09.05.2025 / 08:05

Пакуль у Еўропе ўзгадваюць ахвяраў Другой сусветнай вайны, кажуць пра тое, колькі бяды прынеслі і нямецкі, і савецкі рэжымы, і паўтараюць, што гэты жах ніколі не мусіць адбыцца зноў, афіцыйную Беларусь захапіла так званае “Победобесие. Яно дайшло нават да заапаркаў.

Міні-камера на голубе падчас Другой сусветнай вайны
Міні-камера на голубе падчас Другой сусветнай вайны

Так, напярэдадні Дня перамогі Гарадзенскі заапарк у сваім Тэлеграм-канале разразіўся адразу некалькімі абсурднымі пастамі.

Па-першае, яны вядуць у горад казу з вайсковымі «дэкарацыямі»: павесілі на яе нешта накшталт рэчмяшкоў. А пасля распавядаюць пра казла Малыша, якога захапілі партызаны, разграміўшы нямецкі гарнізон у 1943 годзе.

Першапачаткова павінен быў стаць ежаю, але партызаны вырашылі зрабіць яго сваім талісманам і захавалі жыццё казлу. Ужо праз год казёлі прымаў удзел у парадзе партызанаў у Мінску.

Казёл Малыш на парадзе 1944 года
Казёл Малыш на парадзе 1944 года

І вось у нашыя дні працазнікі Гродзенскага заапарка вядуць на святы ў горад свайго казла. Маўляў, вось такі нашчадак казла Малыша, гатовы ці то ў суп пайсці, ці то сваё жыццё за радзіму аддаць. Як людзі вырашаць.

Па-другое, у тым жа Тэлеграм Гродзенскага заапарка расказваюць, як эксплуатавалі падчас той вайны розных жывёлаў, але апісваюць усё так, нібыта тыя жывёлы свядома ішлі ў бой і ўвогуле па клічу сэрца душылі фашысцкую гадзіну. І ўсё сваё жывёльнае жыццё толькі і марылі, што здзейсніць подзвіг.

«Жывёлы, якія прымалі ўдзел у баях за Радзіму, заўжды заставаліся адданымі сваім гаспадарам. Вымучаныя, стомленыя, напужаныя, раненыя – яны зноў станавіліся ў строй і ішлі насустрач Вялікай Перамозе».

«Разам з ваярамі на франтах вайны пралівалі кроў і нашыя меншыя браты: тысячы чацвераногіх і пярнатых герояў прымалі ўдзел у баях за Радзіму і ахвяравалі сабой дзеля агульнай Перамогі».

Рэагаваць на гэтае вар’яцтва прыстойна мне няпроста, бо хочацца заплюшчыць вочы, і каб усё гэта аказалася кепскім жартам ці дурным сном. Але не, супрацоўнікі заапарка, чыя праца – клапаціцца пра жывёлаў і літаральна ратаваць віды ад знікнення, – нахвальваюць эксплуатацыю жывёлаў падчас вайны.

Скрыншот паста з ТГ-каналу Гродзенскага заапарку
Скрыншот паста з ТГ-каналу Гродзенскага заапарку

Вы можаце сказаць, што іх прымусілі, але! У ідэалагічных разнарадках не прапісваюць, што менавіта трэба напісаць. Дапусцім, быў загад зрабіць нейкую колькасць пастоў з нагоды 9 траўня.

Адэкватныя людзі маглі напісаць, што ў мінулым, нажаль, жывёлаў вось выкарыстоўвалі і не цанілі іхнія жыцці. Што жывёлаў па-ранейшаму выкарыстоўваюць у войнах, і нам трэба лепей вучыць урокі гісторыі.

Што дзякуючы мірнаму небу над галавой мы можам клапаціцца пра жывёлаў і даць наступным нашым пакаленням шанец убачыць і жыць побач з рознымі відамі, якія цяпер пад пагрозай знікнення. Распавесці, як цяжка жывёлам на вайне.

Ну можна выканаць загад ідэолагаў і пры гэтым пазбегнуць «победобесия»! Але не, чалавек, які пісаў лухту пра «ахвяраванне сабой дзеля Перамогі», відаць, і праўда ў гэта верыць. Падобна, ён ці яна лічыць, што эксплуатацыя жывёлаў на вайне – гэта вельмі класна і нават у нечым рамантычна. І я, клянуся, не разумею, як гэта ўвогуле магчыма.

Памятаю, як у дзяцінстве не ўзлюбіла фільмы пра войны, бо там паміраюць коні. Ці было мне шкада пры гэтым людзей? Так, канечне, але для мяне заўжды існавала гэтая чырвоная лінія пад назвай свабода волі. Чалавек прымае рашэнне ісці на вайну, хай і пад ціскам самых розных абставінаў, а ў жывёлаў няма такой раскошы як права выбару.

І я разумею, што ёсць рацыянальныя тлумачэнні, чаму людзі вось так працягваюць эксплуатаваць жывёлаў, але адмаўляюся лічыць гэта нечым добрым, мілым і вартым цёплых успамінаў.

Жывёлы – адны з самых безабаронных і бяспраўных ахвяраў вайны. За апошняе стагоддзе шмат што змянілася ў падыходзе да войнаў, і шмат якіх відаў эксплуатацыі ўжо няма, дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу.

Але жывёлаў працягваюць калечыць і забіваць, і нам не трэба нават далёка хадзіць за прыкладамі – ва Украіне яны рэгулярна гінуць ад варожых расійскіх атак.

Я не ведаю, якія яшчэ словы патрэбныя, каб патлумачыць, чаму захапленне тым, што ў савецкай арміі жывёлаў выкарыстоўвалі як жывую выбухоўку – гэта нешта максімальна далёкае ад любові да міру.

Я не ведаю, што яшчэ сказаць, каб людзі, якія апранаюць у вайсковае жывёлаў і ўласных дзяцей, зразумелі, што з гэтым нешта не так.

«Ніколі зноў» не здарылася, у Еўропе зноў вялікая вайна, Расія імкнецца знішчыць Украіну, у Нямеччыне вялікі поспех на выбарах мае партыя «Альтэрнатыва для Германіі» з расісцкімі, антысеміцкімі і неанацысцкімі поглядамі.

Але хоць бы ад жывёлаў ужо адчапіліся, ну праўда…

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость