Аб гэтым паведамляецца ў артыкуле былога вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Максіма Ярмохіна ў міжнародным часопісе Dendrochronologia.
Першая тысячагадовая храналогія Pinus sylvestris, сасны звычайнай, у Беларусі (997-2020 гг.) была распрацавана шляхам аб'яднання шэрагаў драўняных кольцаў жывых дрэваў, гістарычных будынкаў і археалагічных раскопак.
Гістарычнае бярвенне было сабрана з Нясвіжскага замка і Свята-Пакроўскай царквы ў Турцы, а археалагічнае – з Гродзенскага замка і Навагрудака. Раней даследаванні былі абмежаваны ўзростам жывых дрэваў, таму ахоплівалі не больш за 200 гадоў.
Паколькі першы горад у Беларусі, Полацак, датуецца 862 г., то створаная храналогія амаль такая ж старажытная, як і ўся гісторыя гарадоў у краіне.
Яна ўпершыню дае інструмент, які дазваляе датаваць драўляныя пабудовы ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі, піша Максім Ярмохін.