Выйсці з Атаўскай канвенцыі і дазволіць выкарыстанне супрацьпяхотных мін Латвія вырашыла ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны і ў межах стварэння Балтыйскай лініі абароны. Гэтая лінія мусіць абараніць краіны Балтыі ід імавернага нападу з боку Расіі і Беларусі, – адпаведнае пагадненне прэзідэнты Латвіі, Літвы і Эстоніі падпісалі ў студзені 2024 года.
У Латгаліі, латвійскім рэгіёне на мяжы з Беларуссю і Расіяй, ужо выставілі так званыя зубы дракона – бетонныя і металічныя канструкцыі ў выглядзе пірамід, якія мусяць замінаць варожай вайсковай тэхніцы прайсці ўласна ў саму Латвію. Акрамя гэтага, у бліжэйшыя гады плануюць стварыць абарончыя пасты з умацаваннямі, лініямі перашкодаў і датчыкамі, а таксама склады боепрыпасаў.
Паводле Андрыса Спрудса, міністра абароны Латвіі, першыя міны закупяць ужо ў гэтым годзе. Усяго ў бліжэйшыя пяць гадоў на ўмацаванне мяжы плануюць патраціць 303 мільёны еўра.
Пра свой намер выйсці з Атаўскай канвенцыі заявілі таксама Літва, Польшча і Эстонія. Апошняя, дарэчы, заявіла, што не збіраецца ні ствараць, ні выкарыстоўваць міны, але далучылася да ініцыятывы «праз рэгіянальную салідарнасць». А ў красавіку 2025 года пра свой намер выйсці з канвенцыі заявіла і Фінляндыя.
«Хачу падкрэсліць, што ў Фінляндыі і яе жыхароў няма прычын для непакойства, – сказаў тады прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа. – У Фінляндыі бяспечна. Прынятымі рашэннямі мы гарантуем, што абарона Фінляндыі будзе надзейна забяспечанай і ў наступныя гады».
Зялёныя прагаласавалі «за», прарасійскія партыі – «супраць»
Рашэнне выходзіць з канвенцыі ў Латвіі прымалі ў паскораным рэжыме – у Парламенце прайшло два замест звычайных трох чытанняў законапраекта. На фінальным галасаванні за выхад з Канвенцыі прагаласавалі 66 дэпутатак і дэпутатаў, супраць – 14.
Зялёная партыя ў Латвіі ўваходзіць у фракцыю «Аб’яднаны спіс», і ніводны чалавек з гэтай фракцыі не прагаласаваў супраць, у тым ліку і старшыня праўлення партыі Зялёных Эдгарс Таварс.
Але хто тады быў супраць, калі не Зялёныя? Аказалася, што ў Латвіі дыскусія наконт супрацьпехотных мін праходзіць выключна па лініі (не)падтрымкі Расіі. Супраць выхаду з Атаўскай канвенцыі прагаласавалі прадстаўнікі і прадстаўніцы дзвюх партый – «Стабільнасці!» і «Латвія на першым месцы». Абедзьве партыі вядомыя сваёй прарасійскай накіраванасцю.
Напрыклад, кіраўнік «Латвіі на першым месцы» Айнарс Шлесерс у інтэрв’ю латвійскаму тэлебачанню кажа пра «злачынныя дзеянні» адміністрацыі Джо Байдэна і еўрапейскіх лідэраў у дачыненні да Украіны, і пры гэтым нічога не ўзгадвае пра адказнасць Расіі за вайну.
Яму ж праз пасярэднікаў належыць частка Рыжскага вуглявога тэрмінала, які займаецца транзітам марганцавай руды, што выкарыстоўваецца ў Расіі для ваеннай вытворчасці.
А кіраўнік «Стабільнасці!» Аляксей Рослікаў прызнае Крым часткай Расіі. У 2022 годзе ён быў супраць заявы Парламента пра прыцягненне да адказнасці вінаватых у міжнародных злачынствах Расіі ва Украіне, патлумачыўшы гэта тым, што такімі заявамі латвійскі парламент дасылае грамадству негатыўны сігнал: «Мы трымаем нейкі стан вайны, дасылаем сігнал, што кагосьці трэба ненавідзець».
Юрыстка-міжнародніца: краіны Балтыі ведаюць, што такое Расія
Пра прававыя перспектывы выхаду шэрагу краін з Атаўскай канвенцыі мы спыталі ў беларускай юрысткі-міжнародніцы і праваабаронцы Кацярыны Дзяйкала. Найперш яна нагадвае, што гэтая канвенцыя напісана чалавечай крывёй і мясам, як і шматлікія нормы міжнароднага гуманітарнага права, бо супрацьпяхотныя міны адносяцца да відаў зброі, якія не могуць быць выкарыстаны, адрозніваючы вайскоўцаў і грамадзянскае насельніцтва.
Такія міны нельга навесці на мэту – іх прыводзіць у дзеянне сама ахвяра. То-бок іх рэха заўжды адбіваецца на грамадзянскім насельніцтве і пад час, і пасля баявых дзеянняў. Акрамя гэтага, гэта наносіць шкоду і экалогіі, і сельскай гаспадарцы.
«Як юрыстка-міжнародніца і як праваабаронца, я не магу ставіцца да такіх рашэнняў станоўча і апраўдаць іх», – кажа Кацярына Дзяйкала.
«Разам з гэтым, наўрад ці мы можам казаць пра нейкую карозію прававых інстытутаў у гэтых краінах. Я не апраўдваю гэтае рашэнне, але магу зразумець ягоную палітычную логіку. У рэгіёне ідзе вайна, прычым вайна з Расіяй. Краіны Балтыі і Польшча маюць рэальную (не надуманую!) пагрозу нападу з боку Расіі, і любую з балтыйскіх краін Расія праглыне імгненна і без старонняй дапамогі, калі паставіць такую мэту».
Яна мяркуе, што пасля таго, як стала зразумелай пазіцыя новай амерыканскай адміністрацыі, сітуацыя яшчэ пагоршылася.
«Першае пытанне, якое стаіць цяпер на павестцы дня ў гэтых краін – пытанне выжывання і абароны сваёй бяспекі. Таму што краіны Балтыі, у адрозненне ад тых жа краін Заходняй Еўропы, рэальна разумеюць, што такое Расія. Бо ведаюць гэта на сваёй шкуры. Думаю, такое рашэнне грае найперш прэвентыўную ролю».
Пра гэта ж кажа і міністарка абароны Літвы Довіле Шакалене: «Гэтая акцыя накіравана на стрымліванне, бо адна з самых жахлівых рэчаў, якую мы стараемся спыніць – гэта наступ Расіі на НАТА».
Кацярына Дзяйкала дадае, што ў любым выпадку трэба ўсведамляць, што наступствы рэальнага выкарыстання такіх мін будуць больш шырокімі: «Самае важнае ў выпадку рэальнага выкарыстання гэтых мін – зрабіць максімум, каб мінімізаваць наступствы для грамадзянскага насельніцтва. І прававая дзяржава ў гэтым выпадку адрозніваецца ад неправавой як мінімум тым, што яна пра гэта задумваецца і прадпрымае меры для мінімізацыі рызыкаў».
Ну а наконт таго, ці варта чакаць, што і Беларусь захоча выйсці з Атаўскай канвенцыі, праваабаронца кажа, што не бачыць, навошта было б гэта рабіць. Хіба што ў выпадку, калі Беларусь стане паўнавартасным бокам ва ўзброеным канфлікце. «Але дакладна магу сказаць, што ў адрозненне ад краін ЕС і чальцоў НАТА, выхад такіх дзяржаў, як Беларусь – пры цяперашнім кіраванні – дакладна прывядзе да куды большых безадказных наступстваў, бо там не працуюць аніякія механізмы кантролю».
Украінскі досвед
Каб убачыць магчымыя небяспекі выкарыстання супрацьпяхотных мін, можна звярнуцца да досведу Украіны, якую цяпер называюць самай замінаванай краінай свету.
Паводле звестак Украінскага цэнтра супрацьміннай дзейнасці, з пачатку поўнамаштабнай вайны да 1 чэрвеня 2024 года ў тыле адбылося 664 інцыдэнты з выбухованебяспечнымі прадметамі, у выніку якіх пацярпелі мірныя жыхары. Загінулі 297 чалавек, 673 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Таксама на мінах, падобна, рэгулярна падрываюцца жывёлы, якія выпадкова зрываюць расцяжкі.
«Я на пастаяннай сувязі з вайскоўцамі, - кажа дырэктар Дзяснянска-Старагутскага парку Сяргей Кубракоў. - З іх слоў, бываюць моманты, калі людзей у лесе зусім няма, а чуваць толькі адзінкавыя выбухі. Вялікая верагоднасць таго, што гэтыя дзікія жывёлы трапляюць на расцяжкі».
Таксама, паводле Мінпрыроды Украіны, ад пачатку поўнамаштабнай вайны да ліпеня 2024 года ў Тузлаўскіх ліманах было знойдзена 68 трупаў чарнаморскіх кітападобных. Магчымымі прычынамі іх гібелі называюць абстрэлы і мініраванне марскімі мінамі.
Асабліва ўкраінскія эксперты адзначаюць небяспеку расцяжак і так званых «пялёсткаў» – па-першае, іх вельмі цяжка ўбачыць чалавеку, а па-другое, часта яны не спрацоўваюць на дробных жывёлаў, а чалавек, які, напрыклад, на снезе ўбачыў сляды зайца, можа палічыць, што гэта бяспечная тэрыторыя.
І пялёстак, які не спрацаваў пад вагой зайца, з куды большай верагоднасцю спрацуе пад вагой чалавека. Дадатковая небяспека пялёсткаў у тым, што іх хатычна раскідваюць пускавыя ўстаноўкі, і літаральна ніхто не ведае, дзе канкрэтна яны ляжаць.
Прэзідэнт Латвіі прызнае небяспеку будучых супрацьпяхотных мін і для дзікіх жывёлаў, і для людзей (напрыклад, грыбнікоў), але пры гэтым адзначае, што публічных падрабязных планаў абароннай інфраструктуры больш не будзе.
Пры гэтым прадстаўнік сапёрных войскаў Эстоніі Айнар Афанасьеў мяркуе, што няма нічога кепскага ў тым, каб праціўнік бачыў пазнакі, дзе знаходзяцца варожыя замінаваныя тэрыторыі: «Міннае поле ўжо робіць сваю справу. Праціўнік туды не пойдзе».
А навуковы супрацоўнік Міжнароднага цэнтра абаронных даследаванняў Марцін Хурт кажа, што ў любым выпадку карысць ад супрацьпяхотных мінаў можа быць не вартай тых высілкаў, якія патрабуюцца на іх мэнэджмэнт.
Чырвоны крыж выказвае незапакоенасць
Канвенцыю, якая забараняе выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны, падпісалі ў 1997 годзе ў Атаве, і афіцыйна яна набыла моц праз 2 гады – у 1999. Дакумент стаў вынікам доўгіх перамоваў, якія былі ініцыяваныя ААН, Чырвоным крыжом і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
Краіны, якія далучыліся да Канвенцыі, абавязаліся не прымяняць супрацьпяхотныя міны падчас узброеных канфліктаў, не распрацоўваць, не ствараць, не набываць і не перадаваць трэцім краінам такія боепрыпасы, а таксама забяспечыць іх знішчэнне на сваёй тэрыторыі. Пэўную колькасць мінаў можна пакідаць, каб працягваць трэніраваць сапёраў.
Канвенцыя пры гэтым не забараняе выкарыстоўваць боепрыпасы, якімі аператары кіруюць дыстанцыйна, і якія спрацоўваюць мэтанакіравана, а не калі хто заўгодна на іх наступае ці закранае расцяжку.
Беларусь таксама ратыфікавала гэтую канвенцыю і пакуль не заяўляла намер з яе выйсці. Пра знішчэнне апошніх «пялёсткаў» улады Беларусі заявілі ўжо ў 2017 годзе. На ліквідацыю амаль трох з паловай мільёнаў яшчэ савецкіх мін Еўразвяз тады выдзяліў чатыры мільёны еўра.
Чырвоны крыж крытыкуе рашэнне Латвіі, спасылаючыся на асаблівую небяспеку супрацьпяхотных мін. Паводле ягоных звестак, больш за 80 % пацярпелых альбо загінулых ад супрацьпяхотных мін – мірныя жыхары, якія не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях.
«Міны рэагуюць на любога чалавека, які на іх наступіць. – кажа прадстаўніца міжнароднага камітэта Чырвонага крыжу Мая Брэм. Выкарыстанне супрацьпяхотных мін – гэта разбуральны выбар. Нават калі яны ад пачатку усталяваныя выключна на лініі фронту, з часам міны могуць перамяшчацца, напрыклад, праз навадненні. І лінія фронту таксама можа ссоўвацца».
Таксама міжнародны камітэт Чырвонага крыжу заяўляе, што далёка не ўсе краіны, якія застаюцца ў Канвенцыі, паўнавартасна выконваюць узятыя абавязацельствы. Напрыклад, 35 краін дагэтуль не размінавалі свае тэрыторыі, а 46 дзяржаў усё яшчэ не маюць заканадаўчай базы для выканання патрабаванняў Канвенцыі. Шмат хто аказвае «недастатковую дапамогу» пацярпелым ад мін, а «для дазволеных мэтаў колькасць мін па-ранейшаму празмерная».