17.04.2025 / 08:04

Працягваем распавядаць пра гісторыю гародніны ў Беларусі. Гэтым разам наша гераіня – бульба.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Прачыталі кнігу этнографкі Любові Ракавай «Гісторыя на градках. Агародніцтва на Беларусі» і выпісалі для вас самае цікавае пра вырошчванне бульбы. Гэта працяг серыі пра агародныя культуры. Аб памідорах можна пачытаць тут, а пра капусту – тут.

Бульба трапіла ў Заходнюю Еўропу з Амерыкі ў XVI ст., а адтуль, у сваю чаргу, – на нашы землі пры карале польскім і вялікім князе літоўскім Аўгусце ІІІ (кіраваў у 1736–1763 гг.).

Гісторык Мікола Улашчык выказваў думку, што бульба ў Рэчы Паспалітай магла з’явіцца і раней. З 80-х гг. XVIII ст. бульбу садзілі ў магнацкіх гаспадарках, рэкамендуючы яе і сялянам.

Ужо на пачатку XIX ст. пра вялікія плошчы бульбы ў Гродзенскай губерні сведчыў вандроўнік Васіль Севяргін.

«Гродзенская губерня займала першае месца (у 60-я гг. XIX ст. - заўв. рэд.) ў Расійскай імперыі па колькасці перапрацаванай на спірт бульбы, а ўсе беларускія губерні давалі 25 % агульнага збору бульбы ў імперыі» – адзначае Любоў Ракава.

Хуткае распаўсюджванне бульбы ў Беларусі этнографка звязвае з пашырэннем вінакурэння (вырабу спіртавых напояў), для якога бульба была істотным відам сыравіны, і тым, што гэтая культура давала адносна добры ўраджай нават на малаўрадлівых глебах.

У пачатку XIX ст. акрамя «бульба» сустракаліся іншыя назвы гэтага віду гародніны: булба, курдопа, картошка, земнякі (уплыў польскай мовы), бараболя (дробная бульба); картопля, картохля, картофля (звязана з асаблівасцямі перадачы ў беларускіх гаворках літары «ф», якая прыйшла з грэцкай мовы праз царкоўнаславянскую і ў дыялектах адаптавалася па-рознаму; казалі, напрыклад, хвартух замест фартух, выкарыстоўвалі форму імя Піліп замест Філіп).

Спачатку бульбу сеялі пераважна ў гародах, яна не была палявой культурай, якой стала прыкладна ў сярэдзіне XIX ст. Да таго не было патрэбы ў вялікіх плошчах бульбы, бо сяляне яе вырошчвалі пераважна для асабістага спажывання, не на продаж, і амаль не выкарыстоўвалі на корм скаціне, як гэта было пазней.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Этнограф Павел Шпілеўскі пісаў пра вырошчванне бульбы на продаж у XIX ст. клецкімі мяшчанамі татарскага паходжання. Царская ўлада спрыяла пашырэнню пасеваў бульбы, заахвочваючы сялян грашовымі ўзнагародамі і медалямі. Такія дзеянні павінны былі спрыяць харчовай бяспецы на фоне недародаў збожжавых культур.

У казённых маёнтках пад новыя бульбяныя палі расчышчалі лясы і асушалі балоты. У Горы-Горыцкім сельскагаспадарчым інстытуце праводзілі даследаванні па павелічэнні ўраджайнасці бульбы.

У 40-х гг. XIX ст. былі вядомыя наступныя гатункі бульбы: Шасцітыднёвы, Маржалена, Каралеўскі, Альфа, Спаржавы. Троху пазней у гістарычных крыніцах з’явіліся звесткі пра Галандскую і Французскую бульбу. На пачатку ХХ ст. сустракаюцца згадкі гатункаў «Імператар», «Амерыканка», «Сілезія», «Вольтман», «Рускі».

Пасеяць бульбу імкнуліся да свята Міколы веснавога (22-га траўня, па старым стылі – 9-га). Казалі: «Хто картошкі пасадзіць прад Міколай, будзіць з картошкай».

Пасля Другой сусветнай вайны, калі не хапала бульбы на насенне, для пасадкі выкарыстоўвалі вярхушкі гародніны ці нават шалупінне з «вочкамі» (парасткамі).

Для вызначэння часу, калі бульбу можна капаць, існавалі спецыяльныя методы. Любоў Ракава піша: «Прыдатнай для ўборкі лічылі бульбу, у якой сцябліна пачала жаўцець, а выкапаная бульба лёгка страсалася з куста:  «Націна (бульбоўнік – рэд. ЗП) прасохла – пара капаць картоплю».

Яшчэ да поўнай уборкі бульбы сяляне «падшчупвалі» яе, дастаючы рукамі пры абмацванні каранёў найбольш буйныя клубні для спажывання ўлетку. Цікава, што такі спосаб нашы продкі ведалі яшчэ ў сярэдзіне XIX ст., а магчыма, і раней. Яго і сёння выкарыстоўваюць агароднікі».

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Капалі бульбу ў сухое надвор’е, уручную рыдлёўкамі ці віламі альбо разворваючы барозны плугам ці сахой. Выкінутыя на паверхню кусты абтрасалі, трымаючы за бульбоўнік (яго называлі таксама бульбашнік, цяўнік, картафлянік, бульбавенне, бульбянік, націна, бадыллё, гічаннік). Асноўная ўборка бульбы праводзілася з пачатку верасня да канца кастрычніка, але пачынаць капаць маглі ўжо з ліпеня.

У XIX ст. бульбу, як і іншую гародніну, захоўвалі ў кучах альбо ў ямах. Для кучы рабілі неглыбокую круглую яму з калом пасярэдзіне, дно якой высцілалі саломай. Насыпалі бульбу ў выглядзе невялікага кургана, які накрывалі саломай, мякінай ці сенам.

На кол вешалі распрасцёрты сноп саломы камлём даверху («крыша») і засыпалі разам з ёй зямлёй. Кол пасярод кучы забяспечваў вентыляцыю. Ямы для захоўвання гародніны выкопвалі не глыбей за два локці.

Лічыцца, што вялікая вага зверху псуе гародніну. Яму высцілалі саломай, бульбу клалі на яе радамі, перасыпаючы пяском. На апошні слой пяску зноў слалі салому і насыпалі пагорак з зямлі.

Вакол пракопвалі радок для сцёку вады. Узімку канструкцыю накрывалі гноем для абагрэву. Часам над ямай ставілі зруб са страхой. Ямы для захавання бульбы былі больш распаўсюджаны ў паўночнай і цэнтральнай Беларусі.

Любоў Ракава адзначае: «Агародніна, якая захоўвалася ў ямах, была свежай, сакавітай і смачнай увесну. У скляпах яна не толькі хутчэй псавалася, але і набывала спецыфічны непрыемны пах».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость