Супрацоўніца Інстытута этналогіі і культурнай антрапалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Магдалена Кажэўнікава летась апублікавала ў часопісе "Lud" артыкул "Analiza dyskursów środowiskowych w dolinie Biebrzy: w stronę ekologizacji antropologii" ("Аналіз экалагічных дыскурсаў у даліне Бебжы: да экалагічнасці антрапалогіі").
Мы ўважліва вывучылі публікацыю і занатавалі для вас самае цікавае.
Два дыскурсы ў Бебжаньскім Нацыянальным парку
Рака Бебжа цячэ ў паўднёва-ўсходняй Польшчы, у рэгіёне Падляшша. Яе вытокі – прыкладна за 5 км ад мяжы з Беларуссю, троху на поўдзень ад Гародні. Бебжа ўпадае ў Нараў, а праз Аўгустоўскі канал злучаецца з Нёманам.
У даліне ракі створаны самы вялікі ў Польшчы нацыянальны парк. Яго супрацоўнікі ды іншыя эксперты – прадстаўнікі «інстытуцыянальнага» альбо «эксперцкага» дыскурсу, як акрэслівае Магдалена Кажэўнікава.
Яны ўпэўнены, што мясцовая прырода мае вартасць на сусветным узроўні, патрабуе аховы і клопату. У сваю чаргу, мясцовыя жыхары, якія незадаволены прыродаахоўнай палітыкай Нацпарка, прадстаўляюць «лакальны» альбо «сельскагаспадарчы» дыскурс.
Іх падыход заснаваны на стаўленні да прыроды як да рэсурсу, якім можна вольна карыстацца, абапіраючыся на традыцыйныя веды і практыкі. Толькі на першы погляд у абодвух дыскурсах гаворка ідзе пра адну і тую ж ваду ў рацэ, у балотах і ставах.
– У кожным з гэтых дыскурсаў вада мае рознае значэнне і каштоўнасць, як матэрыяльную, так і эмацыянальную. Аўтарка разглядае і аналізуе супярэчлівыя пазіцыі, адыходзячы ад традыцыйнага рэлятывізму даследчыка-антраполага, і падтрымлівае экалагічныя экспертныя веды – як тое, што дае найбольшыя шанцы пераламаць катастрафічныя тэндэнцыі антрапацэну – гаворыцца ў рэзюмэ артыкула.
Пабудова Аўгустоўскага каналу ў 1839 г. і пазнейшая меліярацыя паўплывалі на спад узроўню вады ў даліне Бебжы. Зараз дзейнасць Нацпарка накіравана ў т. л. на тое, каб вада вярнулася.
Цытуючы даследчыка Славаміра Лотыша, пра кнігу якога мы нядаўна пісалі, Магдалена Кажэўнікава адзначае, што змянілася ўспрыманне балотаў: ад увасаблення адсталасці да саюзнікаў у выратаванні планеты.
Ці трэба касіць берагі Бебжы?
Бебжаньскі Нацыянальны парк займаецца «актыўнай аховай» прыроды: косіць лугі па берагах ракі, у т. л. каб захаваць месцы гнездавання рэдкіх птушак. Мясцовыя жыхары дамагаюцца вольнага дасягу да ракі і магчымасці карыстацца прыроднымі рэсурсамі.
Уласна кашэнне становіцца адным з галоўных канфліктных пытанняў. Гістарычна яно і стварыла паўнатуральную экасістэму заліўных лугоў. Калі ў даліне Бебжы перасталі весці сельскую гаспадарку (касіць уручную касой, пасьвіць кароў), то лугі сталі зарастаць.
Цяпер Нацпарк абвяшчае тэндэры на кашэнне буйных плошчаў з дапамогай ратракаў (колавых цягачоў). Звычайна гэтыя буйныя замовы выконваюць фірмы не з Падляшша, што не падабаецца мясцовым прадпрымальнікам.
Да таго ж ратракі нішчаць глебу, што разумеюць і эксперты, і мясцовыя жыхары. Але, як адзначыў адзін з экспертаў, з якім размаўляла Магдалена Кажэўнікава, з ратракамі, баюся, крыху як з дэмакратыяй, г. зн. лепшай сістэмы яшчэ проста не прыдумалі.
Яшчэ адна праблема – што выканаўцы тэндэраў з далёкіх рэгіёнаў пакідаюць скошаную траву гніць на месцы, а мясцовыя прадпрымальнікі маглі б яе забраць на карысць уласнай гаспадаркі.
Гэта трава сплывае ў раку і, на думку мясцовых жыхароў, забруджвае яе разам з расліннасцю, якой зарастае дно Бебжы. Вінаватым у гэтым лічаць Нацпарк, які да таго ж абмежаваў магчымасць лавіць рыбу ў Бебжы, забараніў плаваць матарызаванымі чаўнамі, нарыхтоўваць чарот.
Тым часам эксперты лічаць, што зарастанне ідзе рацэ на карысць: запавольвае плынь, што карысна для экасістэмы; расліннасць у вадзе затрымлівае і фільтруе брудныя сцёкі; расліны насычаюць ваду кіслародам.
– Фермеры ж больш за ўсё хацелі б паглыбіць рэкі, абкасіць іх і зарыбіць, – кажа адна з экспертак.
Ці трэба больш рыбы ў Бебжы?
Мясцовыя жыхары лічаць, што Нацпарк павінен запускаць у раку рыбу, каб яе можна было лавіць, і ў большасці выпадкаў не разумеюць, чаму прыродаахоўная ўстанова гэтага не робіць.
– Калі я спытала супрацоўніка Нацпарка, чаму яны не запускаюць рыбу ў Бебжу, – піша Магдалена Кажэўнікава, – Ён адказаў, што гаворка ідзе аб абароне генетычнага фонду рыбы, на што і накіраваны іх дзеянні. Яны не толькі захоўваюць мясцовы генетычны ўзор, але і спрыяюць лепшай адаптацыі папуляцыі бебжанскай рыбы.
Больш за тое, паводле слоў спецыялістаў, рыба ў Бебжы ёсць, і яе дастаткова шмат.
– Рыбы там столькі, колькі трэба, бо рака сапраўды функцыянуе натуральным чынам.
Чаму ў вадзе мала кіслароду?
На думку мясцовых жыхароў, кіслароду ў Бебжы не хапае, таму што Нацпарк забараніў ужыванне матарызаваных чоўнаў, якія «разганялі» ваду, спрыялі яе цыркуляцыі і насычэнню кіслародам. Да таго ж фермеры лічаць, што парк недастаткова абкошвае берагі, а сена, што застаецца пасля пакосу, гніе.
– Лугі не скошаныя. Высокая тэмпература, вада стаіць на лугах. Высокая тэмпература паветра – і ўсё гэта гніе. Пазней узровень вады падае, таму што расліны забіраюць кісларод... Рака ўвесь час зарослая. Даўным-даўно па Бебжы плылі баркі. Рыбакі, як лавілі рыбу, цягалі невадам усё тое пустазелле з каранямі, – распавёў Магдалене Кажэўнікавай адзін з мясцовых жыхароў.
Эксперты ж лічаць, што насычэнне ракі з павольнай плынню кіслародам – натуральны працэс, а замінае яму сучасная сельская гаспадарка, зліванне ў Бебжу адкідаў з палёў (навозу).
Выкарыстанне матарызаваных чаўноў можа прыдацца толькі ў малых закрытых водазборніках, а на рацэ яно прывядзе да большых праблем: усплыванне бруду са дна, пужанне рачных птушак і жывёл.
Што ж рабіць?
Магдалена Кажэўнікава бачыць выйсце ў адукацыі мясцовага насельніцтва, больш шчыльнай супрацы з ім Нацпарка. Таксама яна прапануе папулярызацыю палідыкультуры (вырошчвання балотных раслін), заўважаючы: Для таго, каб прапанаванае рашэнне выканала сваю ролю, людзі павінны мець пачуццё місіянерства і адчуваць задавальненне ад удзелу ў захаванні унікальных экасістэм. У адваротным выпадку любое зніжэнне рэнтабельнасці прывядзе да адмовы ад праэкалагічных рашэнняў і вяртання да старых, неэкалагічных практык.
Апісаная сітуацыя – у пэўным сэнсе рэпрэзентатыўная для многіх прыродаахоўных зон, у т. л. у Беларусі: у запаведніках сутыкаюцца інтарэсы людзей і навакольнага асяроддзя.
Праўда, у нашай краіне даволі часта практычны, "сельскагаспадарчы" – у тэрміналогіі Магдалены Кажэўнікавай – падыход характэрны для дзяржавы, увасобленай кіраўніцтвам прыродаахоўных тэрыторый ды мясцовымі чыноўнікамі, а "эксперцкі" падыход дэманструюць грамадскія актывісты ды некаторыя мясцовыя жыхары.
У час, калі шматлікія грамадскія арганізацыі ды актывісты выціснутыя з краіны, гэта можа прывесці да незваротных катастрафічных паследстваў.