Здарэнне адбылося 25 мая ў Бабруйску. Да мясцовага жыхара Сяргея Вароніча ў нядзелю раніцай забрыў лось, разагнаўся, прабіў акно на першым паверсе дома і пачаў кідацца па пакоях.
Ён моцна параніўся аб шкло, пазней лёг на ложак, дзе праз некалькі гадзін памёр ад страты крыві. Зоаабаронцы лічаць, што гаспадар жорстка абышоўся з жывёлай.
Падставай для іх заявы ў міліцыю стала відэа, якое з’явілася ў TikTok. На ім мужчына, паводле зоаабаронцаў, цягне мёртвага лася за ногі праз двор, а потым пнуў яго ў галаву (знайсці гэта відэа не ўдалося).
Аўтарка паста — карыстальніца пад нікам @priyut_dobrodetel_blr — расцаніла гэта як акт жорсткасці.
Яна таксама абурылася, што ўсё адбывалася на вачах у дзяцей, што, на яе думку, можа сфармаваць у іх «мадэль жорсткіх паводзін».
Наталля, гаспадыня дома, дзе адбылося здарэнне, у каментары выданню «Сильные Новости» расказала, што яны з мужам былі шакаваныя, калі даведаліся пра заяву — да іх прыйшоў следчы на апытанне.
Само відэа ім таксама паказалі. Жанчына распавядае, што знята яно здалёк, прыкладна са 100 метраў, і падпісана як «Гаспадар дома штурхнуў мёртвага лася, але яго можна зразумець».
Наталля кажа, што шакаваная заявай. Лось важыў каля 300 кілаграмаў, і ў адзіночку яго цягнуць не змог бы нават дарослы мужчына. На відэа трапіў момант, дзе муж падцягвае яго ў брамцы, калі ўжо ўсе выйшлі.
Па галаве лася ён таксама не біў — Наталля сцвярджае, што муж адсунуў нагой камень, што звычайна падпірае дзверы.
Наконт таго, што сведкамі сітуацыі сталі дзеці, бабруйчанка тлумачыць: яе дзеці ў той момант знаходзіліся ў суседзяў. Уласна, дзеці бачылі сцэну ўварвання лася ў пакой праз акно і былі сур'ёзна напалоханыя. Затое з усёй вуліцы збегліся суседскія дзеці — паглядзець, што адбываецца.
На думку Наталлі, гэта не віна яе сям'і, што тушу лася прыйшлося эвакуіраваць на вачах ва ўсёй вуліцы.
«Калі [зоаабаронцы] так перажываюць за лася, чаму нікуды не паскардзіліся, што ён тры гадзіны сцякаў крывёй?» — задаецца пытаннем жанчына.
Наталля з мужам нават разглядаюць, ці не падаць заяву ў адказ — за паклёп, але кажа, пакуль не да таго.