07.02.2025 / 09:02

Паразмаўлялі з беларусам, які за тры гады аб’ехаў увесь свет, пра экалагічныя практыкі ў розных краінах.

Аляксандр Гойшык падарожнічае аўтастопам у Пакістане. Фота з архіву героя
Аляксандр Гойшык падарожнічае аўтастопам у Пакістане. Фота з архіву героя

Беларус Аляксандр Гойшык нядаўна завяршыў кругасветнае падарожжа. У інтэрв’ю Зялёнаму парталу ён распавёў, як зрабіць падарожжы больш экалагічнымі і якія ўстойлівыя практыкі сустракаў у розных краінах.

– Раскажыце пра сваё кругасветнае падарожжа, як праходзіў маршрут?

Маё кругасветнае падарожжа доўжылася тры гады, два месяцы і адзін тыдзень. Я праехаў 51 краіну свету. Пачаў падарожжа з Лацінскай Амерыкі. Спачатку з Польшчы я прыляцеў у Мексіку, а адтуль — у Гватэмалу.

У Гватэмале я вывучаў іспанскую мову тры тыдні. Потым я набыў ужываны скутэр і праехаў на ім усю Лацінскую Амерыку, кантынентальную частку, з Гватэмалы да Аргенціны і Ўругваю. Там пакінуў скутэр і прадоўжыў падарожжа мясцовым транспартам — аўтобусамі і гэтак далей.

Пасля я праехаў так сама Бразілію і Чылі. Я быў ва ўсіх краінах Лацінскай Амерыкі, якія знаходзяцца на кантыненце. Гэта 21 краіна паміж Мексікай і Ушуаяй (Патагонія, Аргенціна) — самым паўднёвым горадам на Зямлі.

Улетку 2023 года я быў у Злучаных Штатах, некалькі месяцаў вандраваў там, наведаў таксама беларускую дыяспару. Потым праляцеў праз Ціхі акіян і падарожнічаў па Новай Зеландыі аўтастопам, такім жа чынам па Аўстраліі, далей была Паўднёва-Усходняя Азія: Балі, Інданезія, Малайзія, Сінгапур, Тайланд, Лаос, Камбоджа, Кітай, Манголія, Пакістан, Афганістан, Узбекістан, краіны Персідскага заліва, Ірак, Турцыя, і далей праз Еўропу вярнуўся дадому.

Ганконг. Фота з архіва героя
Ганконг. Фота з архіва героя

– З якімі найбольшымі экалагічнымі праблемамі вы сустрэліся ў падарожжах?

– Калі трошкі жывеш у Еўропе ў нейкім такім утульным і ўжо больш-менш сталым свеце, то адвыкаеш ад такога смецця, як, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы.

Я зараз знаходжуся ў Гватэмале, і гэта краіна з фенаменальнай прыродай, якая проста неверагодна прыгожая, але яна забруджаная. Калі ў горадзе яшчэ больш-менш чыста, то за горадам ужо паўсюдна валяецца смецце, пакеты, пластыкавыя бутэлькі. Гэта, канешне, выклікае вялікі дысананс.

Таксама ў Лацінскай Амерыцы ёсць вера ў прыроду, напрыклад, у Балівіі гэта на афіцыйным узроўні, а ў іншых краінах гэта на ментальным узроўні. Існуе паняцце «Пача мама» — маці-Зямля, і яны нібыта яе павінны берагчы, па-іншаму да яе ставіцца, як да нейкага бажаства, на нейкім містычным узроўні. 

І нібыта яны павінны дбаць пра яе, але ўсё роўна не захоўваюць навакольнае асяроддзе. Гэта вялікая праблема ва ўсёй Лацінскай Амерыцы, за выключэннем, магчыма, Уругвая і Аргенціны — гэта праблема тут паўсюдна.

Так сама ў Злучаных Штатах: здавалася б, цывілізаваная краіна, ты ідзеш у краму, і табе ўсё пакуюць у пакеты, яшчэ ў адзін пакет, і так кожную дробязь. 

У ЗША пітную ваду людзі купляюць у крамах у вялікіх спайках па 24 малых бутэлькі па 0,33 літра. Я рэдка бачу, каб прадавалі вялікія пяцілітровыя бутлі і гэтак далей. І ў іх гэта лічыцца нармальным.

У Азіі, за выключэннем Сінгапура і Малайзіі, мо яшчэ Тайланда, паўсюдна брудна, смецце валяецца. Я ўжо не кажу пра Пакістан, Афганістан — гэта ўжо зусім перабор, ці пра Ірак. У краінах, дзе горача, вельмі распаўсюджана піць ваду з маленькіх бутэлек, па 0,2–0,22 літра. І пасля, зразумела, гэтыя бутэлькі валяюцца паўсюль, пластыкавыя бутэлькі і пакеты. Напрыклад, калі ты не просіш і прыходзіш са сваёй торбай, усё роўна ўсё пакуюць у пакеты. Вось гэта, напрыклад, для мяне быў самы вялікі экалагічны выклік. 

Гватэмала. Фота з архіва героя
Гватэмала. Фота з архіва героя

– Якія экалагічныя звычкі дапамаглі вам у падарожжах? І чым менавіта?

– Мне дапамагло тое, што я на асабістым узроўні намагаюся не раскідваць смецце і не глядзець на тое, што мясцовыя не асабліва замарочваюцца. Гэта асабліва ў Азіі і Лацінскай Амерыцы моцна кідаецца ў вочы. 

Я стараюся хадзіць са сваёй торбай у краму, каб не браць гэтых лішніх пакетаў. Набіраць сваю пластыкавую бутэльку для вады, не выкідаць смецце, а раздзяляць яго. Але, вядома, далёка не паўсюль гэта магчыма. 

Ёсць краіны з высокім узроўнем развіцця, як Новая Зеландыя, Аўстралія, Сінгапур, Ганконг. Але, на жаль, у такіх краінах, як Пакістан, Афганістан, Ірак, ва ўсёй Лацінскай Амерыцы пра сегрэгацыю смецця пакуль што яшчэ не чулі.

Хаця ўжо нібыта пачынаюць усталёўваць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, але я не вельмі веру, што іх сапраўды выкарыстоўваюць.

– Як вы вырашалі пытанне з пітной вадой: фільтры, кіпячэнне, шматразовыя бутэлькі?

– Па-рознаму, бо, зноў жа, я падарожнічаў больш за тры гады, і ў мяне вельмі вялікі пласт краін, якія можна параўноўваць, якія моцна адрозніваюцца. Такія краіны, як Новая Зеландыя, Аўстралія, Сінгапур, дзе пітная вада цячэ з крана.

І на кожным кроку, асабліва ў Аўстраліі, стаяць пітныя фантанчыкі, і ўсюды вісіць напамін: «Піце ваду, піце ваду, не забывайце піць ваду», бо ў Аўстраліі іншы клімат, вельмі агрэсіўнае сонца, можна вельмі хутка згарэць, калі забыцца выкарыстоўваць крэм. Літаральна за 10 хвілін можна абгарэць так, што потым будзеш з аблезлым носам хадзіць месяц. 

У Аргенціне таксама вада была пітная з крану, я памятаю. У іншых краінах звычайна піць ваду трэба з фільтраў.

Вось тут, у Гватэмале, дзе я цяпер знаходжуся, у іх ёсць спецыяльныя гліняныя фільтры, якіх я не бачыў у іншых краінах Лацінскай Амерыкі. Адзін раз такі фільтр купляеш, і можна фільтраваць ваду цэлы год, і ўся краіна такім чынам карыстаецца вадой.

У іншых месцах звычайна купляюцца вялікія галоны з вадой. Таксама ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе вада не вельмі добрая, часам трэба купляць ваду з фільтраў або кіпяціць ваду, каб яна адстаялася і астыла, і браць яе з сабой.

У Аўстраліі я прыехаў аўтастопам у цэнтральную частку Аўстраліі, дзе вялікія пустыні, вялікія адлегласці, дзе няма населеных пунктаў на 500–700 кіламетраў навокал. І там, калі я стаяў і чакаў машыну, людзі спыняліся і давалі мне ваду, і я ехаў, у мяне з сабой было літраў 12 вады. Казалі: збірай як мага больш вады.

І вось пасля Аўстраліі я вельмі моцна прывык заўсёды мець з сабой запас вады, вялікі запас вады, бо вада — гэта жыццё.

Сінгапур. Фота з архіва героя
Сінгапур. Фота з архіва героя

– Ці былі краіны, дзе экалагічныя практыкі здзівілі вас?

– Ну, у Новай Зеландыі, Аўстраліі, Сінгапуры — там вельмі строгія законы: у Сінгапуры штрафы за кіданне смецця, калі ты жуеш жуйку і выплюнуў яе — ты можаш атрымаць штраф на некалькі сотняў, а то і на тысячу даляраў. Такі драконаўскі метад, бо калі неўважліва адносіцца, краіна можа ператварыцца ў сметнік.

Таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі часта ўбачыш напамін: «Не пакідай нічога пасля сябе, апроч слядоў, і не забірай нічога, апроч фотаздымкаў». Гэта значыць максімальна беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя.

У той жа Новай Зеландыі, Аўстраліі, а гэтыя краіны маюць адзін з найвышэйшых узроўняў развіцця, там на кожным кроку бачна: калі ты ў Нацыянальным парку, калі ласка, карыстайцеся сцежкамі, не кідайце смецце, стаўцеся да прыроды з максімальнай павагай.

– Якія экалагічныя альтэрнатывы аднаразовых рэчаў сталі для цябе незаменнымі?

– Я заўсёды хаджу са сваёй шматразовай торбай, каб не браць лішніх пакетаў. Гэта таксама частка маёй экалагічнай усвядомленасці. Мая шматразовая турыстычная бутэлька для вады, якую я заўсёды запаўняю, і яна прымацаваная да заплечніка, каб не выпадала — гэта для мяне базісная форма экалагічнага падыходу.

Ну і зноў, калі нешта з майго абутку ці адзення рвецца, я стараюся знайсці майстэрню, каб зашыць або адрамантаваць, а не купляць новае. Для мяне гэта таксама частка падарожжа — пазнаваць мясцовую культуру і звычаі, быць адказным за тое, што выкарыстоўваю.

Заклік не пакідаць смецце. Аўстралія. Фота з архіва героя
Заклік не пакідаць смецце. Аўстралія. Фота з архіва героя

– Якія абычаі або традыцыі вас найбольш уразілі?

– Я праехаў па ўсім свеце, таму не магу адназначна азначыць нешта. Тут, у Гватэмале, дзе я цяпер знаходжуся, сапраўды адзін з самых цікавых міксаў. Гэта адзіная краіна ў Лацінскай Амерыцы, дзе карэнныя народы майя складаюць большасць насельніцтва, нягледзячы на генацыд, які яны перажылі 40 гадоў таму. 

Тут часта можна ўбачыць сумесь традыцыйных майянскіх вераванняў і каталіцызму. Напрыклад, літаральна пазаўчора я ўбачыў на ўласныя вочы традыцыйную цырымонію майя на вулкане на вышыні 3 800 метраў. Гэта было нешта неверагоднае.

У іншым рэгіёне, дзе жыве іншае племя майя, я бачыў драўляную скульптуру, якую яны называюць Машымон. Машымон — гэта святы заступнік, Бог, ахоўнік гэтага племені майя, якое называе сябе Цутухіль. 

Яны моляцца яму вельмі незвычайным спосабам: чытаюць малітвы на сваёй мове, укладваюць яму папяросы і заліваюць гарэлку ў рот. Гэта ўсё выглядае вельмі незвычайна, і ты разумееш, што нібыта патрапіў у іншае вымярэнне.

Ці, напрыклад, я быў на святкаванні Новага года ў Тайландзе, дзе людзі абліваюць адно аднаго вадой. Мне нават залілі тэлефон, і мне давялося яго мяняць. Атмасфера была вельмі сяброўская і цікавая. Таксама я быў на святкаванні перамогі зборнай Аргенціны ў 2022 годзе ў футбольным чэмпіянаце. Я патрапіў у цэнтр народнага святкавання. Гэта сапраўды нагадвала карнавал. Нешта фантастычнае.

Ці ў Іраку я быў у святых месцах для шыітаў — гэта такая галіна ў ісламе, бачыў іх традыцыйны спосаб маліцца з музыкай. Гэта было нешта накшталт біта, і пад гэты біты яны б’юць сябе ў грудзі. Гэта выглядала вельмі, мякка кажучы, незвычайна, калі не сказаць крыху крыпова.

Кожная культура мае нешта ўнікальнае. Напэўна, гэта тое, што заўжды прыходзіла мне на думку.

Штрафы ў Сінгапуры. Фота з архіва героя
Штрафы ў Сінгапуры. Фота з архіва героя

– Можа, вы заўважылі нешта, што аб’ядноўвае розныя традыцыі розных краін?

– Я сумняваюся, што можна знайсці ў свеце нешта адзінае, што спалучала б усё. Краіны вельмі розныя, рэгіёны вельмі розныя. Напрыклад, Азія такая вялікая, што нават Інданезія і Ірак — гэта ўсё адна Азія, але яны быццам на розных планетах. 

Тое ж самае можна сказаць пра Лацінскую Амерыку — вялікія розніцы паміж краінамі. А ўжо шукаць нешта агульнае паміж рознымі рэгіёнамі, то я нават не скажу, што гэта проста.

– Якія традыцыйныя экалагічныя практыкі ў розных краінах вас натхнілі?

– Калі паглядзець на традыцыйныя экалагічныя практыкі, то ў краінах, дзе людзі сапраўды звязаны з зямлёй і прыродай, ёсць нейкія традыцыі або асаблівасці, звязаныя з яе аховай. Напрыклад, калі ты выкідаеш смецце без уліку правілаў сартавання, гэта можа выклікаць пытанні. Мякка кажучы, гэта не зусім правільна.

Я не скажу, што гэта традыцыі, але ёсць правілы. У Швейцарыі я жыў некалькі гадоў, і там існавала практыка «смеццевых дэтэктываў». Калі ты выкідаеш смецце без уліку сартавання або ў месцы, дзе гэтага не трэба было рабіць, адпаведныя службы могуць узяць твой пакет са смеццем на даследаванне, каб знайсці сляды і высветліць, хто яго выкінуў, каб накласці штраф. 

Зноў жа, у еўрапейскіх краінах, у Аўстраліі, Новай Зеландыі і Сінгапуры людзей матывуюць сартаваць смецце, бо вываз смецця ажыццяўляецца толькі ў спецыяльных пакетах, якія выдаюць муніцыпалітэты. 

Гэтыя пакеты дарагія, таму, каб не плаціць за вываз смецця, людзі аддаюць перавагу сартаванню і выкідваюць смецце ў кантэйнеры для пластыку, шкла і іншага.

– Ці ёсць такое месца, дзе вас асабліва цёпла прымалі мясцовыя жыхары? Чым яны вас здзівілі?

– Пакістан, напэўна, адна з самых гасцінных краін, якія я наведваў падчас сваіх падарожжаў. Там фантастычная прырода, асабліва на поўначы Пакістана, дзе ёсць розныя даліны з рознымі этнічнымі групамі. 

Мне вельмі спадабаўся Пакістан, асабліва ў кантрасце пасля Кітая. У Кітаі быў татальны кантроль, камеры пад кожным кустом, паліцыянты, ніхто не размаўляе па-англійску, інтэрнэт заблакаваны. 

А вось у Пакістане ўсё наадварот: людзі вельмі гасцінныя і адкрытыя, яны заўсёды ўсміхаюцца, а яшчэ яны часта чулі пра Беларусь. Пакістанцы чулі пра Беларусь, у іх даволі папулярныя трактары «BELARUS». Яны чулі пра такія трактары, і нават ёсць суполка ў Facebook, дзе паказваюць трактары, цюнінгаваныя, упрыгожаныя, як знакамітыя фуры з індыйскіх фільмаў.

Таксама іх цікавіць, што праз Беларусь можна трапіць у Еўропу, і гэта нелегальная крыніца міграцыі. Мяне распытвалі, ці ведаю, якія-небудзь правераныя кантакты, хто можа ім дапамагчы пераехаць у Еўропу.

Таму вось Пакістан найбольш фрэндлі, найбольш прыемны. Усе краіны Бліжняга Усходу, і Афганістан, і Турцыя — усе краіны максімальна фрэндлі. Хаця пасля ўсіх падарожжаў скажу, што ўсе краіны, дзе я быў, былі вельмі гасцінныя і прыязныя. Калі ты мінімальна разумееш правілы, можна злавіць добры настрой у любой краіне.

Пітны фантанчык у Аўстраліі. Фота з архіва героя
Пітны фантанчык у Аўстраліі. Фота з архіва героя

– Якія традыцыі іншых народаў вы б хацелі перанесці ў сваю штодзённасць? Што б запазычылі?

– Ну, магчыма, усе гэтыя правілы, звязаныя з экалагічным жыццём, але, вядома, не настолькі жорстка, як у Сінгапуры, дзе штрафы могуць быць вялікімі за кінуты недапалак ці смецце. Там нават быў забаронены ўвоз жуйкі, але яны дамагліся таго, што краіна сапраўды чыстая, і гэта ўражвае. 

А так вельмі ўразілі Аўстралія і Новая Зеландыя ў экалагічным плане. Гэта сапраўды вельмі беражлівае стаўленне да прыроды. Напамін, каб не смецілі, былі адказнымі за выкарыстанне рэсурсаў — не бралі больш, чым трэба. 

І, напэўна, экалагічная адукацыя: з маленства вучыць быць у гармоніі з прыродай і быць адказным у спажыванні.

– Якую параду вы б далі падарожнікам, якія хочуць мінімізаваць свой экалагічны след?

– Самая элементарная парада — карыстацца здаровым глуздам. Калі ў краіне, дзе вы вандруеце, усё пакуюць у пакеты, можна хаця б для сябе выкарыстоўваць сваю торбу, свае пакеты.

Не патрабуйце, каб кожную рэч запакоўвалі асобна. Калі можна, не купляйце маленькія пластыкавыя бутэлькі, а шукайце вады ў вялікіх галонах і фільтруйце яе. 

Не выкідайце лішнія рэчы, калі іх можна яшчэ ўжываць. Таксама старайцеся мінімізаваць харчовыя адходы, не накладаць сабе больш, чым трэба, і ўвогуле забірайце за сабой смецце. 

Гэта самыя простыя правілы, але яны сапраўды дапамагаюць скараціць экалагічны след.

 

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость