Месяц злодзеем глянуў з-за вольхі,
Загарэўся расой па атаве.
А хацеў я касіць яшчэ столькі,
К заўтру думаў пракосу не стане…
«Аршанскі маладняк» (1926-1927гг.)
Гэты верш напісаў беларускі доктар біялагічных навук, фізіёлаг раслін, заслужаны дзеяч навук Беларусі Міхаіл Ганчарык.
Праз шэсць гадоў пасля напісання яго арыштуюць і адправяць на дзесяць год у высылку ў Южлаг. А праз некалькі год пасля вызвалення арыштуюць яшчэ раз. Толькі ў 1956 Ганчарык будзе рэабілітаваны, а ў 1972 атрымае званне заслужанага дзеяча навукі.
Любоў да роднай зямлі…
Нарадзiўся Міхаіл Ганчарык у весцы Калінянкі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і ў 1899 годзе. Аукацыю пачаў у земскай пачатковай школе, потым вучыўся ў Iгуменскім вышейшым пачатковым вучылішчы, якое скончыў у 1914 годзе.
З малых лет Ганчарык дапамагаў весці гаспадарку. Улетку на вакацыях яны разам з бацькам працавалі ў полі, жалі жыта, касілі сена.
«І хаця працы ў полі заставалася многа, прышла пара ехаць мне на вучобу…», – адзначае ў сваіх успамінах біёлаг.
Гэта блізкасць да прыроды і паспрыяла таму, што ён абраў спецыяльнасць, якая звязвала яго з зямлёй і з працай на ёй, з тым, што ён бачыў з дзяцінства.
Ганчарык успамінае, што «з усіх спецыяльнасцей мяне больш за ўсе вабіла да сябе сельская гаспадарка, з якой я быў звязаны з малых год… Стаць аграномам зрабілася маёй марай».
Але не толькі гэта. Ягоныя пачуцці, светапогляд абаралі і другі накірунак, і знаходзілі адлюстраванне ў тых вершах якія пачаў пісаць юнак. Так, у 1914 годзе ў «Нашай Ніве» былі апублікаваны вершы Ганчарыка «Араты» і «Хмара».
З гора спяваючы песню маркотную,
Лейцы у руках мазалістых трымаючы,
Ціха ідзе ён за сошкай сагнуўшыся,
Долю сваю тут у полі шукаючы…
…З горкай нудою нідзе не разстаўшыся,
Шчасьця век цэлы у полі шукаючы,
С сошкай крывенькаю, с коскай сталёваю
Ходзіць, марнеіць, свой пот выліваючы
(Араты, «Наша ніва». М. Ландыш)
Універсітэцкае жыццё і грамадская дзейнасць
У 1916 Міхаіл Ганчарык спрабаваў паступіць у Горацкае земляробчае вучылішча, але не здаў уступныя іспыты. У наступным годзе ён зрабіў другую спробу, і на гэты раз паступіў.
Правучыўся там два гады, потым працягнуў вучобу у адноўленным Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце, які скончыў у 1924. За гэты час у інстытуце вучоны атрымае не толькі веды, але і новыя знаёмствы, і магчымасць праявіць сябе ў грамадскім жыцці, будзе ізбраны ў «Саюз навучэнцаў».
Аб сабе Ганчарык потым напіша, што с пачатку свайго навучання адчуваў сябе «дзеравенскім хлопцем, палітычна безграматным, паступова ў калектыве вучняў я пачаў далучацца да грамадскага жыцця, і прымаў актыўны ўдзел у грамадскай працы…»
Падчас вучобы лёс звёў яго з вядомым беларускім геолагам, географам, эканамістам Гаўрылам Гарэцкім, менавіта па ініцыятыве якога пазней была арганізавана «Беларуская секцыя навучэнцаў Горацкіх сельскагаспадарчых школ», адным з накірункаў якой было вывучэнне роднай мовы, гісторыі і культуры, і развіццё нацыянальнай свядомасці беларускага насельніцтва. Успаміны сведчаць, што Ганчарык быў знаёмы з пісьменнікам Змітраком Бядуляй, Міхаілам Кудзелькай (Міхась Чарот), кліматолагам і геафізікам, акадэмікам Аляксеем Кайгарадавым .
У аўтабіяграфіі навукоўца пазначана, што падчас навучання ён у тым ліку быў загадчыкам вучнеўскага клуба Горацкіх сярэдніх сельскагаспадарчых школ; працаваў у беларускім Нацыянальным камітэце па перакладах сельскагаспадарчай літаратуры на беларускую мову; быў прызначаны загадчыкам камуністычнага клуба імя Луначарскага пры Горацкім Інстытуце. У 1923 ездзіў у камандзроўку ў Маскву для падрыхтоўкі беларускага павільёна і працы ў ім на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы.
Па заканчэнні інстытута Міхаіл Ганчарык быў накіраваны ў Аршанскі акруговы аддзел народнай адукацыі. У той жа час ён працягнуў сваю пісьменніцкую справу і далучыўся да аршанскай філіі Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», кіраўніком якой з’яўляўся некаторы час (Прым. аўтара – Аб’яднанне беларускіх савецкіх пісьменнікаў, якое існавала з 1923 па 1928 гады). Яго творы друкаваліся ў часопісах «Вольная Беларусь», «Беларусь», «Аршанскі маладняк», «Рунь», «Зоркі».
Таксама вядома, што ён працаваў у студэнцкім часопісе «Дні нашага жыцця (1922-1923 гг.), «Голас рэвалюцыйнага студэнцтва» (1923-1924 гг.), «Бюлетэнь таварыстваў навуковых работнікаў Горацкага інстытута» (1923-1924 гг.).
Друкаваўся і ў газеце «Савецкая Беларусь», аб чым ёсць пасведчанне: «Гэтым сьведчыцца, што тав. М. Ганчарык запраўды зьяўляецца карэспандэнтам газэты “Савецкая Беларусь”, што подпісамі і прыкладам пячаткі сьведчыцца. Рэдактар газеты “Савецкая Беларусь” М. Кудзелька. Сэкратар З. Бядуля. Ад 9 жніўня 1923 г.»
Верш Міхаіла Ганчарыка «Усміхаючыся сонцу ў вочы», а таксама нарыс аб творчасці Максіма Багдановіча былі надрукаваны ў першым нумары часопіса «Аршанскі Маладняк».
Месяц злодзеем глянуў з-за вольхі,
Загарэўся расой па атаве.
А хацеў я касіць яшчэ столькі,
К заўтру думаў пракосу не стане.
На калесы асокі з чаротам
Налажыў і патонуў у сене;
Пакуль к вёсцы праеду балотам
Змрока холадам плечы адзене.
І аб купіны ляскаюць колы,
На ўсходзе мігнула зарніца,
У спакою, у думках паволі
Раньше з новым пракосам мне сьніцца.
«Аршанскі маладняк» Я. Сявец, (1926-1927)
Па сваёй працы давялося беларускаму біёлагу павандраваць па розных гарадах і краінах. Наведаў ён Харкаў, Севастопаль, Варонеж, Новачаркаск, Маскву, Кіеў, Санкт-Пецярбург.
Атрымаўшы пасаду асістэнта на кафедры фізіялогіі раслін Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, ён пабываў у Лейпцыгу, Берліне, Кенігсбергу, Гале, Йене.
І ўсе дзеля навукі і працы: «для ознакомления с физиологическими лабораториями высших школ Германии и для ознакомления с методами физиологических исследований, что и удостоверяется» (камандзіровачнае накіраванне ў Германію ад 24 верасня 1928 года).
У той жа час вучоны займаўся зборам матэрыяла аб мясцовых назвах раслін, які пазней быў выкарыстаны для састаўлення «Лацінска-руска-беларускага слоуніка назваў раслін» (Мінск, 1966 год).
«Увесь час я праводзіу збор выспеўшага насення розных раслін і траў з паметкай, дзе яно знойдзена».
У 1928 Міхаіл Ганчарык пачаў працаваць у Беларускай Акадэміі навук, дзе ўзначаліў кафедру батанікі, і аданачасова быў прызначаны дырэктарам Беларускай бульбяной станцыі ў Вялікай Сляпянцы пад Мінскам. Праз тры гады ён ужо займаў пасаду намесніка дырэктара Інстітута біялогіі Акадэмі навук БССР, а яшчэ праз два атрымаў званне прафесара.
Шматлікія веды і даследванні беларускага вучонага знайшлі адлюстраванне ў ягоных кнігах і навуковых працах, у тым ліку: «Аб культуры соі ў БССР» (1930), «Соя ў БССР: Вынікі навукова-даследчай работы за 1932 год», «Уплыў ультрафіялетавых праменняў на ўтварэнне антацыяніну ў раслінах» (1932), «Вучэнне Ч. Дарвіна і класавая барацьба вакол дарвінізму» (1932).
Імя Міхаіла Ганчарыка звязана таксама з Цэнтральным Батанічным садам НАН Беларусі, які знаходзіцца ў Менску. Вучоны прымаў непасрэдны ўдзел у яго стварэнні і планаванні.
Сад закладаўся у міжваенныя часы ў 1931–1940 гадах. І ёсць сведчанне, што «23 лютага 1931 г. на пасяджэнні Прэзідыума АН БССР (пратакол № 5) па пытанні аб арганізацыі батанічнага сада выступіў Міхаіл Мікалаевіч Ганчарык».
Цёмныя часы
1933 год. Шмат беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў былі арыштаваныя і рэпрэсаваныя. Не мінуў лес і Міхаіла Ганчарыка.
У верасні 1933 ён быў арыштаваны за «варожую дзейнасць» як сябра «контррэвалюцыйнай арганізацыі “Беларускі нацыянальны цэнтр”». І асуджаны на 10 гадоў. Гэты час ён правёў у высылцы ў папраўча-працоўным лагеры пры будаўніцтве Байкала- Амурскай магістралі, г. Свабодны, Южлаг.
«Я чакаў гэтага і лічыў заканамерным на фоне тых падзей, якія адбываліся з многімі маімі знаёмымі, што лічылі сябе беларусамі», – піша ў сваіх успамінах Ганчарык.
Вярнуўся з высылкі ён толькі ў 1947, і некалькі гадрў працаваў навуковым супрацоўнікам «Арлоўскай вопытнай бульбяной станцыі», пакуль у 1949 не быў зноў арыштаваны і высланы на Крайнюю Поўнач у горад Ігарку.
Але нават у цяжкіх умовах, знаходзячыся далёка ад роднай сям’і і радзімы, Ганчарык працягваў сваю дзейнасць. Ён праводзіў даследванні ўмоў палярнага земляробства; вырошчвання бульбы, капусты і іншых культур ва ўмовах Крайняй Поўначы. Быў прызначаны кіраўніком Ігарскай вопытнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы.
«За время своей работы на Игарской с-хоз опытной станции, тов. Гончарик проявил себя как дисциплинированный, инициативный и квалифицированный научный сотрудник… Выполнение за эти годы работы по изучению светового и минерального питания основных сельскохозяйственных культур Крайнего Севера имеет как теоретическое, так и практическое значение для дальнейшего развития сельского хозяйства на Крайнем Севере и Заполярье». (вытворчая характарыстыка, 1953 год, арфаграфія захаваная).
Вяртанне и прызнанне
Мiхаіл Ганчарык быў реабілітаваны ў 1956 годзе Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. Знайшоу працу ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе стаў старшым выкладчыкам. Праз два гады навуковец быў прыняты на працу ў Інстытут біялогіі АН БССР.
У 1960–1962 Ганчарык займаў пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута біялогіі АН БССР. Пазней узначаліваў лабараторыю фотасінтэзу Інстытута Эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, займаў пасаду дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі АН БССР, і працаваў там старшым навуковым кансультатнтам.
За гэты час пад кіраўніцтвам беларускага біёлага правяліся важныя даследванні, якія абгрунтавалі неабходнасць вытворчасці бясхлорных калійных угнаенняў для хлорафобных культур (бульба, грэчка, бабовыя, пладовыя). Гэтыя даследаванні леглі ў аснову манаграфіі «Фізіялагічны ўплыў іёнаў хлору на расліны» (1968).
За ўсё жыццё навуковец напісаў больш за 150 апублікаваных навучных прац. Сярод іх – «Уплыў экалагічных умоў на фізіялогію культурных раслін», «Фізіялогія і біяхімія бульбы», «Пытанні харчавання, росту і развіцця культурных раслін ва ўмовах Енісейскай Поўначы».
За свае навуковыя дасягненні і працу ён быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1972 годзе Міхаіл Ганчарык атрымаў званне Заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь.
Міхаіл Ганчарык памёр у 1986 годзе, пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.