07.03.2025 / 11:03

У плацэнтах жанчын, якія нарадзілі заўчасна, на 50 % больш мікрапластыку, чым у плацэнтах тых, якія данасілі да поўнага тэрміну.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Даследаванне паказала, што забруджванне мікрапластыкам і нанапластыкам значна вышэйшае ў плацэнтах пры заўчасных родах, чым у плацэнтах пры даношаных цяжарнасцях, піша The Guardian.

зроўні забруджвання былі значна вышэйшыя, чым раней выяўленыя ў крыві, што сведчыць аб назапашванні пластыкавых часціц у плацэнце.

Аднак больш высокія сярэднія паказчыкі, знойдзеныя ў выпадку больш кароткіх тэрмінаў цяжарнасці, сталі «вялікім сюрпрызам» для даследчыкаў, бо пры больш доўгіх тэрмінах чакалася б большае назапашванне.

Заўчаснае нараджэнне — галоўная прычына дзіцячай смяротнасці ў свеце, і прычыны прыкладна дзвюх трацін усіх заўчасных родаў застаюцца невядомымі, сказаў доктар Энрыка Бароза з Тэхаскага універсітэта ў ЗША.

Знойдзеная сувязь паміж забруджваннем паветра і мільёнамі заўчасных родаў падштурхнула даследчыцкую групу да вывучэння забруджвання пластмасамі.

Новае даследаванне толькі паказвае сувязь паміж мікрапластыкам і заўчаснымі родамі. Патрэбны дадатковыя даследаванні на клеткавых культурах і жывёльных мадэлях, каб вызначыць, ці з’яўляецца гэта сувязь прычынна-следчай. Вядома, што мікрапластык выклікае запаленне ў чалавечых клетках, а запаленне — адзін з фактараў, які запускае працэс родаў.

Мікрапластык, які ўзнікае ў выніку разбурэння пластыкавага смецця, забрудніў увесь свет — ад вяршыні гары Эверэст да самых глыбокіх акіянаў. Вядома, што людзі ўжо спажываюць гэтыя маленькія часціцы праз ежу, ваду, і нават удыхаюць іх.

Мікрапластыкі ўпершыню былі выяўлены ў плацэнтах у 2020 годзе, а таксама былі знойдзены ў сперме, грудным малацэ, мозгу, печані і касцявым мозгу, што сведчыць аб шырокім забруджванні арганізмаў людзей. Уплыў на здароўе чалавека яшчэ мала вывучаны, але мікрапластыкі звязваюць з інсультамі і сардэчнымі прыступамі.

«Наша даследаванне намякае на магчымасць таго, што назапашванне пластыка можа спрыяць узнікненню заўчасных родаў», – сказала прафесарка К’ерсці Ааґард з бостанскай дзіцячай лякарні ў ЗША.

«У спалучэнні з іншымі нядаўнімі даследаваннямі гэта даследаванне дадае да растучай колькасці доказаў, якія паказваюць сапраўдныя рызыкі ўздзеяння пластыкаў на здароўе чалавека і хваробы».

Даследчыкі прааналізавалі 100 плацэнтаў ад даношаных цяжарнасцяў (у сярэднім 37,2 тыдня) і 75 — ад заўчасных родаў (34 тыдні), усе з раёна Х’юстана ў ЗША.

Аналіз з выкарыстаннем высокаадчувальнай мас-спектраметрыі выявіў 203 мікраграма пластыка на грам тканіны (µg/g) у плацэнтах пры заўчасных родах — гэта больш чым на 50 % вышэй, чым 130 µg/g у плацэнтах ад даношаных цяжарнасцяў.

Выяўлены 12 тыпаў пластыка, пры гэтым найбольш істотныя розніцы паміж плацэнтамі ад даношаных і заўчасных родаў былі для ПЭТ (пластык, які выкарыстоўваецца ў бутэльках), ПВХ, поліўрэтану і полікарбанату.

Некаторыя маці знаходзяцца ў большай рызыцы заўчасных родаў з-за свайго ўзросту, этнічнай прыналежнасці і сацыяльна-эканамічнага становішча. Але моцная сувязь паміж пластыкавымі часціцамі і заўчаснымі родамі захоўваецца, нават калі ўлічваць гэтыя фактары.

«Гэтае даследаванне паказала сувязь, а не прычыннасць», – сказаў Барозо.

«Але я лічу важным павысіць свядомасць людзей пра мікрапластыкі і іх сувязі з патэнцыйнымі ўздзеяннямі на здароўе чалавека».

Ён таксама адзначыў, што неабходна тэрмінова вывучыць эфектыўнасць дзеянняў, накіраваных на зніжэнне ўздзеяння мікрапластыкаў на людзей.

«Гэтыя меры трэба даследаваць, каб паказаць, што ёсць карысць ад пазбягання гэтых пластыкаў».

 

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость