадой. Потым яны паступова аддаюць холад іншым прадуктам.

 

Побыт

Тэхнічная вада. У мяне пастаянна стаяла 5-7 пластыкавых бутэлек па 6-10 літраў, воду ў якіх я перыядычна мяняла.

Калі блэкаўт адбываецца ў спякоту: каб трохі выратаваць сітуацыю, можна павесіць мокрыя прасціны на дзверы і сушылку для бялізны. Вентылятары на батарэйках.

І наадварот, калі ўзнікнуць праблемы з ацяпленнем — на кожнага члена сям’і варта купіць тэрмабялізну і спальныя мяшкі. Не лішнім будзе і абагравальнік.

Не зусім пра блэкаўты, але у цёплую пару, калі кудысьці ісці, старацца пакідаць вокны хаця б на праветрыванне, каб іх не вырвала выбуховай хваляй.

Тонкі матрас, складны мат, турыстычны кілімок, каб спаць на падлозе.

Пажадана мець абутак, які не прамакае і спіс рэчаў, якія вы возьмеце з сабой, калі прыйдзецца з’язджаць. Можна і сабраць гэтыя рэчы загадзя, але тады іх трэба пастаянна абнаўляць у залежнасці ад сезону.

 

Сховішча

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Даведайцеся, дзе знаходзіцца бамбасховішча побач з вашым домам. Не проста паглядзець на мапе, але і схадзіць туды. Праверыць, ці яно адчынена, у каго ёсць ключы, ці ёсць там месцы, каб сядзець/ляжаць.

Калі не, купіце рыбалоўны табурэт або, калі ёсць магчымасць, зрабіце месца для сядзення/ляжання з паддонаў. І зноў – матрас, кілімок, запасы вады і ежы.

Замест таблетак ад камароў — спіралі і праветрыванне, а таксама свечкі з гваздзікай і ваніллю.

 

Баўленне часу

Шукайце знаёмых, суседзей побач, з кім можна пайсці на шпацыр або звярнуцца па дапамогу, каб не з’ехаць з глузду.

Калі плануюцца мерапрыемствы ці паездкі, дзе таксама бываюць адключэнні, першае, што трэба даведацца: ці ёсць графік.

Добрая кніжка/красворд/шахматы — любая альтэрнатыва інтэрнэт-забавам, бо калі не будзе цягнуць Wi-Fi ці мабільны інтэрнэт і не будзе як працаваць — трэба чымсьці сябе заняць.

Паўэрбанкі таксама разраджаюцца, таму каб не памерці з нуды, лепш нешта рабіць. Магчыма, гэта шанец прыдумаць геніяльную камбінацыю і перамагчы галоўнага гросмайстра раёна?

Дамовіцца з блізкімі і калегамі, што рабіць, калі не будзе інтэрнэту і вы доўга (суткі і болей) не выходзіце на сувязь, а таксама пра іншыя рэчы, пра якія не хочацца думаць.

 

Іншае важнае

Абавязкова зняць гатоўку і захоўваць яе ў надзейным месцы.

Мець банкаўскія карты розных банкаў і sim-карты хаця б двух розных аператараў мабільнай сувязі на выпадак праблем з пакрыццём мабільнага інтэрнэту падчас адключэнняў.

Калі адключэнні энергіі адбываюцца па графіку, даведацца, у каго які графік адключэнняў і сінхранізавацца. Хадзіць адно да аднаго ў госці — працаваць, мыцца, есці — па патрэбе. Дзяліць камунальныя выдаткі.

Калі ёсць магчымасць не жыць на высокіх паверхах — гэтым людзям вельмі пашанцавала. Калі няма — трэніроўкі і пошук суседзяў на меншых паверхах, каб у выпадку патрэбы дапамаглі з пакетамі або сумкамі з прадуктамі, бо ліфты падчас блэкаўтаў не працуюць.

У нас была такая камунальная хатка.

 

Медыцына і псіхалагічная дапамога

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Курсы дамедычнай дапамогі і аптэчка — гэта база. Базай сталі і турнікеты, каб спыніць крывацёк.

Заспакойлівыя сродкі і нешта для ўмацавання нервовай сістэмы (гэта надоўга і вычэрпвае, каб не зрывацца з-за дробязей — клапаціцеся пра сябе).

Акрамя базавай аптэчкі, варта купіць запас тых лекаў, якія дапамагаюць менавіта вам. Калі вы праходзіце курс лячэння — зрабіце запас таблетак да канца курсу, бо з пачаткам вайны аптэкі могуць быць зачыненыя, а ў тыя, што адкрытыя — чаргі на гадзіны.

Калі маеце цяжкасці з дыханнем — успомніце ковідныя часы і насіце тканкавую маску або рэспіратар з фільтрам не ніжэй за «жоўты».

Калі пасля абстрэлу ў вушах працягваюць «гучаць» выбухі — звяртайцеся да псіхолага. Ні ў якім разе не ігнаруйце сваё псіхічнае здароўе.

Чым хутчэй стане лягчэй — тым хутчэй зможаце вярнуцца да жыцця.

Клапаціцеся пра сон: нават калі святло даюць ноччу — лепш загадзя паставіць тэхніку на зарадку. Спіце ў масцы для вачэй, каб не прачынацца ад выпадковага святла. Якасны сон — шанец выжыць у гэтым хаосе.

Усё, што заўгодна, што можа паўплываць на ваш псіхалагічны стан: калі бачыце кветкі і яны вам патрэбны – хай будуць кветкі. У першы ці другі тыдзень паўнамаштабнага ўварвання мы ўбачылі і купілі абярэмак цюльпанаў, каб проста цешылі вока.

 

Хатнія гадаванцы

Мае быць запас корму, і зручныя ёмістасці, якія хутка можна ўзяць з сабой.

Калі жывёлка не любіць пераносак — паспрабуйце шлейку або іншую пераносную сістэму. Прывучайце да пераноскі праз смаколікі.

Можна спачатку запусціць жывёлку «панюхаць» укрыццё, каб не было стрэсу.

 

І абавязкова

  • Скласці ў пакет або непрамакальную тэчку найважнейшыя дакументы і паперы, уключаючы медычныя (копіі дакументаў пра стан здароўя, асабліва калі ёсць хранічныя захворванні), а таксама розныя «сацыяльныя» паперкі.
  • Зрабіць электронныя копіі ўсіх дакументаў, трымаць на абароненых рэсурсах/носьбітах.
  • І яшчэ: усё найважнейшае і найкаштоўнейшае, што хочацца захаваць на памяць пра блізкіх. Гэта могуць быць самыя звычайныя рэчы, што можна выкарыстоўваць у побыце і якія не займаюць шмат месца, а могуць быць сямейныя рэліквіі.
  • Можна алічбаваць фота і захаваць доступы.
  • Старайцеся падбаць пра сябе, каб не было адчування вырванасці.
  • Будзьце ўважлівымі да валанцёрскіх ініцыятыў: збіраць дапамогу перасяленцам, гатаваць ежу, плесці маскіровачныя сеткі, здаваць кроў.
  • Апануйце новыя навыкі. Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіне, напрыклад, многія жанчыны пайшлі вучыцца кіраваць аўтамабілем.

.
.

*Тэкст падрыхтаваны з ментарствам і падтрымкаю Transition

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость