30.10.2025 / 12:10

Канстанцін Ранкс пра змену клімату, падводныя цячэнні і ўчасткі Еўропы, дзе як даўжэй будзе найбольш камфортна.

Фота - FB-акаўнт Канстанціна Ранкса
Фота - FB-акаўнт Канстанціна Ранкса

Нягледзячы на тое, што дзясяткі тысяч прыладаў на нашай планеце і ў космасе адсочваюць тэмпературы, аб’ём тых ці іншых газаў у атмасферы і іншыя параметры, дагэтуль застаецца шмат людзей, якія ўпэўнены, што кліматычнага крызісу не існуе, і што глабальнае пацяпленне — гэта выдумкі кагосьці фінансава зацікаўленага. Мы распыталі марскога геолага і навукова-папулярнага журналіста Канстанціна Ранкса пра змяненне клімату і ролю падводных цячэнняў у нашым жыцці. І так, нават калі бліжэйшае да вас мора — Мінскае, гэтыя цячэнні ўплываюць і на вас.

 

Ва ўсім вінаватая прага камфорту?

Сам факт існавання змянення клімату даўно ўжо не мусіць быць тэмай для дыскусіі. За апошнія дзесяцігоддзі сабралася шмат аператыўнай інфармацыі пра нашую атмасферу, і ўжо можна інструментальна даказаць, што тэмпературы падвышаюцца, хоць гэты працэс не праходзіць раўнамерна.

«Пры палярных абласцях паўночнага паўшар’я значна мацней[1] , чым, напрыклад, у экватарыяльнай частцы, дзе ёсць асобныя месцы, дзе тэмпература зніжаецца, але гэта ніяк не мяняе агульныя карціны», – кажа Ранкс. «Гэта маленькія месцы, напрыклад, на поўдзень ад Грэнландыі. Так што мы дакладна ведаем, што сярэдняя тэмпература на планеце расце. Гэта бясспрэчна».

А вось каб зразумець прычыны, навукоўца раіць дзейнічаць метадам выключэння. Актыўнасць сонца ён адразу выкрэслівае са спісу значных фактараў. Затое вялікую ролю надае таму, што мы шмат спальваем вуглевадароднай сыравіны ў выглядзе вугля, драўніны, нафты і газу. І хоць вылучаецца ў выніку гэтага працэсу не толькі вуглякіслы газ, асноўную праблему стварае менавіта ён, бо нашмат павольней за астатнія «выкіды» ўбудоўваецца ў натуральныя ланцугі.

«Вуглякіслы газ — гэта, напрыклад, ежа для раслін», – тлумачыць суразмоўца. «І мы назіраем, што ежы для раслін становіцца болей, але мы ж выкідаем усё больш вуглякіслага газу, а яшчэ і вырубаем лясы. Праз гэты дысбаланс сітуацыя становіцца ўсё горшай.

Калі я нарадзіўся ў 1960-м годзе, на Зямлі жыло тры мільярды чалавек. Цяпер мы падбіраемся да лічбы ў 8,5 мільярдаў. Да чаго мы ідзем? А да таго, што трэба зразумець вельмі простую рэч: 65 гадоў таму людзі на Зямлі і ўявіць не маглі, што значыць жыць у камфорце, а цяпер яны вельмі добра гэта ўяўляюць. Нават у глыбінях саваны ходзяць паляўнічыя з мабільнымі тэлефонамі, у якіх ёсць спутнікавы інтэрнэт. Свет цалкам змяніўся! Людзі хочуць жыць добра, спажыванне расце па экспаненце, і мы трацім усё больш і больш энэргіі, выкідваем усё больш вуглякіслага газу».

Што тычыцца адмаўлення крызісу, дык Ранкс упэўнены, што гэта адбываецца праз жаданне людзей зняць з сябе віну. Калі прызнаць, што пацяпленне адбываецца, і што яно адбываецца ў тым ліку праз дзейнасць чалавека, давядзецца задаваць сабе нязручныя пытанні. А чаму мы вырашылі, што можам карыстацца дарагой парфумай, ездзіць на магутнай машыне, лятаць на летаку на поўдзень? «Хто табе сказаў, што ты гэтага варты?», – нібыта рытарычна запытваецца навукоўца, але тут жа сам адказвае. – «Рэклама».

Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

Ён заклікае разумець, што для эвалюцыі ніякіх вартых няма, акрамя тых, хто пакінуў шмат нашчадкаў. І дадае: «Самае страшнае — гэта паўведанне. Напрыклад, калі людзі чуюць, што 45 мільёнаў гадоў таму было цяплей, чым цяпер. І вуглякіслага газу ў атмасферы было больш. Але ўся справа ў тым, што цяпер справа не толькі ў вялікіх узроўнях вуглякіслага газу. Справа ў тым, што хуткасць змен, з пункту гледжання той жа геалогіі, абсалютна беспрэцэдэнтная».

За прамежак часу, які ў маштабах існавання планеты можна назваць імгненнем, адбыліся такі перамены, да якіх біялогія планеты не паспявае падстройвацца. Планета не можа адаптавацца дастаткова хутка, і яна ў выніку змяняецца ў вельмі непрыемны для нас бок.

 

«Без актыўных цячэнняў усё вернецца ў натуральную норму»

Вялікую ролю ў тым, што мы жывем менавіта ў такім клімаце, у якім жывем, граюць падводныя цячэнні. Напрыклад, Рыга знаходзіцца ў трохстах кіламетрах на поўдзень ад Таліна і Санкт-Пецярбурга, трошкі на поўнач ад Магадана. Па словах Ранкса, без марскіх цячэнняў клімат на беразе Рыжскага заліву выглядаў бы гэтак жа, як на поўначы Ахоцкага мора ці на поўдні Аляскі. У Беларусі таксама жыццё было б куды больш суворым.

«Менавіта гэтыя цячэнні — спачатку Гольфстрым, які потым пераўтвараецца ў паўночна-заходняе цячэнне, якое дзеліцца на рукавы, яны акурат забяспечваюць адносна мяккі клімат у Еўропе. Не будзе іх, і ўсё, у нас на поўначы Еўропы зноў будуць маленькія і вялікія леднікі». Іншым рэгіёнам Еўропы навукоўца пры такім сцэнары прарочыць вельмі кароткае, даждлівае, халоднае лета і доўгую зіму. Што не выключае таго, што ў раёне Міжземнага мора будзе працягваць развівацца засуха.

Тэрыторыі, якія выйграюць, прынамсі часова, ад такога сцэнару, ёсць, але іх зусім мала: «У асобных месцах, напрыклад, на ўзбярэжжы Біскайскага заліва — там якраз, паводле аналітыкаў, можа быць змяншэнне ападкаў (там зараз даволі вільготна) але павышэнне тэмпературы. А для вялізнай усходнееўрапейскай раўніны гэта будзе вельмі дрэнна».

 

«Перагрэтае мора — гэта гіганцкая маса атмасфернай вады»

Апошнім часам ураганы становяцца мацнейшымі, і навукоўцы ўжо 7 гадоў таму прапанавалі ўвесці новы, шосты пункт у шкалу ацэнкі ўраганаў Сафіра-Сімпсана. ЦІ варта чакаць, што найцяжэй праз змяненне клімату прыйдзецца людзям, што жывуць на ўзбярэжжах? Ранкс на гэтае пытанне адказвае ўдакладненнем, што найгорш прыйдзецца тым, хто жыве ў зонах, дзе ходзяць ураганы. Узбярэжжы ў гэтым плане неаднародныя: складаней за ўсё сітуацыя на заходнім узбярэжжы Атлынтыкі, у прыбрэжных раёнах Індыі і на заходнім узбярэжжы Ціхага акіяну, пачынаючы ад Філіпін, і далей ужо ідзе Кітай, Тайвань, Карэя, Японія, і нават Сахалін і Курыльскія выспы.

Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

І праблема не толькі ў тым, што расце хуткасць вятроў, але і ў тым, то павялічваецца аб’ём ападкаў. Акіян цяплее, ён хутчэй выпарваецца, і вось гэтая вада, якая выпарылася, мусіць недзе выліцца.

«Вось, напрыклад, нават не акіян, а Міжземнае мора ў раёне Валенсіі ў мінулым годзе, дзе пры навадненні загінула больш за 200 чалавек. Усё было нібыта лакальна, але ж вялікая маса вады праз перагрэтае мора.

Перагрэтае мора — гэта гіганцкая маса атмасфернай вады. Яна рухаецца ў паўночна-заходнім напрамку. Яна сыходзіць у перадгор’е, уздымаецца і імгненна, хутка — мацнейшая залева наўпрост над далінай. Гіганцкая маса вады проста выпадае з паветра на зямлю, і ўтвараецца плынь, якая зносіць усё на сваім шляху».

Пры гэтым навукоўца нагадвае, што некаторыя іншыя ўзбярэжныя зоны будуць ператворвацца ў пустэльні — напрыклад, тэрыторыі вакол Чорнага і Каспійскага мораў. Ён упэўнены, што мы ўжо спынілі працэс, які немагчыма спыніць, і да якога можна толькі прыстасоўвацца: «Цяпер нават калі мы заўтра перастанем вадзіць машыны, будзем ездзіць толькі на электрычках, якія будуць сілкавацца толькі ад сонечных батарэй, нічога ўжо не зменіцца».

Але ёсць, паводле нашага суразмоўцы, у Еўропе месцы, якія яшчэ досыць доўга будуць даволі камфортнымі. Такімі зонамі ён называе поўнач Іспаніі і заходнюю частку Францыі. Ментальна, кажа ён, нас у гэтым пытанні абыгрываюць амерыканцы — у ЗША шмат хто пераязджае з аднаго штата ў іншы на працягу жыцця. А краіна дужа вялікая і разнастайная ў плане клімату — ёсць куды схавацца.

«Мы ў Еўропе так і не ўвасабілі ідэю Злучаных Штатаў Еўропы. Да гэтага часу гэта супольнасць асобных маленькіх краін. Нашыя нацыянальныя эліты трымаюцца за сваю дзяржаўнасць, хоць, напрыклад, перад абліччам такіх глабальных змен мы ўжо бачым, што нам трэба... Калі мы кажам пра адзіную Еўропу, гэта павінна быць Еўропа, у якой, калі прынялі рашэнне перасяляць саамаў на поўдзень, дык грэкі не кажуць аб тым, што не жадаюць прымаць саамаў. Калі нешта здараецца, мы мусім усё дзейнічаць як адзіная каманда.

Бо, ведаеце, гэта ўсё вельмі добра, вось гэтыя нашыя, скажам так, еўрапейскія інтэнцыі, калі жывем добра. А калі будзем жыць дрэнна, вось гэтыя разнастайныя прыродныя катаклізмы, эканамічныя і іншыя... Трэба разумець, што ў тых жа самых Індыі, Афрыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі ёсць ідэя, што мы павінны заплаціць за ўсё. Гэта вялікая праблема — хто павінен увогуле пакутаваць, так скажам, абмяжоўваючы сябе ў сваім спажыванні? Вось яны кажуць, маўляў, вы ўжо нагуляліся, зараз дайце нам нагуляцца, а абмяжоўвайце сябе самі.

Так што кліматычнае пытанне — гэта вельмі палітызаваная рэч. І я баюся, што гэта дабром не скончыцца».

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость