Я ўвогуле супраць ідэі навешвання дадатковага пачуцця віны на спажыўцоў, бо гэта маніпуляцыя, якая адцягвае ўвагу ад сапраўдных стваральнікаў праблем. Ну відавочна ж – я не буду набываць прадукты ў пластыкавай упакоўцы, калі яны не будуць прадавацца ў пластыку. А яшчэ я набуду вопратку, якую шылі дарослыя людзі з добрым заробкам, калі ў краме не будзе таго, што шылі дзеці ў краінах трэцяга свету.
Але дабівацца адпаведнага рэгулявання ў законах нашмат складаней, чым ціснуць на пачуццё віны спажыўцоў. Апошні варыянт, зноўку ж, абсалютна бяспечны для тых, хто робіць інфакампаніі.
А адказнасць за развіццё экатрывогі і пагаршэнне псіхічнага здароўя ў тых, каму вечна за ўсё навешваюць пачуццё віны? Ну, гэта ж не праблема кампайнераў. Іх справа – паказаць, што яны па-сапраўднаму клапоцяцца пра дзікую прыроду. І намякнуць, што іншыя робяць гэты горш ці ўвогуле ніяк.
Але праблема гэтай канкрэтнай кампаніі не толькі ў тым, што яна накіраваная не на тых. Аўтар стварыў усе выявы для яе з дапамогай штучнага інтэлекту. Як той казаў, гэта было б вельмі смешна, каб не было так сумна.
Інструмент, які маштабна крытыкуюць за празмернае ўжыванне вады і электрычнасці, выкарысталі для таго, каб расказаць людзям, як праз іх ранішнюю каву паміраюць ягуары.
Я не буду ствараць выявы з дапамогай штучнага інтэлекту, каб распавесці, за што мусіць адчуваць віну дызайнер, але нагадаю троху фактаў. Паводле даследавання The Guardian, цэнтры па апрацоўцы даных тэхнічных гігантаў у 2020–2022 гадах, падобна, мелі на 662 % больш выкідаў, чым яны самі заявілі.
На апрацоўку запыту і стварэнне аднаго адказу даўжынёй у 100 словаў сыходзіць больш за паўлітра вады. У 2012 годзе цэнтраў па апрацоўцы даных было 500 тысяч, у 2024 годзе – 8 мільёнаў.
Чакаецца, што ў Ірландыі ў 2026 годзе на долю такіх дата-цэнтраў будзе 35 % спажывання энергіі ва ўсёй краіне.
Сітуацыя літаральна для хрэстаматыі! Дызайнер з багатай краіны разам з такімі ж актывістамі нібыта ратуюць гаротных жывёлаў у краінах бедных, а на самой справе самі неапраўдана шкодзяць прыродзе.
Напэўна, цяпер яны адчуваюць сваю маральную перавагу адносна, напрыклад, маці, якая сама расціць дзяцей і не можа вытрымаць без кавы. Ці адносна тых, хто есць кансерваваны тунец з крамы і абараняе крэмам скуру ад сонечных промняў.
Ці зразумеюць яны ўвогуле, што з гэтай пазіцыяй не так? Ці прызнаюць, што кампанія няўдалая і нават абразлівая? Вельмі хочацца верыць, што так. Але пакуль што я не бачыла, каб дызайнер прызнаў памылку.
Апошні пост у ягоным профілі на Linkedin – пра новы промт, які ён прыдумаў, і з дапамогай якога штучны інтэлект пераробіць ваш звычайны фатаздымак на выяву класічнага пупса ў стылі 90-х/00-х.
Віберг заклікае чытачоў спрабаваць промт і дзяліцца вынікамі. Што яны і робяць.