13.05.2026 / 16:05

Мясцовыя ўлады просяць жыхароў і турыстаў не турбаваць драпежніцу і даць ёй спакойна выгадаваць лісянят.

Ліса стала зоркай Беластоку
Ліса стала зоркай Беластоку

У самым цэнтры Беласток пасялілася ліса. Пра незвычайную суседку цяпер гаворыць увесь горад.

«Ліса бегала проста па цэнтры. Худая, проста жах», — пішуць карыстальнікі ў мясцовых суполках.

«Ты яшчэ не бачыў нашу лісу?» — здзіўляюцца жыхары.

Пра тое, што ў цэнтры Беластоку жыве ліса, пачалі гаварыць некалькі тыдняў таму. Звер спакойна перабягае цэнтральныя вуліцы, не праяўляе агрэсіі і не ідзе на кантакт з людзьмі.

Пра незвычайную гарадскую жыхарку паведаміла Polskie Radio Białystok, журналісты якога звярнуліся па каментар да прадстаўнікоў гарадскіх уладаў.

Ліса выглядае худой, а яе поўсць месцамі радзейшая. З-за гэтага ў некаторых жыхароў узніклі асцярогі, што жывёла можа быць хворая, асабліва на фоне нядаўніх паведамленняў пра шаленства ў рэгіёне.

Аднак высветлілася, што на вуліцы Касцёльнай, каля Курыі Архідыяцэзіі Беластоку, знаходзіцца нара, у якой жывуць трое маленькіх лісянят.

«Мы не хочам парушаць іх спакой. Таму, хутчэй за ўсё, яшчэ як мінімум два месяцы гэтых ліс можна будзе бачыць у цэнтры нашага горада», — паведаміла прэс-сакратар прэзідэнта Беластоку Уршуля Боўблей.

Ветэрынарныя службы падкрэсліваюць, што падстаў для панікі няма. Лісы ў рэгіёне вакцынуюцца супраць шаленства.

«Цяпер у ліс ідзе сезонная лінька. Яны мяняюць зімовую поўсць на летнюю, і гэта ўплывае на іх знешні выгляд. Акрамя таго, самкі ў гэты перыяд вырошчваюць дзіцянят, што патрабуе вялікіх энергетычных выдаткаў», — тлумачыць намесніца падляскага ваяводскага ветэрынарнага лекара Катажына Арлуковіч-Странкоўская.

У апошнія тыдні ў Беластоку сапраўды зафіксавалі выпадак шаленства ў янотападобнага сабакі, якога знайшлі на вуліцы Куроня. Аднак новых ачагоў захворвання пакуль не выяўлена.

Жыхарам раяць быць асцярожнымі. Сабак лепш выводзіць на павадку, а катоў пажадана не выпускаць на вуліцу. Ветэрынары таксама нагадваюць пра важнасць своечасовай вакцынацыі хатніх жывёл і неабходнасць неадкладна звяртацца да спецыялістаў у выпадку ўкусу або кантакту з жывёлай, якая паводзіць сябе падазрона.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што лісы з’яўляюцца ў гарадах не таму, што прывыклі да людзей, а таму, што тут лягчэй знайсці ежу і бяспечнае сховішча. Менавіта таму іх не варта карміць і спрабаваць наблізіцца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость