06.11.2025 / 10:11

Моладзь часта прыносіць у палітыку зялёныя тэмы, што выклікае вялікі розгалас ва ўсім палітычным полі. Але ці захоўваецца гэты трэнд у беларускай палітыцы?

Фота - komahi.uai.ac.id
Фота - komahi.uai.ac.id

І што ў нас увогуле з моладзю ў ворганах улады ў самой Беларусі і ў апазіцыйных структурах у выгнанні?

«Моладзь прыносіць новыя тэмы — гэтыя людзі экалагічна свядомыя, іх цікавяць пытанні псіхічнага здароўя, праблема недахопу жытла», – сказала Залёнаму парталу спікерка па пытаннях моладзі Веранік Бертоль на палях Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў у Страсбургу. «Яны прыўносяць тэмы, якія найбольш закранаюць іх, і якія астатняя частка грамадства заўважае менш. Калі чалавеку больш за 40 гадоў і ён, можна лічыць, добра ўсталяваўся ў жыцці, ён можа не ведаць і не бачыць праблем, з якім сутыкаюцца маладзейшыя людзі».

Зусім нядаўна мы бачылі зялёны паварот сярод моладзі ў ЕС на выбарах у Еўрапарламент у 2019 годзе агульнаеўрапейская палітычная групоўка «Зялёныя/EFA» атрымала амаль удвая больш месцаў у параўнанні з 2014 годам.

Нямецкая Партыя зялёных аказалася самай папулярнай партыяй сярод людзей ва ўзросце да 30 гадоў і на выбарах у Еўрапарламент у 2019 годзе, і на федэральных выбарах у 2021 годзе. Яна арымала дастаткова моцную падтрымку, каб увайсці ў новы кааліцыйны ўрад у Берліне.

Пры гэтым навукоўцы адзначаюць, што моладзь часта выключаецца са сферы кіравання навакольным асяроддзем праз структурныя бар’еры і эканамічныя, і палітычныя.

Крытыкі моладзевага ўдзелу ў палітыцы ў сваю чаргу кажуць пра адсутнасць у маладых людзей дастатковага ўзроўню раццыянальнасці ў разважаннях і недахоп досведу. Таксама яны ставяць пад пытанне канцэпцыю, у адпаведнасці з якой права на ўдзел у палітыцы натуральнае, і выступаюць у падтрымку ідэі, што гэтае права трэба заслужыць, да яго трэба быць гатовымі.

Гэты аргумент выкарыстоўваецца і для таго, каб апраўдаць выключэнне моладзі з палітыкі ў крызісныя часы. Нібыта гэта не час для эксперыментаў, тут трэба досвед і практычныя веды. Але Веранік Бертоль настойвае, што акурат у такія часы моладзевы ўдзел у палітыцы асабліва важны, бо «нашы пакаленні нарабілі памылак.

Так што калі размаўляць пра досвед і практыку, я не перакананая ў тым, што старэйшыя пакаленні добра папрацавалі. І рашэнні, якія мы прымаем цяпер, будуць уплываць на жыцці людзей і праз 30, 40 і 50 гадоў. Таму нам трэба маладыя людзі ў палітыцы, людзі, якія яшчэ будуць тут праз 50 гадоў».

 

Палітыка ці суботнікі?

У Беларусі працуе Моладзевая рада (Моладзевы парламент) пры Нацыянальным сходзе, ёсць моладзевыя сходы пры абласных сходах. З аднаго боку, гэта форма ўдзелу ў палітыцы, і наўрад ці хтосьці скажа, што такая форма лепш за адсутнасць любой.

Але вылучэнне асобных моладзевых структур замест звычайнага ўключэння моладзі ў звычайныя палітычныя структуры можа разглядацца як экзатызацыя. І ў той жа час на першых этапах такі падыход можа тлумачыцца праз тую ж аргументацыю, што і гендарныя квоты — пакуль грамадства з насцярожанасцю ўспрымае пэўную прадстаўнічую супольнасць, гэтая супольнасць патрабуе падтрымкі.

Але варта адзначыць, што ў сістэме, дзе выбары праводзяцца толькі фармальна, і шмат якія структуры не маюць і іх, гэта выглядае даволі карыкатурна.

Улады прымяняюць заходнія схемы працы, ігнаруючы саму сутнасць працы, і ў выніку замест палітычнай дзейнасці ў моладзевым парламенце атрымліваецца актывізм у выглядзе бясконцага суботніка. Так, напрыклад, мяркуючы па публікацыях у інстаграм-акаўнце моладзевай рады, яе дзейнасць у вобласці экалогіі збольшага зводзіцца да таго, што маладыя людзі замяняюць дворнікаў у розных населеных пунктах. Вось так выглядае тыповая публікацыя:

Фота: Інстаграм-акаўнт моладзевай рады.
Фота: Інстаграм-акаўнт моладзевай рады.

За гэты актывізм адказвае камісія па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці. Кіруе камісіяй былая школьная настаўніца біялогіі, а цяпер — супрацоўніца Акадэміі адукацыі Юлія Ліпская. Яна сцвярджае, што ёсць у моладзевай рады і заканадаўчыя ініцыятывы: «Па экалогіі, эўтаназіі жывёлаў, то бок забойстве, па біяпакетах, якія разлагаюцца. І, канечне, у нас ёсць ідэі — праекты па утылізацыі батарэек і праект з ветэрынарнай акадэміяй Віцебска».

 

Моладзевы наступ

У беларускай апазіцыі ў выгнанні таксама ёсць свой моладзевы блок, то-бок і тут моладзь найперш не становіцца арганічнай часткай розных палітычных сіл і структур, а вылучаецца ў асобную фракцыю — «Моладзевы наступ».

Гэтая фракцыя сфармавалася падчас выбараў у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе. Усяго тады на выбарах прагаласавалі 6 723 чалавекі, і 598 з іх падтрымалі «Моладзевы наступ». Фракцыя атрымала ў выніку 8 мандатаў, што складае роўна 10 % ад усяго складу КР.

Зялёнага складніку ў праграме «Моладзевага наступу» не было. Па словах Лізаветы Пракопчык, прадстаўніцы фракцыі, прычын гэтаму некалькі: «Калі праграма сама абмяркоўвалася, канечне, гэтае [пытанне] ўзнікала, але мы вырашылі ад яго адмовіцца проста праз тое, што мы не маем ніякага ўплыву на гэта, і ў нас розныя разуменні агулам, што такое зялёная павестка».

У сваёй працы фракцыя акцэнтуе ўвагу ўласна на праблемах моладзі: складанасці з атрыманнем у Беларусі віз для навучання і падарожжаў, адсутнасць устойлівага транспартнага руху з Беларуссю, недастатковая колькасць міжнародных праграм абмену для беларускіх студэнтак і студэнтаў, недахоп праграм нефармальнай адукацыі для моладзі, дыскрымінацыя па пашпарце і іншае.

 

З каго браць прыклад?

Палітычны ландшафт ЕС прапаноўвае шмат яскравых маладых зялёных палітыкаў і палітыкес, на чыіх прыкладах магла б вучыцца актыўная беларуская моладзь.

Фота - abgeordnetenwatch.de
Фота - abgeordnetenwatch.de

Напрыклад, Рыкарда Ланг у Нямеччыне стала адной з самых юных кіраўнічак буйных партый ва ўсім ЕС. У 2022 годзе, не дасягнуўшы 30-гадовага ўзросту, яна стала сукіраўніцай партыі «Саюз 90/Зялёныя».

Яна шмат працуе з тэмамі кліматычнай палітыкі, правоў ЛГБТК+ і фемінізму, і выступае за тое, каб кліматычныя праблемы не былі праблемамі толькі адной партыі: «Кліматычны крызіс занадта сур’ёзны. Каб вызначаць абарону клімату як задачу адной партыі. [...] У будучым росквіт будзе магчымы толькі пры абароне клімату.

Тыя, хто блакуе абарону клімату, забяспечвае дэіндустрыялізацыю і ставіць Нямеччыну пад пагрозу як месца вядзення бізнэсу. Правалілася не палітыка “зялёнай” энергетыкі”, а кліматычная палітыка, заснаваная на выкарыстанні выкапнёвага паліва».

Фота - abgeordnetenwatch.de
Фота - abgeordnetenwatch.de

Тэры Рэйнтке з Нямеччыны стала дэпутаткай Еўрапарламента ў 27 гадоў. Тады ж і там жа яна стала сукіраўніцай фракцыі «Зялёныя — Еўрапейскі вольны альянс». У 2017 годзе часопіс Time назваў яе «Чалавекам года» ў складзе групы «Парушальніц маўчання».

Уся група атрымала ўзнагароду за выступы супраць сэксуалізаванага гвалту і дамаганняў. Экалагічную павестку ў сваёй працы яна ўвязвае з сацыяльнай справядлівасцю, падкрэсліваючы важнасць «справядлівага пераходу» для ўсіх слаёў насельніцтва.

Асноўным укладам яе працы ў зялёны рух называюць прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў і абароны правоў меншасцяў як неад’емную частку прагрэсіўнай павесткі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость